Валера Білібуху другі раз запар абралі дэпутатам Першамайскага савету Бярозаўскага раёну. Паводле папярэдніх дадзеных, гэта адзіны прадстаўнік дэмакратычнай апазыцыі, якога абралі дэпутатам па выніках мясцовых выбараў.
Валер Білібуха працуе лесарубам у лясьніцтве. У 2013 годзе ён пазнаёміўся з Паўлам Севярынцам, які адбываў тады пакараньне «на хіміі» ў суседнім Пружанскім раёне, і далучыўся да аргкамітэту па стварэньні Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.
— Як людзі ў вёсцы паставіліся да вашага пераабраньня?
— Цудоўна, во адбіваюся ад тэлефанаваньняў, усе віншуюць. Хаця, папраўдзе, я і не сумняваўся, што ў сельсавет буду абраны. Бо я ж ведаю, што тут большасьць людзей за мяне. А як жа ўлады падмануць іх, калі кожнага потым можам апытаць, і скаргі скласьці, і запатрабаваць адкліканьня сфальсыфікаванага дэпутата... Мэханізмаў шмат, таму і пабаяліся нешта рабіць. Дый мае сябры былі і ў камісіі, і ў назіраньні. Я ж усім дзякую за давер, што чарговы раз мне аказалі. Не чыноўнікам дзякую, а людзям, вяскоўцам.
— Ці адчувалі вы нейкія перашкоды ў часе выбараў?
— Канечне, ужо адразу на пачатковым этапе выбарчай кампаніі я гэта адчуў, калі мне зьмянілі межы акругі, адабралі дзьве вуліцы з моладзьдзю і далі ўзамен адну. Я разумеў, што пачынаецца кулюарная валтузьня. Потым укід быў у райгазэце — аблівалі брудам. Потым падкінулі мне канкурэнта, хоць астатнія ішлі безальтэрнатыўна. Рабілі ўсё, каб напаскудзіць.
— Што для вас значыць дэпутацкі мандат? Ён неяк вам дапамагае?
— Натуральна! Будзем далей вырашаць праблемы выбарцаў, бо іх мора. А на дэпутацкія запыты ўсё ж актыўней рэагуюць. У нас жа выбарцы не ідуць да тых «прызначаных» дэпутатаў-чыноўнікаў, якія нічога не вырашалі і вырашаць ня будуць. Яны ідуць да мяне, таму што я не зьбіраюся быць «зручным» для нейкіх чыноўнікаў. І ніводзін чалавек зь нейкай просьбай ня будзе адкінуты ўбок.
Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог
— Падзяліцеся, якія пляны маеце надалей як дэпутат?
— Першае пытаньне — гэта вясковыя дарогі. Напрыканцы 2017 году мы з выбарцамі чарговы раз патрабавалі, каб іх добраўпарадкавалі, нам адказалі, што на 2018 год рамонт дарог уключаны ў плян. Будзем кантраляваць, каб гэты плян быў выкананы.
Другое вельмі вострае пытаньне — праблема зь якасьцю пітной вады ў Кабаках. Гэтую праблему мы ўжо раней уздымалі, ладзілі збор подпісаў, сходы. У выніку нават дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў уключаў у сваю праграму будаўніцтва станцыі абезжалезваньня. Паабяцаў, што ў 2020 годзе будзе пабудаваная гэтая станцыя, але да таго часу і яго тэрмін дэпутацтва сыходзіць.
Таму будзем дабівацца вырашэньня гэтай праблемы, бо так не выпадае. Мы плацім як за чыстую ваду, а атрымліваем тэхнічную.
Таму маўчаць ня будзем, бо нічога ня зрушыцца. Я сваю задачу бачу як пасярэдніка паміж выбарцамі і выканаўчай уладай. Калі выбарцы маюць нейкія праблемы, то менавіта я павінен першым патрабаваць ад выканаўчай улады выкананьня просьбаў грамадзян. А «прызначаныя» дэпутаты і пальцам за людзей не варухнуць, яны толькі і азіраюцца на выканкам.
Валер Білібуха нарадзіўся ў 1969 годзе ў Кабаках Бярозаўскага раёну. Доўгі час працаваў загадчыкам фэрмы саўгасу «Бярозаўскае» ў вёсцы Жычын. Цяпер вальшчык лесу ў Кабакоўскім лясьніцтве. Валер Білібуха — стараста вёскі Жычын. У 2014 годзе ўпершыню быў абраны дэпутатам Першамайскага сельсавету.
Неаднойчы быў героем рэпартажаў Свабоды.
Апазыцыйны дэпутат — вальшчык лесу: «А што мне губляць? Забяруць пілу?»