Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі таксама быў свой Пеле, Марадона і Раналду». Выйшла кніга пра «народнага футбаліста» Пракапенку


Зьміцер Пракапенка з асобнікам кнігі
Зьміцер Пракапенка з асобнікам кнігі

У канфэрэнц-залі Беларускай фэдэрацыі футболу адбылася прэзэнтацыя кнігі «Аляксандар Пракапенка. Народны футбаліст». Аўтары дакумэнтальна-біяграфічнага выданьня — сын гульца «залатога» складу менскага «Дынама» Зьміцер Пракапенка і тэлежурналіст Сяргей Лісічкін.

На імпрэзу сабраўся колішні касьцяк каманды «Дынама» (Менск), якая 35 гадоў таму выйграла футбольнае першынства СССР, а на наступны сэзон замацавала посьпех бронзавай узнагародай.

Пра сябра згадвалі тагачасны галоўны трэнэр Эдуард Малафееў, гульцы асновы Юры Пудышаў, Георгі Кандрацьеў, Сяргей Бароўскі, Людас Румбуціс, Андрэй Зыгмантовіч, Юры Курбыка, Юры Мельнікаў ды іншыя.

Малафееў: «Усе мы грэшныя, няма чалавека без заганы»

Аляксандар Пракапенка дачасна пайшоў з жыцьця ў 35. Майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў-1980, гулец зборнай Савецкага Саюзу, чэмпіён СССР 1982 году. За адданасьць справе атрымаў ад заўзятараў «тытул» «народнага футбаліста».

Аднак ужо ў 1983-м яго адлічылі з каманды за «сыстэматычнае парушэньне рэжыму», двойчы ён трапляў у лекава-працоўны прафілякторый. Памёр 29 сакавіка 1989 году. Пахаваны на могілках вёскі Токары Бабруйскага раёну.

Вокладка кнігі пра Аляксандра Пракапенку
Вокладка кнігі пра Аляксандра Пракапенку

Празь 10 гадоў пасьля сьмерці Аляксандра Пракапенкі ягоная жонка Натальля і сын Зьміцер пераехалі ў ЗША. Там хлопец пачаў займацца рэклямнымі праектамі, далучыўся да грамадзкага жыцьця дыяспары.

Нейкі час таму пачаў выношваць ідэю ўшанаваньня памяці бацькі на радзіме. Дзякуючы ягоным высілкам атрымаў імя Пракапенкі стадыён у Бабруйску, родным горадзе футбаліста. Ёсьць задума ўсталяваць помнік на тэрыторыі стадыёну «Дынама», калі там скончыцца рэканструкцыя.

Летась зь ініцыятывы Зьмітра быў зьняты дакумэнтальны фільм «Аляксандар Пракапенка. Народны футбаліст», а ў апошнія дні 2017-га пабачыла сьвет аднайменная кніга.

Праект гэты не камэрцыйны. Грошы на выданьне зьбіралі на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака», сабралі блізу 40% ад заяўленай сумы.

«Гэтай кнігай мы падводзім вынік двухгадовай дзейнасьці, — сказаў Зьміцер Пракапенка. — Яе галоўная мэта — расказаць і паказаць юным беларусам, што на гэтай зямлі таксама быў свой Пеле, Марадона і Раналду ў адной асобе. Чалавек, які шмат дасягнуў і кім землякі могуць ганарыцца».

Зьміцер Пракапенка, Сяргей Лісічкін і Эдуард Малафееў
Зьміцер Пракапенка, Сяргей Лісічкін і Эдуард Малафееў

Ягоны суаўтар Сяргей Лісічкін адзначыў, што атрымаўся грунтоўны аповед пра жыцьцё аднаго з самых яскравых гульцоў ХХ стагодзьдзя. Героі кнігі, поруч з «народным футбалістам», — ягоныя родныя, блізкія, сябры-спартоўцы.

«Можна было пісаць бясконца шмат, але давялося пакінуць толькі самыя яскравыя моманты, — кажа ён. — Так сталася, што вырасла цэлае пакаленьне, якое ня стала сьведкам самых знакавых старонак беларускага футболу, таму нашай задачай было гэты вакуўм запоўніць. Найперш праз асобу выбітнага дынамаўца Аляксандра Пракапенкі».

Галоўны трэнэр залатога складу менскага «Дынама» і зборнай СССР Эдуард Малафееў даў волю пачуцьцям, кажучы, што Пракапенку можна і трэба было ўратаваць. Але ўжо была абвешчана кампанія цкаваньня, і як вынік — дачасны сыход з дыстанцыі.

«Усе мы грэшныя, няма чалавека без заганы, — эмацыйна прамаўляў колішні футбольны настаўнік. — Але Сашка быў на сваім месцы, бо ён зараджаў сваёй гульнёй мільёны. І гэта была яго галоўная місія. Так, стаў легендай яшчэ пры жыцьці, але ня трэба забываць, як яго тапталі ў самы складаны час...»

Байдачны: «Пракоп, як прарок, зьбіраў поўныя стадыёны»

Іншы спэцыяліст, экс-трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі Анатоль Байдачны пералічыў якасьці, якія прываблівалі да фігуры Аляксандра Пракапенкі.

«Прастата ў зносінах, бескарысьлівасьць, любоў да людзей і, канечне ж, філігранная тэхніка — вось што прынесла яму прыжыцьцёвую славу. Я ня ведаю нікога, хто хоць раз на яго пакрыўдзіўся б, хто ў нечым яму пазайздросьціў бы... Калі на стадыён ідуць дзеля аднаго чалавека, гэта паказьнік. У выпадку з Пракопам так і было», — падсумаваў Анатоль Байдачны.

Зьміцер Пракапенка падпісвае кнігі пра бацьку
Зьміцер Пракапенка падпісвае кнігі пра бацьку

Андрэй Зыгмантовіч, калега-дынамавец Пракапенкі, сказаў, што статус «народнага футбаліста» трэба заслужыць, заўзятары проста так нікога не ўганароўвалі.

«Пракапенка ніколі не выходзіў на поле, як кажуць, спусьціўшы рукавы, ніколі не дэманстраваў абыякавасьці, — кажа ён. — За гэта яго і любілі. А тое, што Дзіма падрыхтаваў такую кнігу — годны ўчынак сына, які напраўду ганарыцца сваім вялікім бацькам».

Юры Пудышаў, блізкі сябра Аляксандра Пракапенкі, перакананы, што ў 1980-я ва ўсім СССР мала хто мог параўнацца талентам і майстэрствам з бабруйскім самародкам. Сярод тых, хто мог сабраць поўныя стадыёны, быў і беларус Пракапенка.

Экс-гулец «Дынама» Юры Пудышаў
Экс-гулец «Дынама» Юры Пудышаў

«Такіх людзей былі адзінкі, і гэта зоркі ў літаральным сэнсе. Іх любілі простыя людзі — за сумленнасьць, шчырасьць, усьмешку на твары і добразычлівасьць», — кажа Юры Пудышаў.

Зь «няпрофільных» гасьцей слова ўзяў майстар спорту міжнароднага клясу ў веласпорце Аляксандар Кісьляк. Ён родам з Бабруйску, выступаў у зборнай СССР, цяпер жыве ў Чыкага.

«З прыкрых прычын мне ў апошні момант не ўдалося трапіць у складзе савецкай каманды на Алімпіяду 1980 году. Але мой зямляк годна выступіў і за сябе, і за мяне, і за ўвесь Бабруйск, — сьмяецца Аляксандар Кісьляк. — Наогул, тое, што ён зрабіў для футболу, для Беларусі — гэта бясцэнна. І дзякуючы такім кніжкам мы аднаўляем у памяці слаўныя старонкі мінулага».

Былыя гульцы «Дынама» (Менск) Сяргей Бароўскі, Юры Курбыка, Людас Румбуціс, Юры Мельнікаў, Георгі Кандрацьеў шчыра шкадавалі, што жыцьцё «Пракопа» абарвалася на самым узьлёце. Але былі ўсьцешаныя, што ягоны сын так шмат робіць дзеля таго, каб пра бацьку не забываліся.

Зьміцер Пракапенка, Сяргей Лісічкін і Юры Курбыка
Зьміцер Пракапенка, Сяргей Лісічкін і Юры Курбыка

«Шкада, што Пракапенка нарадзіўся ня ў наш час. Цяпер ягоныя фінты падрывалі б YouTube, забітыя мячы не сыходзілі б з папулярных інтэрнэт-рэсурсаў, а прозьвішча скандавалі б на стадыёнах. Ён ня ўмеў гуляць, не аддаючыся любімай справе цалкам», — пішуць аўтары кнігі «Аляксандар Пракапенка. Народны футбаліст».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG