Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прапагандысцкае нагнятаньне». Украінскі гісторык пра расейскае выданьне зборніку дакумэнтаў «Забойцы Хатыні»


Хатынскі мэмарыял
Хатынскі мэмарыял

22 сакавіка спаўняецца 75 гадоў Хатынскай трагедыі, калі нацысцкі карны атрад спаліў жыўцом і расстраляў 149 жыхароў вёскі Хатынь на Лагойшчыне.

Як адзначаў у свой час судзьдзя ваеннага трыбуналу Беларускай вайсковай акругі Віктар Глазкоў, які ў 1986 годзе вёў справу Хатыні, такім чынам нацысты помсьцілі за гібель свайго знакамітага афіцэра Ганса Ота Вэльке — алімпійскага чэмпіёна Нямеччыны ў лёгкай атлетыцы (Гітлер лічыў ягоны сусьветны рэкорд у штурханьні ядра на Алімпіядзе 1936 году асабістым падарункам).

22 сакавіка 1943 году па дарозе ў Менск партызаны расстралялі легкавы аўтамабіль Ганса Вэльке і дзьве машыны ягонага суправаджэньня. У адказ на гібель «любімчыка Гітлера» карны батальён СС пад камандаваньнем Дырлевангера, які вызначаўся найбольшай жорсткасьцю, цалкам зьнішчыў найбліжэйшую да месца здарэньня вёску Хатынь.

Такой вэрсіі тагачасных падзей прытрымліваюцца і ў мэмарыяльным комплексе «Хатынь». Але да яе прызнаньня пэрыядычна савецкія гісторыкі згадвалі асаблівую ролю ў гэтай трагедыі ўкраінскіх нацыяналістаў. У той час немцы для барацьбы з партызанамі ў Беларусі перадысьлякавалі ў Плешчаніцкі раён 118-ы паліцэйскі батальён. Яго называлі ўкраінскім па месцы фармаваньня. Ягоныя вайскоўцы таксама бралі ўдзел у зьнішчэньні Хатыні, але нават у савецкі час не змаглі давесьці сувязь гэтага батальёну з украінскімі нацыяналістычнымі арганізацыямі.

5 мітаў савецкіх часоў пра трагедыю Хатыні і мэмарыял спаленым беларускім вёскам

Цяпер жа, якраз напярэдадні 75-годзьдзя Хатынскай трагедыі, у расейскім выдавецтве выдалі зборнік дакумэнтаў «Забойцы Хатыні: 118-ы ўкраінскі батальён ахоўнай паліцыі ў Беларусі, 1943-1944 гады». Выданьне супольна падрыхтавана да друку Нацыянальным архівам Беларусі, Цэнтральным архівам КДБ Беларусі, Інстытутам расейскай гісторыі РАН і фондам «Гістарычная памяць». Паводле галоўнага рэдактара выдавецтва, гэта першая гісторыя забойцаў Хатыні, якімі ёсьць украінскія нацыяналісты.

Гісторыя як інструмэнт у савецкай і расейскай палітыцы

Продаж гэтага зборніка распачнецца неўзабаве, але яго ўжо прэзэнтавалі ў Менску. Якімі вэрсіямі Хатынскай трагедыі апэлююць украінскія гісторыкі і навошта зараз у Расеі пачалі дыскусіі пра ўкраінскіх нацыяналістаў? Свабода пагутарыла з украінскім гісторыкам, кандыдатам гістарычных навук Іванам Дзярэйкам.

— Падзеі ў Хатыні досыць шырока дасьледаваліся, як гісторыкамі, так і яшчэ савецкімі сьледчымі органамі. Усё, што можна было падняць, — даўно вывучана, а храналёгія падзей адсочаная практычна па сэкундах. Вялося сьледзтва адразу пасьля вайны, калі судзілі затрыманых салдат гэтага 118-га батальёна, затым паўторна ў канцы 60-х, у 70-я і ў 1986 годзе. Гісторыя Хатыні была паднятая на шчыт савецкай прапаганды як найбольш знакавае сьведчаньне злачынстваў нацызму на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Чаму менавіта Хатынь, хоць былі і значна больш маштабныя, паказальныя і жорсткія трагедыі такога пляну? Напрыклад, ва Ўкраіне нацысты спалілі сяло Карукаўка (на Чарнігаўшчыне), дзе было зьнішчана амаль сем тысяч цывільных. У Хатыні гаворка ідзе пра сотні ахвяраў, але савецкая прапаганда пэдалявала менавіта на беларускай вёсцы. Магчыма, таму, што назва вёскі сугучная з Катыньню, і такім чынам спрабавалі распыліць гісторыю з расстрэлам польскіх ваеннапалонных, якую ўздымалі польскія эміграцыйныя колы і Злучаныя Штаты як тэму злачынстваў сталінізму.

Іван Дзярэйка
Іван Дзярэйка

Гісторыю з удзелам украінцаў у падзеях у Хатыні спрабавалі выкарыстаць і ў савецкія часы ў прапагандысцкіх мэтах, каб ачарніць менавіта ўкраінскіх нацыяналістаў. Інструмэнтальнае выкарыстаньне гісторыі — гэта наагул знакавая і сталая рыса савецкага рэжыму і, як мы бачым, у сучаснай Расеі. Але ў савецкія часы гэта ўсё грунтавалася на досыць канкрэтным сьледчым матэрыяле і справа насамрэч ня выйшла на ўзровень сур’ёзнага абвінавачваньня менавіта нацыяналістычных арганізацый.

Ці быў 118-ы батальён украінскім?

— Якім чынам быў сфармаваны 118-ы батальён? Там былі толькі ўкраінцы?

— У аснове гэтага батальёну была рота нацыяналістаў так званага Букавінскага кураня, але асноўная маса байцоў і афіцэраў на момант Хатынскай трагедыі — гэта ўжо былыя салдаты і афіцэры Савецкай арміі. Аб спробах прапагандысцкага выкарыстаньня гэтай гісторыі гаварыў яшчэ пракурор у гэтай справе. У адным са сваіх інтэрвію ён расказаў, як яго схілялі да таго, каб у абвінаваўчым заключэньні назваць адказнымі менавіта бандэраўцаў, але ён адмовіўся гэта рабіць пры адсутнасьці доказнага матэрыялу. Гаворка, у прыватнасьці, ішла пра справу начальніка штабу гэтага батальёну Рыгора Васюру, які наагул ня меў дачыненьня да нацыяналістычных арганізацый. Ён быў афіцэрам Савецкай арміі, а зь лягера ваеннапалонных пайшоў добраахвотнікам на службу да нацыстаў. Гэта значыць, нацыяналістычны сьлед у прынцыпе разглядаўся і ў Савецкім Саюзе, але занадта вялікага прапагандысцкага эфэкту не было.

Гітлер нацкоўваў народы. Тое ж робяць цяпер улады Расеі

У гады вайны Гітлер мэтанакіравана нацкоўваў народы, і таму на акупаванай тэрыторыі Беларусі сапраўды было шмат паліцэйскіх фармаваньняў з суседніх краінаў. Так сама ва Ўкраіну заводзіліся акупацыйныя фармаваньні з расейцаў, палякаў і гэтак далей, ствараючы напружаньне паміж імі для дасягненьня ўласных імпэрскіх мэтаў. І Пуцін цяпер робіць тое ж у прапагандысцкім пляне — усё ў рамках звычайнай палітыкі «падзяляй і ўладар». Таму ў Расеі этнічная прыкмета зноў стае ключавою.То бок гаворка ідзе, па сутнасьці, пра страўліваньне розных народаў. І гэты расейскі зборнік у гэтым жа ключы, калі пэдалююцца злачынствы ўкраінцаў супраць беларусаў. Гэта характэрная рыса паразытаваньня, уласна, цяперашняй расейскай ідэалёгіі на тэме Другой сусьветнай вайны. Па сутнасьці, гэта самы просты спосаб мабілізацыі насельніцтва, маўляў «Вокруг враги, сплотимся вокруг вождя!». Яшчэ дзесяць гадоў таму выходзілі выдатныя працы расейскіх гісторыкаў, якія цікавіліся сваёй уласнай гісторыяй, выходзілі кнігі «Рускія эсэсаўцы», «Рускія эсэсаўцы ў баі», «Руская паліцыя». Гэта значыць, Расея займалася расейскай гісторыяй, для іх тады гэта было актуальна і цікава, яны дасьледавалі ўдзел сваіх грамадзян у той вайне на баку ворага. Зараз расейцам значна цікавей дасьледаваць «А што там у хахлоў?»

— Што адбылося ў Хатыні на самой справе ў сакавіку 1943 году і ці ёсьць шанец, што знойдзены новыя дакумэнты, якія могуць перавярнуць папярэднія вэрсіі трагедыі?

— Абставіны самой трагедыі досыць дэталёва расьсьледаваныя, ёсьць матэрыялы савецкіх і нямецкіх органаў. Гэта значыць, што сапраўды вёску, у якую адступілі партызаны, штурмавала баявая група ўкраінскага батальёну. Чаму ўкраінскага? Таму што ён быў сфармаваны ва Ўкраіне, але этнічна ён быў неаднародным. У працэсе вярбоўкі савецкіх ваеннапалонных там нават у сьпісе прозьвішчаў салдат батальёну ёсьць і расейскія, і армянскія прозьвішчы... Салдаты, якія выжылі, нават распавядалі пра габрэяў, для якіх гэта стала адзінай магчымасьцю выжыць у нацысцкіх лягерах, сказаўшы, што яны ўкраінцы, і ўцячы зь лягера. Гэта зусім іншае вымярэньне гісторыі, а яе этнічны складнік, калі і адыграе ролю, то ўжо не настолькі радыкальна. Зьнішчыў вёску непасрэдна спэцыяльны батальён Оскара Дырлевангера — гэта таксама дастаткова дасьледавана. Адзінае, што ў працэсе абвінавачаньня Рыгора Васюры некаторыя ягоныя былыя паплечнікі сьведчылі супраць яго даволі радыкальна, сьцьвярджаючы, што той, начальнік штабу, сядзеў за кулямётам і сам расстрэльваў цывільнае насельніцтва, а немцы быццам ні пры чым. Васюра ў сваю чаргу на працэсе досыць востра заяўляў, што ўсё гэта хлусьня, а тыя сьведчаньні — вынік запалохваньня і спроба такім чынам сябе выратаваць. Ёсьць адпаведныя дакумэнты і пратаколы.

Ілюстрацыйнае фота. Зводка дзённых баёў батальёна СС Дырлевангера
Ілюстрацыйнае фота. Зводка дзённых баёў батальёна СС Дырлевангера

Расея цяпер вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны

— Які рэзананс можа выклікаць выданьне пра забойцаў Хатыні ў расейскай вэрсіі і як можа адбіцца такая артыкуляцыя вінаватасьці ўкраінскіх нацыяналістаў на стаўленьні беларусаў да ўкраінцаў?

— Мне здаецца, пытаньне ў тым, ці будуць гэта выкарыстоўваць беларускія ўлады і наколькі гэта будзе раскручвацца менавіта ўладай. Бо ў гістарычным асяродзьдзі ўсё даўно вядома, перажавана і перажыта. Мяркуючы па тых анатацыях, якія я бачыў у інтэрнэце да гэтага зборніка, я сумняваюся, што сярод 150 дакумэнтаў апублікавана хоць нешта новае і можа зьявіцца новы прадмет для размовы. Тут пытаньне ў ідэалягічным пэдаляваньні ў пэўны гістарычны момант, які мы цяпер перажываем у дачыненьнях Украіны з Расеяй, калі Расея вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны і паралельна расейскія гісторыкі раптам зацікавіліся «злачынствамі ўкраінцаў» у Другой сусьветнай вайне. У свой час я размаўляў зь беларускімі гісторыкамі, пісаў рэцэнзіі на артыкулы гэтага пляну — усё даўно абмеркавана, усё даўно вядома. Наколькі гэтае пытаньне будзе раскручвацца для шырокай грамадзкасьці — гэта ўжо пытаньне да беларускай улады.

— Але ж у падрыхтоўцы гэтага выданьня бралі ўдзел і беларускія гісторыкі.

— Я ня думаю, што на гэтым этапе беларусаў можна вінаваціць у калябарацыі. Ім не забаронена супраца з расейскімі гісторыкамі. Яны супрацоўнічаюць. Справа гэтая шматтомная, і знайсьці дакумэнты не праблема. Але яшчэ ніхто не апублікаваў усе гэтыя матэрыялы сьледчых і судовых спраў у поўным абʼёме.

— Мяркуеце, мае месца выбарачны падыход да дакумэнтаў для публікацыі?

​— У любой абʼектыўнай працы гісторыка прысутнічае выбарчы падыход, бо нельга ў адну кнігу ўціснуць сапраўды шматтомную справу. І вядома ж, гісторыкі выбіраюць тое, што яны лічаць найбольш актуальным, у пэўных умовах адказваюць на запатрабаваньне грамадзтва або выконваюць устаноўку сваёй улады, якая дыктуе, што будзе актуальным і прынясе грошы. У дадзеным выпадку «вушы тырчаць» вельмі адназначна, бо адзін з аўтараў зборніка ў сваёй публікацыі ў «Фэйсбуку» наўпрост прывязвае ўсё да сучасных падзей, нават выкарыстоўваючы ўкраінскія словы. Аднак, такое прапагандысцкае нагнятаньне цалкам не дапушчальнае ў акадэмічным асяродзьдзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG