Толькі праз тыдзень пасьля старту ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў у скарбонцы зборнай Беларусі зьявіўся першы мэдаль.
Не падманулі чаканьняў заўзятараў фрыстайлісткі. Алімпійскай чэмпіёнкай Пхёнчхану стала Ганна Гуськова, якая паказала найлепшы вынік у трох фінальных спробах.
25-гадовая нараджэнка Менска ўжо была прызэркай этапаў Кубку сьвету, а пры канцы 2017-га атрымала і першую перамогу. Сёньня высокі кляс яна падмацавала залатой алімпійскай узнагародай.
Пасьля сіта кваліфікацыі ў вырашальную стадыю прабіліся дзьве з трох беларускіх прадстаўніц — алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Ала Цупер і Ганна Гуськова, якая чатыры гады таму фінішавала толькі 21-й.
Па выніках першага скачка зь першапачатковага тузіну прэтэндэнтак у фінальную шасьцёрку патрапілі Гуськова і Цупер — на першай і трэцяй пазыцыях адпаведна. Пасьля гэтага абедзьве прасунуліся ў далейшую стадыю, аднак Цупер няўдала прызямлілася, што не дазволіла трапіць на п'едэстал.
«Скачкі сёньня атрымаліся цудоўныя, я проста дыстанцыявалася ад усяго таго, што адбываецца. Мікалай Іванавіч Казека абяцаў мне свой заплечнік за мэдаль, а за залатую ўзнагароду — нават ня ведаю, як ён будзе разьлічвацца», — цытуе Гуськову БелТА.
Хто такая Ганна Гуськова
Ганне Гуськовай 25 гадоў. На міжнародных спаборніцтвах пачала выступаць 10 гадоў таму: срэбная прызэрка чэмпіянату сьвету і прызэрка этапаў Кубку Эўропы сярод юніёраў.
Сёлетні сэзон у яе кар’еры самы пасьпяховы. Спачатку яна выйграла этап Кубку сьвету па фрыстайле ў Кітаі, а пасьля гэтага была другой на аналягічным этапе ў ЗША.
На Алімпійскіх гульнях дэбютавала ў 2014 годзе ў Сочы. Тады Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту дала Беларусі дзьве дадатковыя жаночыя ліцэнзіі, але Ганна не прайшла нават кваліфікацыю.
Але ўжо другія па ліку гульні ў яе спартовым жыцьці сталі, без перабольшаньня, трыюмфальнымі.
Амаль увесь мінулы сэзон спартоўка прапусьціла з-за траўмы. Падчас адной з трэніровак няўдала прызямлілася і пашкодзіла мэніск – давялося класьціся на апэрацыю. А да гэтага было сур’ёзнае хірургічнае ўмяшаньне з-за разрыву пярэдняй крыжападобнай зьвязкі калена.
У ранейшых інтэрвію Ганна Гуськова казала, што любіць татуіроўкі, яе цела ўпрыгожваюць некалькі малюнкаў. Адзначала, што тату раскрывае яе характар і дапаўняе ўнутраны сьвет.
За сваю залатую ўзнагароду Ганна Гуськова атрымае 150 тысяч даляраў ад беларускай дзяржавы — такі памер вызначаны за алімпійскую перамогу.
Беларускія фрыстайлісты ніводнага разу не вярталіся з Алімпіядаў без узнагародаў
Апошнія два дзясяткі гадоў беларускія лыжныя акрабаты пад кіраўніцтвам выбітнага спэцыяліста Мікалая Казекі яшчэ ніводнага разу не вярталіся з зімовых Алімпіядаў без узнагародаў. Ня сталі выключэньнем і сёмыя па ліку гульні, у якіх Беларусь выступала самастойнай камандай.
Бронзавы і срэбны мэдалі на рахунку Дзьмітрыя Дашчынскага, які адзначыўся ў 1998 годзе ў Нагана і ў 2006-м у Турыне, у Аляксея Грышына было другое месца ў Солт-Лэй Сіці і першая прыступка ў Ванкувэры-2010, чатыры гады таму падвойны посьпех сьвяткавалі Антон Кушнір і Ала Цупер.
Галоўны трэнэр па фрыстайле: У нас дома гасьцявалі Крапіва, Мележ, Броўка і Шамякін
17-18 лютага пройдуць кваліфікацыйныя і фінальныя спаборніцтвы ў мужчын-фрыстайлістаў.