Кіраўнік аддзелу інфармацыйнай бясьпекі адной з буйных IT-кампаній пры ўмове ананімнасьці расказаў Свабодзе, што стала з мабільнай сувязьзю 25 сакавіка ў раёне Опэрнага тэатру паміж 12 і 19 гадзінамі. Спэцыяліст таксама быў у названы час у гэтым раёне і зазнаў нязручнасьці на сабе.
«25 сакавіка ля Опэрнага была сувязь, але зь вельмі нізкай хуткасьцю, — кажа ён. — Час ад часу яна ўвогуле перарывалася. Як быццам трапляеш у яму».
Тое самае адбывалася з тысячамі мабільнікаў удзельнікаў сьвята і журналістаў, якія спрабавалі перадаваць інфармацыю і адсылаць фота ў свае рэдакцыі, а таксама весьці жывую трансьляцыю зь месца сьвяткаваньняў. Не працавала нават адмысловае абсталяваньне для трансьляцый, разьлічанае на слабы сыгнал.
«Вышкі адключаліся дыстанцыйна»
«Мабільная сувязь каля Опэрнага банальна глушылася адключэньнем найбліжэйшых вышак, — кажа спэцыяліст. — Такая інфармацыя да мяне даходзіла. Людзі, якія працуюць у кампаніях — апэратарах мабільнай сувязі (калегі, так скажам), атрымалі заданьне адключыць пэўныя пункты на пэўны час».
Паводле экспэрта, адключыць вышкі мабільнай сувязі ў Менску можна дыстанцыйна. Для гэтага ня трэба прыходзіць і выключаць на ёй рубільнік. Усё робіцца з офісу, праз кампутар. Адключаецца перадача дадзеных, пакідаецца толькі сувязь для кіраваньня абсталяваньнем вышкі.
«Таксама існуюць тэхналёгіі, якія дазваляюць глушыць мабільную сувязь на пэўнай тэрыторыі без удзелу кампаніі-апэратара, — працягвае спэцыяліст. — Гэта дастаткова магутная апаратура. Аказвае ўзьдзеяньне ня толькі на радыёхвалі пэўнай частаты, але і на прылады, якія працуюць на падобных, блізкіх частотах».
На практыцы гэта азначае, што ў радыюсе некалькіх кварталаў пад узьдзеяньнем такога абсталяваньня будуць дрэнна працаваць тэлевізары, Wi-Fi і нават лядоўні. Таму для абмежаваньня магчымасьці карыстацца мабільнымі тэлефонамі прасьцей выкарыстаць варыянт з адключэньнем вышак.
«Гэта больш практычны спосаб, — кажа экспэрт. — Варыянт з уласным абсталяваньнем выкарыстоўваюць, калі сувязь трэба заглушыць хутка, гарантавана і бязь лішніх размоваў з прадстаўнікамі кампаніі-апэратара, на якія таксама патрэбен час. Альбо калі ўвогуле таемна гэта трэба зрабіць. Тады дастаткова аднаго грузавіка з апаратурай — і 2-3 кварталы будуць бяз сувязі».
Скаргаў на перабоі ў працы тэлевізараў і прыватных Wi-Fi-сетак у раёне Опэрнага 25 сакавіка не было. Затое гучалі меркаваньні, што праблема з мабільнай сувязьзю каля Опэрнага зьявілася празь вялікую колькасьць людзей, што прыйшлі сьвяткаваць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Экспэрт у галіне інфармацыйнай бясьпекі ставіцца да такой вэрсіі скептычна.
«Колькасьць людзей, якія зьбіраюцца ў адным месцы, таксама ўплывае на якасьць мабільнай сувязі, — кажа спэцыяліст. — Павялічваецца нагрузка на перадатчыкі, і найбліжэйшыя да вялікай колькасьці людзей вышкі не ўпраўляюцца з патокам дадзеных. Людзі звоняць, адсылаюць фота праз інтэрнэт, робяць стрымы. Аднак апэратары ўжо навучыліся гэта пераадольваць. Тэхналёгія QoS пераразьмяркоўвае трафік паміж некалькімі пунктамі. Яна дазваляе бачыць, які кантэнт і па якім канале сувязі прапускаць, якія пункты найбольш загружаныя, а якія ня вельмі».
Па словах спэцыяліста, такія тэхналёгіі працуюць у аўтаматычным рэжыме. Умяшаньне чалавека неабходнае толькі тады, калі нагрузка сапраўды гіганцкая.
«Апэратары даўно навучыліся спраўляцца з колькасьцю чалавек і ў 5 тысяч у адным месцы, і ў 10 тысяч, — кажа экспэрт. — Пляцоўка ля Опэрнага для іх дакладна не праблема».
«Узламалі ня сам дрон, а пульт кіраваньня»
25 сакавіка ў раёне Опэрнага тэатру зьніклі прынамсі два дроны, якія здымалі відэа для парталу TUT. BY і тэлеканалу «Белсат». Арганізатары канцэрту і мітынгу «Сьвята Незалежнасьці» дапусьцілі, што гэта адбылося праз хакерскую атаку.
«Дроны магчыма і перахапіць, і прымусова пасадзіць, — кажа спэцыяліст. — Усё залежыць ад мадэлі дрона, яго прашыўкі і абсталяваньня, якое працуе супраць дрона. Дроны старых мадэляў лёгка ўзламаць. Сучасныя складаней».
Па яго словах, шляхоў узлому бесьпілётнікаў два. Першы — узлом пульта кіраваньня дронам, другі — узлом самога дрона. Усё гэта робіцца на адлегласьці, ніхто за плячыма не стаіць. Дастаткова 200–300 мэтраў. Ідэальна — зьверху, аднак на роўнай пляцоўцы можна перахопліваць сыгналы з пульта і па гарызанталі.
«Сам дрон узломваюць, калі трэба перахапіць яго сыгнал, — кажа экспэрт. — Узломваецца дрон, блякуецца сыгнал, які ён дасылае на пульт кіраваньня. Затым яму дасылаюць свае сыгналы кіраваньня, якія дазваляюць пасадзіць бесьпілётнік побач з сабой».
У выпадку з узломам пульта кіраваньня ўсё нашмат прасьцей і эфэктыўней. З дапамогай адмысловага абсталяваньня блякуюцца сыгналы, якія апэратар дрона дасылае на свой бесьпілётнік. Пасьля гэтага квадракоптэр перастае «разумець», што яму рабіць, і спрабуе самастойна сесьці ў бліжэйшым зручным месцы.
«У гэтым выпадку дрон можна паспрабаваць „падмануць“, — гаворыць спэцыяліст. — Трэба яго „пераканаць“, што пульт узломшчыка — гэта яго „родны“ пульт кіраваньня. Калі гэта ўдасца зрабіць, то таксама можна кіраваць узламаным дронам і пасадзіць яго там, дзе трэба ўзломшчыку».
Па словах экспэрта, атака на пульт кіраваньня дрона апраўданая для новых мадэляў бесьпілётнікаў. У першую чаргу таму, што яны маюць добра зашыфраваныя каналы сувязі з боку дрона, і іх пульт узламаць значна прасьцей.
«У выпадку з тым дронам, які ўдалося ўратаваць 25 сакавіка, хутчэй за ўсё, была менавіта такая сытуацыя, — мяркуе спэцыяліст. — Узломшчыкам не ўдалося займець кантроль над самім дронам, яны здолелі ўзламаць толькі пульт. Пра гэта сьведчыць і тое, што апэратар страціў сувязь са спадарожнікамі сыстэмы GPS. Сыгнал зь іх ідзе менавіта на пульт кіраваньня, а потым ужо перадаецца на дрон».
Па словах спэцыяліста, сфатаграфаваная на даху «дома Чыжа» прылада вельмі нагадвае скіраваную Wi-Fi антэну, якую можна выкарыстоўваць у тым ліку для ўзлому пульта кіраваньня дрона.
«Такая антэна нагадвае тэлескоп, я сам імі карыстаўся, — кажа спэцыяліст. — Яны „б’юць“ нават на 5 кілямэтраў. На адлегласьці 2 кілямэтры сыгнал увогуле выдатны».
Прадстаўнікі мабільных апэратараў адмаўляюць адключэньне сувязі ў раёне Опэрнага тэатру з 12 да 19 гадзіны 25 сакавіка.
Па інфармацыі Свабоды, такія ж праблемы з сувязьзю 25 сакавіка ўзьніклі каля 11-й гадзіны ў раёне, дзе жыве Мікалай Статкевіч. Акурат у гэты час адбывалася затрыманьне палітыка.
Па стане на 4 красавіка дроны, якія здымалі відэа для парталу TUT. BY і тэлеканалу «Белсат», уладальнікам не вярнулі. Яны зьвярнуліся з заявамі аб крадзяжы абсталяваньня ў міліцыю.