Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка: «Лукашэнку амэрыканцы патрэбныя нашмат болей, чым амэрыканцам Лукашэнка»


Франак Вячорка, архіўнае фота
Франак Вячорка, архіўнае фота

Галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракамэнтаваў Свабодзе прызначэньне Джона Коўла спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША па Беларусі.

«Безумоўна, мы вітаем прызначэньне Джона Коўла на гэтую пасаду і вітаем намаганьні прэзыдэнта Трампа па вызваленьні палітвязьняў. Само гэтае прызначэньне сьведчыць, што Беларусь застаецца ў фокусе Злучаных Штатаў, як і пытаньне палітвязьняў», — адзначыў Вячорка.

Ён дадаў, што прызначэньне спэцпасланьніка павінна зрабіць больш эфэктыўным змаганьне за вызваленьне палітвязьняў і камунікацыю па беларускіх пытаньнях у цэлым.

Паводле Вячоркі, Джон Коўл сфакусаваны на тым, «каб выцягваць людзей з турмаў, выцягваць закладнікаў».

«Ён блізкі да самога Дональда Трампа, і мы бачым, што ягоныя перамовы з Лукашэнкам ужо дасягнулі нейкага посьпеху».

«Але нашая задача — ня толькі выцягнуць людзей з турмаў, але і спыніць рэпрэсіі. Іначай людзей будуць выпускаць невялікімі групамі, а потым будуць садзіць новых», — падкрэсьліў Вячорка. І ў гэтай задачы ён бачыць важную ролю прынцыповай пазыцыі Эўрапейскага зьвязу.

«Нават калі Злучаныя Штаты будуць зьмякчаць некаторыя санкцыі, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека, Эўрапейскі зьвяз павінен трымаць свае санкцыі», — кажа Вячорка. Бо «задача Лукашэнкі — дабіцца зьняцьця санкцыяў, не мяняючы сваёй палітыкі, ня вызваліўшы ўсіх людзей, не спыніўшы рэпрэсій».

«Таму амэрыканцаў мы просім браць на сябе гуманітарны трэк, вызваленьне людзей, выцягваць з турмаў, захоўваць іх жыцьці, а эўрапейцаў — трымаць санкцыі для больш сыстэмных, доўгатэрміновых пераменаў у Беларусі», — патлумачыў дарадца Ціханоўскай.

Ён адзначыў, што «бальшыня эўрапейскіх санкцый былі ўведзеныя менавіта за вайну супраць Украіны і зьнятыя павінны быць тады, калі гэтая вайна будзе спыненая і калі будзе спынены ўдзел Лукашэнкі ў гэтай вайне».

Франак Вячорка сказаў, што неўзабаве чакаецца вызваленьне новай групы палітвязьняў. І офіс рыхтуецца іх прыняць, забясьпечыць усім неабходным і паспрыяць у легалізацыі і рэабілітацыі ў Літве і Польшчы.

«Лукашэнка хоча вызваліць частку — мы хочам, каб выйшлі на свабоду ўсе і каб спыніліся рэпрэсіі», — адзначыў Вячорка.

«Амэрыканскі бок не наіўны, яны выдатна разумеюць, што такое Лукашэнка, яны разумеюць, як цяжка зь ім размаўляць. І тут вельмі важна быць прынцыповымі і настойлівымі, таму што Лукашэнку амэрыканцы патрэбныя нашмат болей, чым амэрыканцам Лукашэнка», — падсумаваў ён.

9 лістапада прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра прызначэньне Джона Коўла спэцыяльным пасланьнікам ЗША ў Беларусі.

Джон Коўл пасьля вызваленьня палітвязьняў на тэрыторыі амбасады ЗША ў Вільні. 11 верасьня 2025
Джон Коўл пасьля вызваленьня палітвязьняў на тэрыторыі амбасады ЗША ў Вільні. 11 верасьня 2025

«Ён ужо пасьпяхова дамовіўся пра вызваленьне 100 закладнікаў і мае намер вызваліць яшчэ 50», — напісаў Трамп у Truthsocial.

Таксама Трамп заявіў, што загадзя дзякуе Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да вызваленьня дадатковых людзей. Лукашэнку Трамп зноў назваў «паважаным прэзыдэнтам Беларусі».

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа актывізавала кантакты з афіцыйным Менскам у 2025 годзе.

Пасьля візытаў амэрыканскіх прадстаўнікоў у Менск 21 чэрвеня на свабоду выйшлі і былі вывезеныя зь Беларусі 14 палітзьняволеных, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі.

11 верасьня, пасьля чарговага візыту Джона Коўла ў Менск, стала вядома аб вызваленьні яшчэ 52 зьняволеных, якіх вывезьлі ў Літву. Сярод іх быў і вядомы палітык Мікола Статкевіч, які адмовіўся выяжджаць зь Беларусі.

Сёлета ў жніўні Дональд Трамп званіў Аляксандру Лукашэнку і двойчы пасьля гэтага згадаў пра вызваленьне больш як тысячы беларускіх палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG