Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзейныя дэпутаты зноў балятуюцца на мясцовых выбарах. Тры гісторыі з рэгіёнаў


Агітацыйны стэнд у Круглым
Агітацыйны стэнд у Круглым

Паводле старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, амаль палова кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў ужо зʼяўляюцца дзейнымі дэпутатамі. Свабода пацікавілася ў некаторых прэтэндэнтаў, навошта яны зноў ідуць у дэпутаты.

Прадпрымальнік з Магілёўшчыны ідзе ў дэпутаты трэці раз: «Часам чалавеку можна дапамагчы і словам»

Прадпрымальнік з Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці Міхаіл Кузьмянкоў зьбіраецца стаць дэпутатам райсавету трэці раз.

«Іду ў дэпутаты, каб дапамагаць людзям і раёну — кажа ён. — Хоцімскі раён бедны, грошай тут ня дужа шмат, таму, чым магу, тым і дапамагаю людзям: ці то зрабіць дэпутацкі запыт, ці нешта іншае. Часам чалавеку можна дапамагчы і словам», — тлумачыць сваё разуменьне дэпутацкай дзейнасьці Міхаіл Кузьмянкоў.

У зьвестках акруговай выбарчай камісіі адзначана, што Кузьмянкоў беспартыйны. Ён уладальнік прыватнага прадпрыемства. Канкурэнтаў у барацьбе за мандат дэпутата ў яго няма.

«Я ж разумею, што адзін чалавек многа ня зробіць, і толькі разам мы гатовыя да вялікіх зьдзяйсьненьняў. Дэпутат мусіць падказваць ды тлумачыць», — кажа вылучэнец на дэпутацтва.

На ягоную думку, паўнамоцтваў у дэпутата райсавету дастаткова. Ён лічыць, што мясцоваму савету не абавязкова мець уласны бюджэт для ажыцьцяўленьня сваіх абавязкаў. Сваю пазыцыю Кузьмянкоў аргумэнтаваў тым, што ёсьць арганізацыі, якія, паводле сваіх функцыяў, павінны валодаць фінансамі, і, калі да іх прыйдзе дэпутацкі запыт, то яны дапамогуць грамадзяніну ў яго праблеме.

Міхаіл Кузьмянкоў апавёў, што пайшоў у дэпутаты, натхніўшыся чыннасьцю мясцовага праваслаўнага сьвятара Кірыла, які «адрэстаўраваў храм і цяпер хоча павесіць на ім шасьціпудовы звон».

«І я таксама мушу нешта падобнае зрабіць у гэтым сьвеце», — падсумаваў сваю гутарку з карэспандэнтам Свабоды хоцімскі дэпутат са стажам Міхаіл Кузьмянкоў.

Хоцімск, архінае фота
Хоцімск, архінае фота

Апазыцыянэр зь Берасьцейшчыны: «Як яны сфальсыфікуюць выбары, калі ў кожнага можна спытаць, хто як галасаваў?»

У Бярозаўскім раёне на Берасьцейшчыне кандыдатам у дэпутаты райсавету і Першамайскага сельсавету зарэгістраваны сябра аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Валер Білібуха. Ён — дзейсны дэпутат сельсавету.

На пытаньне, навошта Валеру дэпутацтва, ён адказвае, што гэта дапамагае яму вырашаць некаторыя праблемы вяскоўцаў.

«Я ж даўно, яшчэ да дэпутацтва, зьяўляюся старастам вёскі Жычын. Таму мне даводзілася займацца тымі ці іншымі пытаньнямі, якія хвалююць людзей. Але дэпутацкі мандат дазваляе гэтыя праблемы вырашаць больш якасна. Напрыклад, дзякуючы майму дэпутацкаму звароту ў Берасьцейскі аблвыканкам вырашалася праблема рамонту дарог у вёсках у маёй акрузе», — растлумачыў Валер Білібуха.

Пра праблемы, вырашэньнем якіх займаўся Білібуха, неаднаразова пісала і Свабода — гэта і рамонт вясковых дарог, і якасьць пітной вады, і асушэньне мясцовага балота.

Валер Білібуха
Валер Білібуха

Валер Білібуха працуе звычайным вальшчыкам лесу. Нягледзячы на «нязручнасьць» такога дэпутата для чыноўнікаў, яго ізноў зарэгістравалі кандыдатам. Аднак, па словах суразмоўцы, яму «спрабуюць ускладніць выбары».

«На маёй акрузе ў сельсавеце зьмянілі межы. Перакінулі тры мае вуліцы, дзе шмат моладзі, у іншую акругу, а мне дадалі адну вуліцу з пэнсіянэрамі. Людзі нават зварот пісалі і подпісы сабралі ў выбарчую камісію, каб вярнулі іх на маю акругу, але атрымалі адпіску,» — кажа Валер Білібуха.

Тым ня меней, кандыдат перакананы, што ён ізноў будзе абраны ў сваім сельсавеце, «бо як жа яны тут сфальсыфікуюць, калі ў кожнага выбарніка можна потым спытаць, хто як галасаваў».

Спроба чацьвёртай кадэнцыі дырэктара ЖКГ з Гомлі: «Штогод маю прыкладна сотню зваротаў»

Бадай, самы дасьведчаны дэпутат у паўмільённым Гомелі Віктар Кулага, 58-гадовы генэральны дырэктар прадпрыемства «Гомельская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка». Сёлета ён чацьвёрты раз запар прэтэндуе на мандат дэпутата гарадзкога савету, зарэгістраваны кандыдатам ў Юбілейнай акрузе № 3.

— Віктар Андрэевіч, у вас і без таго клопатная праца. Простае пытаньне: навошта гэта вам?

— Гэта мая грамадзянская пазыцыя. Я нарадзіўся, вырас, вучыўся ў Гомелі, тут жывуць мае дзеці і ўнукі. Лічу сваім абавязкам ствараць нармальныя ўмовы для людзей, якія побач. Гэта шырокі комплекс жыльлёвых і камунальных паслуг: цяпло, вада, транспарт, жыльлё, двары, вуліцы, чысьціня і ўтульнасьць гораду. Мая праца наўпрост зьвязана з гараджанамі, зь іх побытавымі праблемамі, а гараджане яшчэ і выбарнікі. Я зь імі кантактую, на прыкладзе акругі бачу і агульнагарадзкія праблемы. Калі можаш рэальна дапамагчы людзям, то чаму б не зрабіць гэтага?

— Хіба ж у дэпутата гарадзкога савету больш магчымасьцяў, чымсьці ў дырэктара ЖКГ?

— Дэпутаты зацьвярджаюць гарадзкі бюджэт, яго разьмеркаваньне і папаўненьне. Без дэпутацкага мандату я ня мог бы паўплываць на разьмеркаваньне фінансаў у камунальную гаспадарку. Летась, да прыкладу, выдаткі на капітальны рамонт жыльля павялічаныя на 18%, на ўпарадкаваньне гораду — на 30%.

— Што вам удалося зрабіць ў сваёй Юбілейнай выбарчай акрузе за час дэпутацтва?

— У сваёй акрузе, як і ва ўсім горадзе, мы ўзяліся за добраўпарадкаваньне дваравых тэрыторыяў каля шматкватэрных дамоў, аздабленьне дзіцячых пляцовак. Прывялі ў парадак магістральныя вуліцы, цяпер парадкуем падʼезды да іх. Заасфальтавалі ў горадзе 130 вуліц — яны ня мелі цьвёрдага пакрыцьця.

Няхай не выглядае пахвальбою, але па выніках 2016 году Гомель прызнаны лепшым у краіне абласным горадам па санітарным стане і добраўпарадкаваньні. 70% у вызначэньні «лепшы» — гэта менавіта паказьнікі камунальнай гаспадаркі. Вось тут прызнаюся, што частку грашовай прэміі нашай гарадзкой гаспадарцы за першае месца накіравалі акурат у маю выбарчую акругу.

— Як часта да вас зьвяртаюцца выбарцы і зь якімі праблемамі?

— Штогод маю прыкладна сотню зваротаў. Гэта найперш пытаньні, датычныя канкрэтных спраў камунальных службаў, уключна і скаргі. Багата просьбаў наконт працаўладкаваньня. Па магчымасьці, дапамагаю.

— Заяўлена ўжо пра падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі. Ці не зашкодзіць гэта вам у выбарчай кампаніі?

— Вядома, што тарыфы на капітальны рамонт падвысяцца ў межах 5%. Кошты на водазабесьпячэньне і адвод, на падагрэў вады, тэхабслугоўваньне ды іншае яшчэ не зацьвердзіў абласны савет. Ведаю толькі, што ў «вольнае плаваньне» іх не адпускаюць — дзяржавай вызначана абмежаваньне. Як усё гэта паўплывае на выбарчую актыўнасьць насельніцтва, прагназаваць не бяруся, бо складнікаў гэтай актыўнасьці значна больш, чымсьці адны тарыфы.

«Самыя сумныя мясцовыя выбары». Каго з апазыцыі зарэгістравалі кандыдатамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG