Пачатак ТУТ
У сваім тлумачэньні СК прызнаў, што дзейнасьць патрыётаў не была скіраваная на шкоду дзяржаве, з чаго вынікае, што гэтая дзейнасьць, калі яна была, была скіраваная дзяржаве на карысьць. А чым яшчэ займаюцца сапраўдныя патрыёты ў сваёй краіне? Зрэшты, чаму б было не паверыць іхным адкрытым дэклярацыям адразу і не муціць чыстае вады?
Выглядае, што СК паверыў, а КГБ не паверыў? Але ці мае хоць нейкую вагу ў гэтых установах вера? Напэўна ж не. Хутчэй можна было б казаць пра інтарэсы... Але якія могуць быць інтарэсы ў строга падпарадкаваных сілавікоў? Тут усім кіруе толькі загад. І няма сумневу, што загад закрыць «справу патрыётаў» ішоў ад Лукашэнкі, для якога «справядлівасьць вышэй за ўсе законы». Але чаму тады Лукашэнка не загадаў закрыць справу КГБ, а перанёс гэтую адказнасьць на СК? Таму што КГБ яму не падпарадкоўваецца?
Мне ўжо даводзілася параўноўваць «справу патрыётаў» са справай ашмянскіх мытнікаў. Абедзьве гісторыі на БТ анансаваў асабіста Лукашэнка. Першых ён назваў баевікамі, другіх — бандай. «Раскруткай» абедзьвюх груп займаўся КГБ. Пра патрыётаў БТ паказвала арматуру, пра мытнікаў — даляры. У справе мытнікаў гаворка ішла пра пастаўкі галяндзкіх кветак — санкцыйнай у Расеі прадукцыі — у Маскву, то бок сама роля тут беларускіх службоўцаў транзытная, не беларуская. У другой справе само гэтае словазлучэньне — беларускі патрыёт — традыцыйна варожае для КГБ ад часоў яго ўтварэньня зь яшчэ першай назвай ЧК, а традыцыі яны пільнуюць верна. І перасьледуюць яны гэтых самых беларускіх патрыётаў у інтарэсах каго? Як і ў першым выпадку — Масквы, то бок сваёй роднай, каранёвай і ня так даўно яшчэ фармальна вышэйшай структуры, ФСБ.
Справу мытнікаў у СК чамусьці не перадавалі (можна было б спадзявацца на рэальнае сьледзтва замест таго «эпасу», які прыдумалі ў КГБ), і КГБ даціснуў яе да канца, трымаючы пад кантролем пракуратуру і суд. Няма сумневу, што і зь «Белым легіёнам» адбылося б тое самае, калі б справа засталася ў КГБ.
Не прыгадаю ніводнага наганяю, які б Лукашэнка публічна рабіў КГБ, ніводнага крытычнага слова, ніводнай гучнай адстаўкі. На пагранцоў, мытнікаў, на той жа СК і далей літаральна на ўсіх паводле сьпісу наяжджаў, толькі не на КГБ. На сшытую белымі ніткамі і з усіх бакоў нявыгадную для краіны справу мытнікаў (тут і прэстыж службы, і вялізны бюджэт абсалютна пустога працэсу) і высмактаную з пальца ганебную для краіны справу беларускіх патрыётаў Лукашэнка адказаў падвышэньнем бюджэту гэтай установы ў 2018 годзе на 13%.
Я насамрэч цьмяна ўяўляю, чым займаецца гэтая таемная і вызваленая ад адказнасьці структура. Сьцеражэ імёны сталінскіх расстрэльшчыкаў і стукачоў у сваіх архівах? Дапытвае бізнэсоўцаў і паэтаў у «амэрыканцы»? Ловіць нейкіх нікому незразумелых шпіёнаў, якія пасьля раствараюцца ў паветры? Пасьвіць патрыёта Юркойця ў Астравецкім раёне, а значыць, і такіх самых Юркойцяў ва ўсіх раёнах краіны?
Пра нацыянальную бясьпеку і КГБ можна не казаць, гэта аксюмаран, гарачы сьнег. Дзяржаўная бясьпека ў нас галоўным чынам зводзіцца да асобы Лукашэнкі, на ахову якога новы бюджэт дае 12 мільёнаў даляраў. Але слова «ахова» шматзначнае.
Можа быць КГБ, які, на маю думку, у такім выглядзе Беларусі не патрэбны і прыносіць больш шкоды, чым карысьці, можа быць, насамрэч ён выконвае ролю «смотрящего» за Лукашэнкам? І прэзыдэнт вольны ў сваіх дзеяньнях толькі да той ступені, да якой яму гэта дазволіць КГБ, які насамрэч — працяг ФСБ?
Зрэшты, можна было б і не варажыць, а ўспомніць сустрэчу Лукашэнкі — яшчэ кандыдата ў прэзыдэнты — з работнікамі КГБ ўлетку 1994-га, калі ён прамовіў сае праграмныя словы: «Стаўка на КГБ будзе зробленая па ўсёй вэртыкалі».
Выходзіць, краінай у важных пытаньнях кіруе зусім не Лукашэнка. А вызваленьне «Белага легіёну» — усяго толькі дазвол яму захаваць сваё сувэрэннае «лицо».
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.