«Свабода» зьвярнулася да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай з просьбай параўнаць сытуацыю на цяперашніх мясцовых выбарах і на гэткіх жа самых выбарах чатырохгадовай даўнасьці.
Чаму Фрунзенскі раён Менску — самы палітычна актыўны ва ўсёй Беларусі
На мінулых выбарах у сталіцы зарэгістравалі 213 ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, цяпер — 289. Чатыры гады таму адмовілі ў рэгістрацыі 13 групам, цяпер — толькі адной. Найбольшай папулярнасьцю ў Менску карыстаецца Фрунзенскі раён. Тут у некалькіх акругах працуюць па 9 ініцыятыўных групаў. А рэкорд паставіла Каменнагорская выбарчая акруга, дзе такіх групаў аж 12.
Ярмошына: «Стаць адным з 57 дэпутатаў Менскага гарсавету традыцыйна хоча найбольшая колькасьць вылучэнцаў. Сёньня ўжо можна сьмела казаць, што ў сталіцы ня будзе ніводнай безальтэрнатыўнай акругі. Дарэчы, улічваючы надворʼе, сёлета дазволена зьбіраць подпісы ў падтрымку таго ці іншага кандыдата ў падземных пераходах.
У мяне ёсьць сваё тлумачэньне становішча ў Фрунзенскім раёне. Па-першае, там жыве пераважна моладзь. І яна ад выбараў да выбараў робіцца ўсё больш актыўнай. Апошнім часам на ўсіх выбарах — і мясцовых, і парлямэнцкіх — там найвялікшы конкурс. Па-другое, там заўжды актыўна працуе апазыцыя: Лябедзька ды іншыя».
Не рэгіструюць зь дзьвюх прычын
Чатыры гады таму па ўсёй Беларусі зарэгістравалі 16 021 групу, цяпер — 17 500. І гэта пры тым, што колькасьць саветаў і акругаў зьменшылася, адпаведна, на 11 і 700.
Ярмошына: «Сёлета камісіі менш прыдзіраюцца зь нейкіх фармальных прычын. Па ўсёй краіне адмоўлена толькі 16 групам. Абсалютная бальшыня адмоваў фіксуецца зь дзьвюх прычын — непагашаная судзімасьць і непражываньне на тэрыторыі савету.
Што значыць непражываньне? Калі хтосьці хоча стаць дэпутатам Менскага гарсавету, то ён павінен абавязкова жыць у Менску. Закон не забараняе асобе, якая пражывае, напрыклад, у Цэнтральным раёне, балятавацца ў Партызанскім. Але патэнцыйны кандыдат абавязкова павінен быць мінчанінам.
Гэтаксама як чалавек, які жыве, напрыклад, у Гомельскай вобласьці, ня можа балятавацца ў Магілёўскі абласны савет.
Ведаеце, мы вымушаныя былі ўжо паправіць некалькіх старшынь выбарчых камісій, якія трактавалі гэтае палажэньне так: маўляў, кандыдат мусіць пражываць на тэрыторыі акругі, а ў Менску — на тэрыторыі раёна. Гэта глупства».
Назіральнікаў зусім няшмат
Для назіраньня за выбарамі акрэдытавалася крыху болей за паўтары тысячы мясцовых назіральнікаў. Гэта амаль столькі ж, як і на папярэдніх выбарах.
Ярмошына: «Тут наперадзе тры грамадзкія арганізацыі: БРСМ, „Белая Русь“ і Беларускі саюз вэтэранаў. Але паўтары тысячы ахвотных назіраць за выбарчай кампаніяй — гэта, калі казаць чэсна, вельмі мала. Спадзяваньні толькі на тое, што час яшчэ ёсьць і колькасьць назіральнікаў будзе паступова павялічвацца».
Мясцовыя выбары пройдуць 18 лютага 2018 году.