Ці хоць камусьці вярнулі бесьпілётнікі, зьніклыя на мітынгу-канцэрце 25 сакавіка, невядома. Tut.by і «Белсат» не атрымалі апаратаў назад. Праваахоўнікі не давалі публічных камэнтароў пра зьніклыя дроны.
Пра гэта Свабодзе расказаў арганізатар сьвята 25 сакавіка ў Менску Антон Матолька.
Раней арганізатары «Сьвята Незалежнасьці» паведамлялі, што 25 сакавіка ля Опэрнага тэатру зьнікла каля дзясятка бесьпілётнікаў журналістаў і наведнікаў. Антон Матолька ад імя арганізатараў заяўляў, што дроны зьніклі ня проста так — іх наўмысна зганялі; дапускаў, што праз хакерскую атаку.
У Беларускай асацыяцыі бесьпілётнай авіяцыі Свабодзе растлумачылі, што цалкам перахапіць кіраваньне дронам практычна немагчыма, але можна ўчыніць перашкоды палётам, глушыць сыгнал. Ці былі перашкоды наўмыснымі, у БФБА ня ўпэўненыя: на сьвяце адначасова запускалі шмат дронаў, пад імі было шмат людзей з тэлефонамі, гэта магло замінаць дронам. Тое, што дронаў было шмат адначасова, у БФБА назвалі небясьпечнымі і безадказнымі паводзінамі апэратараў. Матолька прызнаваў, што арганізатары не пасьпелі зладзіць адзіны цэнтар каардынацыі палётаў дронаў, хоць зьбіраліся.
Дрон апэратара Свабоды на сьвяце раптоўна страціў сувязь са спадарожнікамі і паляцеў прэч, але праз пэўны час аднавіў сувязь і вярнуўся.
Дзе цяпер знаходзяцца зьніклыя дроны, невядома.
Рэдактар відэааддзелу Tut.by Алег Ануфрыенка пацьвердзіў Свабодзе, што іхны дрон пакуль не вярнулі.
«Мы тэлефанавалі па ўсіх сілавых структурах, але там кажуць, што ў іх нічога няма», — дадае Ануфрыенка.
Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак таксама кажа Свабодзе, што бесьпілётнік тэлеканалу не вярнулі:
«Пакуль ціха ў гэтым пытаньні. Сёньня ўласьнік дрона напіша заяву пра крадзеж, да таго была заява з просьбай паспрыяць у пошуку, але ніякіх вынікаў няма. Я ня чуў, каб камусьці вярталі дроны», — расказвае Мінчонак.
Але Матолька, які каардынаваў пошукі дронаў, пісаў у Twitter, што яму вядома толькі пра двух чалавек, якім не вярнулі апараты, больш зьвестак ён на сёньня ня мае.
«Аб прычынах перахопу не магу нічога сьцьвярджаць, — кажа Матолька. — У мяне ёсьць толькі надзея, што гэта было зроблена зь меркаваньняў бясьпекі людзей».