Актывіст вінаваціць камунальныя службы ў нядбайным стаўленьні да ўнікальнага будынка ў завулку Камісарыяцкім, 17. Каб абараніць дом ад разбурэньня, Уладзімер Краўчанка зьвярнуўся да кіраўніка аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага і ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці.
Стары будынак абжываюць бадзягі
Ад гістарычнай пабудовы да гарвыканкаму — трыста мэтраў. Паводле супрацоўнікаў краязнаўчага музэю, пры канцы 19 стагодзьдзя такімі дамамі забудоўваліся цэлыя гарадзкія раёны. Першы паверх быў мураваны, другі — драўляны з разьблёнымі ўпрыгожаньнямі. Да нашых дзён з аўтэнтычнымі прыкметамі даўнейшых часоў дайшоў толькі адзін такі будынак. На сьцяне — шыльда з надпісам: ахоўваецца дзяржавай. Але, як кажа Ўладзімер Краўчанка, яму пагражае небясьпека.
Год таму жыхары адсюль выехалі. Уваходы забітыя дошкамі. Шыбы ў некаторых вокнах выбітыя. Будынак вабіць тых, хто ласы на безгаспадарнае, а таксама бадзяг. У дом яны трапляюць праз адно з разьбітых вокнаў.
«Прыклады разбурэньня помнікаў архітэктуры ўладу ня вучаць»
Уладзімер Краўчанка занепакоены, што бадзягі могуць раскласьці ў доме вогнішча, і ён згарыць. На думку актывіста, у зьнікненьні помніка архітэктуры зацікаўленыя камунальныя службы, бо ім будзе «меней клопату з старым будынкам». У выпадку пажару аднавіць помнік ня ўдасца.
Краўчанка прыгадвае, што сёлета непадалёк згарэў помнік архітэктуры на вуліцы Лазарэнкі. Ад яго засталіся толькі сьцены, бо ён быў мураваны. Згадаў актывіст і тое, як абвалілася нядаўна сьцяна помніка архітэктуры ў Мсьціславе. На ягоную думку, здарылася гэта празь недагляд чыноўнікаў.
Прыклады разбурэньня будынкаў пад аховай, лічыць актывіст, уладу ня вучаць. Да архітэктурнай спадчыны стаўленьне абыякавае, кажа ён.
Таварыства просіць аддаць помнік архітэктуры пад музэй
У 2015 годзе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьвярталася да гарадзкіх уладаў, каб стары дом перадалі грамадзкаму аб’яднаньню дзеля стварэньня ў ім музэю і культурнага цэнтру. Пытаньне абяцалі разглядзець пасьля таго, як будынак выведуць з жылога фонду. У сваіх лістах у пракуратуру і аблвыканкам Краўчанка наракае, што на спробы высьветліць, чаму марудзяць з разглядам ініцыятывы таварыства, магілёўскія чыноўнікі пісьмова не адказваюць.
У сваіх зваротах Краўчанка нагадвае: каб прыбраць прылеглую да дому пляцоўку, таварыства склікала талаку. Магілёўцы павысякалі вакол будынка хмызьняк і пазьбіралі сьмецьце.
Камунальнікі: недахопы з аховай помніка будуць ліквідаваныя
У жыльлёва-эксплюатацыйным упраўленьні Ленінскага раёну нам сказалі, што стары будынак нядаўна выведзены з жылога фонду. З заявамі Краўчанкі пра нядбайнае стаўленьне да помніка архітэктуры камунальнікі не згаджаюцца. Настойваюць, што за будынкам глядзяць як мае быць. Паабяцалі выехаць на агледзіны і пры неабходнасьці ліквідаваць недахопы.
Высьветліць, ці гатовая мясцовая ўлада перадаць стары дом Таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры, не ўдалося.