500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.
Францішак Скарына стаў першым у сьвеце чалавекам, які зьмясьціў свой партрэт у сакральнай кнізе.
Нарцысізм або самапавага
Дакладнага тлумачэньня гэтаму факту навука ня мае. Чэскі гісторык Пэтр Войт, які захапляецца Скарынам і называе яго тытанам, які ня мае сабе роўных у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе таго часу, нават дапускае магчымасьць пошуку «нэўрастэнічнай праблематыкі» ў факце зьмяшчэньня партрэту чалавека ў Бібліі.
Зразумела, што партрэт у Бібліі ў XVI стагодзьдзі стаў нечым накшталт тагачаснага сэлфі ў сакральнай кнізе. Таму Пэтр Войт і кажа пра «нэўрастэнічную праблематыку», маючы на ўвазе нарцысізм.
Мне здаецца, што гэтаму факту можна даць і іншае тлумачэньне.
Улічваючы шматлікія дэталі партрэту і рэчы, выяўленыя на ім, трэба гаварыць не пра «нэўрастэнію», але пра рэнэсансную самапавагу. Гэта — нечуваны акт дэманстрацыі ўласнай годнасьці, які мог адбыцца толькі ў эпоху Адраджэньня. І пайсьці на яго мог толькі той чалавек, які вызнаваў ідэі італьянскага Рэнэсансу і гуманізму таго часу.
Стратэгія піяру
Выглядае таксама, што ў выпадку Скарыны можна гаварыць ня толькі пра рэнэсансную самапавагу, але і пра самарэкляму, самапіяр, выкліканы ўсьведамленьнем значнасьці сваёй працы.
Аднойчы, пішучы пра свае кнігі, Скарына ўсклікнуў: «Не можем ли во великих послужити посполитому люду...» Няма сумневу, што ён дакладна разумеў маштаб таго, што робіць, і наколькі гэта важна для яго народу.
Самапіярам можна назваць і частае нагадваньне Скарынам пра яго тытул доктара мэдыцыны. Асьветнік меў доктарскую ступень і ў свабодных навуках, але, памятаючы пра спрадвечную павагу людзей да лекараў, наперад выстаўляў менавіта доктарскую ступень па мэдыцыне. Ён згадвае яе ў прадмове да ўсёй Бібліі, у прадмовах і пасьляслоўях да біблейных кніг і іншых сваіх выданьняў.
Нярэдка перад сваім імем і тытулам Скарына падае і такія самахарактарыстыкі, як «избранного мужа» або «ученаго мужа». А часам яшчэ і канкрэтызуе: «сыном из славнаго града Полоцька».
Яшчэ адна дэталь — герб Скарыны ў выглядзе сонца і месяца, які ён зьмяшчае на многіх ілюстрацыях у сваёй Бібліі. Часам гэты герб зьяўляецца ў праскай Бібліі ў выглядзе ці то жартоўнай, ці то "хуліганскай" варыяцыі, як, напрыклад, у некананічнай Кнізе Прамудрасьці Божай:
Можа быць, некаму гэта і падаецца нарцысізмам. Але здаецца ўсё ж, што мы маем справу зь піяр-стратэгіяй, пакліканай да жыцьця рэнэсанснай самапавагай, якая ў Скарыны сфармавалася не на пустым месцы, але вырасла з традыцый яго сям’і і роднага Полацка.
Крыніцы самапавагі
Час Скарыны (пра што тут ужо была гаворка) — гэта час фармаваньня і эмансыпацыі мяшчан як новай сацыяльнай праслойкі грамадзтва Вялікага Княства Літоўскага. Як напісаў некалі Генадзь Кісялёў, «Скарына — месьціч-гараджанін па нараджэньні, па паходжаньні, па духу».
А вось і крыніца, адкуль той дух Скарыны браўся. У 1464 годзе палачане, сярод якіх мог быць і дзед Скарыны, накіравалі ў Рыгу пасланьне з такімі словамі: «А Полтеск теж есть хвалячи бога место словутное, как и которое, а не есть нижшое во чести и во всем ни Вильни, а ни Мариборка, а ни Кданьска».
Такой самапавагай поўняцца многія тагачасныя граматы беларускіх гарадоў. Людзі, якія самі зараблялі на жыцьцё, — цанілі і паважалі сябе, сваю працу і яе вынікі.
Праз 50 гадоў Скарына шмат разоў напіша ў сваіх кнігах, што паходзіць зь "места славутнага" — «из славнаго града Полоцька».
Сусьветнае першынство
Вяртаючыся ж да партрэту, варта сказаць наступнае.
У XV стагодзьдзі ў Эўропе выйшла 126 друкаваных Бібліяў. У першай чвэрці XVI стагодзьдзя гэтая лічба павялічылася яшчэ на некалькі дзясяткаў. Аднак у ніводным з гэтых выданьняў ня зьмешчаны партрэт перакладчыка або выдаўца.
Толькі аднойчы, у 1490 годзе, у Бібліі вэнэцыянскага друкара Нікалё Малермі зьявілася невялічкая застаўка з выявай чалавека за пісьмовым сталом, але бяз подпісу і падачы імя.
У Скарыны ж яго ўласны партрэт — не застаўка. Ён займае цэлую старонку і падаецца ў дзьвюх кнігах Бібліі — Кнізе Ісуса Сірахава і Чацьвёртай Кнізе Царстваў.
Партрэт Скарыны быў створаны з натуры, ён дакладна датаваны, мае герб асьветніка і ягонае імя, пададзенае славянскай вязьзю.
Наступны раз партрэт рэальнага чалавека ў Бібліі зьявіўся ў Эўропе толькі ў 1641 годзе — праз 124 гады пасьля Скарыны.
Таму мы з поўным правам можам назваць нашага асьветніка першым беларускім піяр-мэнэджэрам.