Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: за што мы яго шануем


500 год беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Нягледзячы на тое, што мы называем Скарыну першадрукаром, друкаром у простым, прафэсійным значэньні гэтага слова ён ня быў.

Скарына — гэта грандыёзнага маштабу беларускі інтэлектуал эпохі Адраджэньня. Гэта арганізатар кнігадруку, пісьменьнік, паэт, перакладчык, рэдактар, мовазнавец, ідэоляг-гуманіст, грамадзкі дзяяч, лекар, садавод, бізнэсмэн.

Навукоўцы сыходзяцца на думцы, што ён асабіста не друкаваў свае кніжкі, не стаяў каля станка. Пра гэта, дарэчы, пісаў і сам Скарына ў сваіх прадмовах: кніга гэтая выдадзена «павеленіем і працаю» або «працай і пільнасьцю» або нават «павеленіем, працай і выкладам» доктара Францішка Скарыны.

У мінулым стагодзьдзі шмат спрачаліся, на якой менавіта мове Скарына выдаў Біблію. Славуты расейскі гісторык Пётар Уладзімераў яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі зрабіў выснову, што мова выданьняў Скарыны — беларуская. Сучасныя беларускія лінгвісты сыходзяцца на думцы, што Скарына пераклаў Біблію, а таксама напісаў прадмовы і пасьляслоўі на беларускім варыянце царкоўнаславянскай мовы. Падлічаны нават працэнт беларускіх і царкоўнаславянскіх слоў у той ці іншай кнізе Скарыны. Некаторыя зь іх маюць па 40, 43 і болей працэнтаў беларускай лексыкі. Зрэшты беларускі гісторык Георгі Галенчанка трымаецца думкі, што Скарына ўсё ж пераклаў Біблію на беларускую мову.

Вось вытрымкі зь некаторых Скарынавых прадмоў:

«Кажеть, естъли же в ласце милостиваго бога доконаем сего суетнаго жития... даючи нам приклад о любовнику и с своею любою, глаголя: „Поцалуй мя поцалованием уст своих!“ И даже до конца, яко же чтучи, знайдешь».

«Не став, Амане, Мардохею шибенице,
Сам повиснеш на ней».

«Потреба теж ведати, иже закон, или право, разноличне ся от людей называеть. Едино — пополитое, понеже от всех народов посполите соблюдаемо ест, яко мужа и жены почтивое случение, детей пильное выхование, близко живущих схожение, речи позыченое навращение...»

Як бачым, мова гэтых урыўкаў вельмі блізкая да тагачаснай пісьмовай старабеларускай — а фактычна, старабеларуская.

І каб такія старабеларускія кавалкі трапляліся там толькі месцамі, усё роўна нішто не замінала б нам і не замінае лічыць Францішка Скарыну першым пісьменьнікам, які пісаў па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG