Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякіх дынастый, перадачы ўлады. Толькі два прэзыдэнцкія тэрміны». Беларус пра свой мэнэджарскі досьвед у Кеніі


Мікалай Карповіч зь мясцовымі «аўтарытэтамі»
Мікалай Карповіч зь мясцовымі «аўтарытэтамі»

Беларус паспрабаваў сябе ў ролі мэнэджара буйных забаўляльна-відовішчных праектаў на ўсходзе Афрыкі. Што з гэтага атрымалася, ён расказаў Свабодзе.

Мікалай Карповіч — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізкультуры, спэцыяльнасьць — трэнэр па футболе. Пачынаў у спартовай журналістыцы, шэсьць гадоў адпрацаваў у рэдакцыі газэты «Прессбол». Пераехаў у Маскву, працяглы час зьяўляўся намесьнікам кіраўнічага дырэктара расейскай Найвышэйшай хакейнай лігі. Потым — крэатыўны прадусар спартыўных трансьляцый на расейскім канале «Матч-ТВ».

Паралельна ініцыяваў стварэньне прафэсійнай футбольнай «Майстар-лігі» Беларусі, але ідэя аказалася «занадта сьмелай» як для каляспартовых функцыянэраў, так і для адміністрацый клюбаў.

Першы ў краіне прапагандыст флорболу — гэта дысцыпліна зь сямейства «хакейных» для заляў. Заснаваў фэдэрацыю і дабіўся яе ўключэньня ў Міжнародны флорбольны саюз.

Футбол як ахвяра палітычнай сытуацыі

Летась у траўні Мікалай Карповіч атрымаў прапанову ад міжнароднай івэнт-кампаніі, якая рабіла першыя крокі на афрыканскім рынку. Стратэгічнымі кірункамі яе дзейнасьці былі самыя розныя сфэры, прынцыповым жа момантам для беларуса стаў спартовы складнік.

Мікалай Карповіч з «жыхаром» Кеніі
Мікалай Карповіч з «жыхаром» Кеніі

Галоўнай задачай ставілася падрыхтоўка да вялікага футбольнага форуму ў Кеніі — Чэмпіянату афрыканскіх нацый у 2018 годзе. Гэта другі рангам турнір на кантынэнце пасьля Кубка Афрыканскіх нацый, аналяга Кубкаў Эўропы ці Паўднёвай Амэрыкі.

Прынцыпова новы досьвед зацікавіў — успрыняў гэта як выклік у загадзя некамфортным для сябе асяродку, кажа ён. Ад пачатку было зразумела, што засяродзіцца толькі на спорце наўрад ці ўдасца. Праўда, неўзабаве здарыўся форс-мажор — краіну пазбавілі права на спаборніцтвы ў сувязі зь «нестабільнай палітычнай сытуацыяй».

Калі ўжо сядзеў на чамаданах, усё пайшло крахам — Кенію пазбавілі турніру праз палітычную неразьбярыху

«Нейкі час пайшоў на роздум, а ўрэшце прыступіў да выпрацоўкі стратэгіі на кірунку, які мне даверылі, — кажа Мікалай. — Рэч у тым, што Кенія атрымала права на правядзеньне Чэмпіянату афрыканскіх нацый, мая дзейнасьць была расьпісана менавіта пад гэта. Пачаў працу, увайшоў у кантакт з Афрыканскай футбольнай канфэдэрацыяй. І калі ўжо сядзеў на чамаданах, усё пайшло крахам — Кенію пазбавілі турніру. Прычына — палітычная неразьбярыха. Вясной адбыліся выбары, перамагла дзейная партыя. Але апазыцыя падала ў суд і яго выйграла (гэта што да „адсутнасьці законаў“ у краінах трэцяга сьвету). Перавыбары прызначылі на восень, было ўжо не да футболу».

Фармат 3D: аматарскі стадыён у Найробі
Фармат 3D: аматарскі стадыён у Найробі

Апроч таго, Кенія так і ня выканала патрабаваньняў Афрыканскай футбольнай канфэдэрацыі як у частцы будаўніцтва новых арэнаў і рэканструкцыі старых, так і абавязаньняў у фінасавым забесьпячэньні спаборніцтваў. Турнір, які мусіў стартаваць 12 студзеня 2018 году, для Кеніі дачасна завяршыўся летась у верасьні. Усе правы перадалі больш стабільнаму і прадказальнаму Марока.

Зрэшты, удакладняе суразмоўца, горкіх сьлёз ніхто асабліва ня ліў, бо Чэмпіянат афрыканскіх нацый — падзея ўсё ж другасная на фоне Кубка афрыканскіх нацый. Калі апошні зьбірае наймацнейшыя зборныя кантынэнту, за якія выступаюць чорныя зоркі топавых эўрапейскіх клюбаў, то ў гэтым выпадку гаворка пра турнір для зборных, укамплектаваных гульцамі ўнутраных пяршынстваў.

Кенійскія дзеці
Кенійскія дзеці

Тым ня меней форс-мажор ня стаў нагодай апусьціць рукі. Напрацаваны матэрыял лёг у аснову распрацоўкі прынцыпова новай стратэгіі — у канцэртна-забаўляльнай галіне. Зрэшты, амбітныя пляны таксама давялося прызямліць — праз буйны нораў мясцовай публікі.

Рэгей ў антуражы народнага буйства

«Іншым відам дзейнасьці нашай кампаніі была арганізацыя івэнт-праектаў, — працягвае Мікалай. — Пасьля футбольнага фіяска ўзяліся за арганізацыю маштабнага шоў — рэгей-фэстывалю на 60 тысяч гледачоў. Рэгей — самая папулярная музыка на ўсходзе Афрыкі, у абсалютных лідэрах. Сьледам ідзе госпэл, хрысьціянскія сьпевы — насельніцтва вельмі рэлігійнае, нават у машынах слухаюць трансьляцыі прапаведнікаў. Ну і трэці радок займае гіп-гоп. Але рэаліі аказаліся такія, што пад ціскам сілавікоў давялося адмовіцца ад правядзеньня буйных імпрэзаў. У першую чаргу з прычыны бясьпекі».

З новымі знаёмцамі
З новымі знаёмцамі

Як кажа Мікалай Карповіч, мясцовыя арганізатары рэдка замахваюцца на культурнае мерапрыемства, якое перавышае 3 тысячы гледачоў — нават у такім выпадку сьледам падцягваюцца больш тысячы праваахоўнікаў і сэк’юрыці.

Калі яны зьбіваюцца ў „статак“, можа здарыцца ўсё, што заўгодна

«Афрыканцы вельмі арганізаваныя, іх ня трэба запрашаць двойчы, — параўноўвае беларус. — Але калі яны зьбіваюцца ў „статак“, можа здарыцца ўсё, што заўгодна. То бок, як толькі перакрочвае за 10-15 тысяч чалавек, узьнікае рызыка ахвяраў. Гэтак падчас інаўгурацыі прэзыдэнта на 60-тысячным стадыёне „Касарані“ быў аншляг. Яшчэ столькі ж не змаглі туды трапіць, не спыняючы спробаў прарвацца. Пачалася цісканіна. Паліцыя ўжыла вадамёты, у ход пайшла зброя. У выніку сутычак колькасьць ахвяраў ішла на дзясяткі. І нам стала зразумела: кампанія мусіць стартаваць крыху інакш, прынамсі без буйных падзей».

«Арганізаваныя» жыхары
«Арганізаваныя» жыхары

Паводле Мікалая Карповіча, канцэртная дзейнасьць у Кеніі абмяжоўваецца фарматам своеасаблівых «батлеек». На размалёваных фургончыках з адкіднымі бакавінамі лякальную зорку прывозяць у слам («спальны раён» з высокай канцэнтрацыяй беднаты), артыст з імправізаванай сцэны прасьпяваў — і канцэрт скончыўся.

Некалькі кампаній маюць манапольнае права на арганізацыю выступаў большага фармату, але яны працуюць пад апекай высокіх дзяржаўных заступнікаў. І нават калі штосьці здарыцца, на іх статусе гэта не адаб’ецца.

Некалькі кампаній маюць манапольнае права на арганізацыю выступаў большага фармату, але працуюць пад апекай высокіх дзяржаўных заступнікаў.

«Чым больш людзей, тым меншыя траты, — кажа суразмоўца. — Скажам, у імпрэзу на 60 тысяч чалавек закладаецца бюджэт 200 тысяч даляраў. Цана аднаго „кантакту“ для кампаніі — у раёне 3 даляраў. Гэта прымальна. Калі гледачоў меней за 15 тысяч, прамыя выдаткі сягаюць да 13 даляраў, што нерэнтабэльна для іміджавага мерапрыемства — рэкляма не апраўдвае ўкладзеных сродкаў. Арганізуючы фэстываль, выгадна, каб прыйшло 200 тысяч. Таму меркавалі бясплатны ўваход ці чыста сымбалічную плату. Але гарантаваць бясьпеку практычна немагчыма...».

Сустрэча ў саване
Сустрэча ў саване

Прыярытэты племені і дзяржаўныя задачы

«На гербе Кеніі выведзены дэвіз Harambee, на суагілі гэта „разам“, „адзін за ўсіх“, — гаворыць Мікалай Карповіч. — Па тым жа прынцыпе пачалі будаваць дзяржаву ў 1963 годзе, калі атрымалі незалежнасьць і першым прэзыдэнтам стаў Джома Кеньята. Гэтыя ж ідэалы прапаведуе і ягоны сын Угуру, які цяпер ва ўладзе. Аднак краіна вельмі раздробленая, з рознымі плямёнамі — кікуё, масаі, самбуру і г.д. У іх паміж сабой столькі ж агульнага, як у „западэнцаў“ Украіны з ўсходнікамі. Пачнеш сеяць варажнечу, умоўна кажучы, успыхне другі Данбас. Але дзеля дабрабыту краіны аб’яднаюцца і будуць дзейнічаць супольна».

Герб Кеніі
Герб Кеніі

Здольнасьць яднацца вакол плённай ідэі насуперак застарэлым клянавым супярэчнасьцям — рыса, якая беларуса Мікалая Карповіча ці не найбольш уразіла ў кенійцах. Адсюль і іх гатовасьць да самаахвярнасьці.

У іх няма такога, што перамог кеніец, дружна скачам вакол агню

«Калі Алімпійскія гульні выйграе прадстаўнік кікуё, племені люг’я будзе пофіг, — працягвае ён. — У іх няма такога, што перамог кеніец, дружна скачам вакол агню. А вось сказаць, што будзем будаваць чыгунку з Найробі ў Мамбасу, усё кардынальна зьменіцца. Гэта значыць, дастаткова заразіць агульнай мэтай, і нават тыя, каму няма чаго есьці, пойдуць класьці шпалы. Гэта надзвычай моцная іх рыса. Напрыклад, калі службы правапарадку на некага „наедуць“ і пачнуць „таптаць“, супляменьнікі да сьмерці будуць абараняць свае правы і свабоды. Менавіта таму выхад на мітынгі, дэманстрацыі — гэта амаль заўсёды ахвяры».

Пэйзажы сталічнага навакольля
Пэйзажы сталічнага навакольля

Калі стала зразумела, што фармат працы ў першапачатковым выглядзе на спэцыфічным рынку малаверагодны, Мікалай спыніў кантракт і пэўны час прысьвяціў падарожжам па аўтэнтычнай Афрыцы: даехаў да ўзьбярэжжа Індыйскага акіяну, зрабіў вылазку на сафары ў нацыянальны запаведнік, пазнаёміўся з абарыгенамі ў натуральным асяродзьдзі.

І нават рабаваць ці забіваць будуць з усьмешкай

«Краіна вельмі калярытная, — канстатуе Мікалай. — З аднаго боку, калі сядзіш у пікапчыку і за пару мэтраў ад цябе на тваіх вачах ільвіца адгрызае галаву кабану, такое наўрад ці дзе пабачыш. З другога боку, у Кеніі ¾ насельніцтва жыве за мяжой беднасьці, фактычна ў кардонных каробках. Тым ня меней, нягледзечы на галечу, яны вельмі гордыя. Калі адчуваюць, што працягваеш дробязь як „падачку“, могуць абразіцца, даюць зразумець, што ў іх проста такі лад жыцьця. І нават калі будуць рабаваць ці забіваць, дык не ад таго, што маюць нешта супраць цябе, а ад крайняй патрэбы. І таксама з усьмешкай».

Цырульня і «салён прыгажосьці»
Цырульня і «салён прыгажосьці»

За працяглы пэрыяд брытанскага пратэктарату кенійцы прызвычаіліся да белых людзей. Першыя перасяленцы з Эўропы пачалі асядаць на акіянічным узьбярэжжы паўтара стагодзьдзя таму, іх нашчадкі жывуць тут і сёньня. Але «музунгу» дагэтуль выклікае шчыры інтарэс з боку тубыльцаў.

«Па сваёй прыродзе яны добразычлівыя, а таму і непасрэдныя, — заўважае беларус. — Запраста падыдуць — „О, музунгу“! Дадуць пяць, вітальна падымуць угару вялікі палец. І калі ў нас кажуць „нэгар“, укладаючы ў слова нейкую сэнсавую нагрузку, то там гэта ня мае ніякага нэгатыўнага падтэксту, проста ўнівэрсальная назва для белых людзей. Для іх музунгу — чалавек іншай пароды, не такі, як яны. Ставяцца ня толькі з цікавасьцю, але і з павагай, бо белы ў іх разуменьні — значыць заможны, пасьпяховы».

Маратон з булачкай і сяброўскай бяседай

Яшчэ адной магчымасьцю пабыць з абарыгенамі плячо ў плячо стала тое, чым афрыканскія народы займаюцца спакон веку — бегаюць. У рамках традыцыйнага кенійскага маратону Мікалай Карповіч зрабіў забег на палову 42-кілямэтровай дыстанцыі. Сярод іншых на старт выйшла і першая лэдзі краіны, жонка прэзыдэнта Угуру Кеньята.

Беларускі ўдзельнік кенійскага паўмаратону
Беларускі ўдзельнік кенійскага паўмаратону

«Забаваў ня так шмат, таму заяўляюцца не дзеля рэкордаў, а пакантактаваць, — усьміхаецца беларускі ўдзельнік забегу. — Многія са старту ідуць пехатой, бо гэта задавальненьне — ганарова прадэфіляваць па цэнтры сталіцы. Ідуць, гуляюць, ядуць булачкі. Маратон — як магчымасьць не сядзець дома, а быць сярод людзей. У штодзённым жыцьці, дарэчы, таксама шмат ходзяць, бо грамадзкага транспарту няма, яго замяняюць матату — „маршруткі“ індывідуальнай расфарбоўкі. Адзін аўтобус — а-ля футбольная „Барсэлёна“, другі — пад герояў касьмічнай сагі, трэці — мультпэрсанажы. Едзеш і кайфуеш ад шматаблічнасьці карцінак. Цэлая галіна вулічнага мастацтва».

Ці адпавядае ў звыклым разуменьні статусу сталіцы Найробі? Бо нават па фотаздымках відаць, што гэта хутчэй горад кантрастаў, чым бліскучы мэгаполіс.

«Заторы» на вуліцах Найробі
«Заторы» на вуліцах Найробі

​«Даўнтаўн — так, горад, — сьмяецца Мікалай. — Але нават у цэнтры трапляеш як у фільм „Не пагражай паўднёваму цэнтралу“. Ёсьць галоўная Кеніята-авеню, усё астатняе — вулачкі, дзе могуць папросту прэсануць, аднаму лепш не хадзіць, асабліва ўвечары. Таму Найробі небеспадстаўна лічыцца праблемным горадам, там квітнеюць крадзяжы, рабаўніцтва. Ня стрымлівае, што вуліцы патрулююць узброеныя паліцэйскія, іх стала яшчэ больш пасьля буйнога тэракту 2013 году ў гандлёвым цэнтры Nakumatt Westgate — паўсюль правяраюць машыны, абшукваюць. Сур’ёзныя захады бясьпекі на чыгунцы: ад уваходу на вакзал да пасадкі ў цягнік праходзіш чатыры пункты кантролю».

Надзвычай востра, паводле суразмоўцы, для кенійцаў стаіць пытаньне з працай. Гарадзкое насельніцтва занятае пераважна ў сфэры паслуг, сельскія жыхары працуюць на кававых ды садовых плянтацыях, узьбярэжжа жыве найперш з дароў акіяну.

Навакольле мясцовага кірмашу
Навакольле мясцовага кірмашу
Узровень беспрацоўя надзвычай высокі, значная колькасьць людзей існуе папросту ў жабрацкіх умовах

«На самой справе з гэтым сапраўды ўсё вельмі складана, — дзеліцца назіраньнямі Мікалай Карповіч. — Узровень беспрацоўя надзвычай высокі, значная колькасьць людзей існуе папросту ў жабрацкіх умовах. Таму ў асноўным калі чымсьці і занятыя, то на плянтацыях — найперш, кававых, бо краіна ўваходзіць у так званы „кававы пояс Зямлі“. Ну і на падсобных працах. Штодзённая задача адна і тая ж — пракарміць сябе і сям’ю. Значнай вытворчасьці за час свайго знаходжаньня нават не заўважыў».

Паводле Мікалая Карповіча, хоць беларусам, нагледзеўшыся на кенійскую фотахроніку, і карціць аднесьці сябе да вышэйшай цывілізацыйнай прыступкі, але павучыцца ў афрыканцаў усё ж ёсьць чаму.

Сафары і спакуса сэлфі з зэбрай

Нягледзячы на тое, што ў 2013 годзе на другі прэзыдэнцкі тэрмін заступіў сын першага прэзыдэнта незалежнай Кеніі, ратацыя ва ўладзе ня толькі магчымая, але і непазьбежная. І тое, што працуе прынцып двух тэрмінаў на найвышэйшай пасадзе — дасягненьне само па сабе, перакананы ён.

Яднаньне вёскі і гораду
Яднаньне вёскі і гораду

«Зноў жа, можна з іроніяй гаварыць пра „дэмакратыю“ ў краінах трэцяга сьвету, але ўжо сёньня вядома, што наступным лідэрам Кеніі будзе не Кеніята, — гаворыць Мікалай. — Прэзыдэнтам можна быць два тэрміны, ніякіх дынастый, перадачы ўлады і г.д. Апазыцыя, дарэчы, паказвае сябе дзіўным чынам. Арганізавалі кучу мітынгаў, дамагліся перавыбараў, а ўрэшце іх лідэр заклікаў... байкатаваць дадатковы тур. Маўляў, арганізуем няяўку, пакажам нашу сілу. Ну і ў выніку зноў перамог Ухуру Кеніята».

Але ўнікальнай для гэтай часткі сьвету ўсё ж застаецца не барацьба за ўладу, а яшчэ некранутая дзікая прырода ўсходняй Афрыкі. Чалавек у саване па-ранейшаму застаецца гледачом, а гарантыі «ратавальнага кола» таму, хто заступіў за рысу, ніхто не дае.

Крывавае паляваньне
Крывавае паляваньне

«Кенія — суцэльны нацыянальны парк, — гаворыць Мікалай. — Адзін зь іх проста за Найробі — вялізны, бачыш толькі пачатак, астатняе ідзе за далягляд... Выяжджаеш у прыцемках, па вузенькіх дарожках, пабітых калдобінамі. Гэта магчымасьць застаць жывёлаў, якія ідуць на вадапой, а 9-й бальшыня ўжо сьпіць — нажэрліся хто травы, хто мяса, зашыліся ў цень (выключэньне хіба жырафы ды зэбры). Калі сафары, падпісваеш паперу: нешта здарыцца — сам вінаваты. Бо як толькі выйшаў з машыны — ці зьядуць, ці арыштуюць. Само сабой, ёсьць сьмельчакі, для якіх „сэлфі з зэбрай“ — галоўная мэта. Таму кіроўца адразу папярэджвае: адчыніш дзьверы — ці турма, ці пашча льва».

На гэты момант кенійскія праекты для Мікалая Карповіча ў стане «замарозкі»: пэрспэктывы выйсьця на вялікія імпрэзы па-ранейшаму няпэўныя, а займацца чымсьці iншым ня вельмі хочацца.

Сустрэча на дарозе: жалезны конь і конь саваны
Сустрэча на дарозе: жалезны конь і конь саваны

«Крыж яшчэ не пастаўлены, — не адкідае варыянтаў ён. — Пакуль прыехаў у Менск, але магчымасьць вяртаньня ня выключаная. Праўда, дзеля гэтага мусяць сысьціся некалькі фактараў, а галоўнае, я сам павінен мець жаданьне вярнуцца. У любым выпадку мне цікавыя новыя выклікі, новыя ўражаньні, я ніколі не кажу „не“», — канстатуе Мікалай Карповіч.

Пакуль жа, у паўзе паміж выбарам геаграфічных прыярытэтаў, ён узважвае магчымасьць рэанімацыі свайго праекту прафэсійнай футбольнай «Майстар-лігі» для Беларусі, які з розных прычынаў давялося адкласьці ў стол.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG