500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.
У пачатку XVI стагодзьдзя дактароў мэдыцыны ў Эўропе было вельмі мала. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што ўсе яны былі знаёмыя паміж сабой ці, прынамсі, падтрымлівалі кантакты пры дапамозе перапіскі.
Прафэсія лекара ў тыя часы прыносіла дастатковы даход, каб чалавек мог заможна жыць. А ўзровень людзей, у якіх Скарына працаваў лекарам, сьведчыць ня толькі пра тое, што ён добра зарабляў, але і пра тое, што яго прафэсійны ўзровень задавальняў высокапастаўленых пацыентаў.
Каго лячыў
Лекарскую адукацыю ў невядомым пакуль унівэрсытэце Эўропы Скарына атрымаў паміж 1506 і 1512 гадамі. Гісторыкі ўсё больш схіляюцца да думкі, што ў гэтым жа прамежку часу Скарына пабываў і сакратаром караля Даніі Ганса, які кіраваў краінай у 1481-1513 гадах. Зразумела, што будучы пры двары, Скарына мог лячыць і караля, і іншых высокапастаўленых дацкіх прыдворных. Ва ўнівэрсытэце Капэнгагену тады мэдычнага факультэту не было і прафэсійныя лекары, без сумненьня, былі рэдкасьцю.
Больш за пяць гадоў Скарына быў сакратаром і лекарам віленскага біскупа Яна. Гэта быў пазашлюбны сын Жыгімонта І Старога. Сьвятарскага або біскупскага сану ён ня меў і афіцыйна зваўся Янам з князёў Літоўскіх. Як сьвецкая асоба, Ян кіраваў япархіяй і браў зь яе даходы. Скарына, такім чынам, лячыў сына караля і вялікага князя.
Пасьля Скарына стаў лекарам прускага герцага Альбрэхта, які вельмі шкадаваў, калі праз два гады славуты палачанін яго пакінуў.
Навошта скраў друкара ў Каралеўцы
Можна, вядома, разважаць і пра тое, што Скарына больш аддаваўся перакладу і друкаваньню кніг, чым лекарскай справе. Ускосна пра гэта сьведчыць і ліст, напісаны прускім герцагам Альбрэхтам 26 траўня 1530 году віленскаму ваяводу Гаштольду, у якім Альбрэхт скардзіўся, што пры ад’езьдзе з Каралеўца Скарына забраў з сабой і мясцовага друкара.
З гэтага вынікае, што асьветнік зьбіраўся далей выдаваць кнігі, але зусім не вынікае, што ён менш увагі надаваў лекарскай справе.
Патрыёт прафэсіі
З усяго нам вядомага пра Скарыну можна зрабіць выснову, што ён быў добрым лекарам і патрыётам сваёй прафэсіі. Ён перадаў яе свайму сыну Сімяону, які практыкаваў у другой палове XVI стагодзьдзя ў Чэхіі.
Таксама нельга не зьвярнуць увагі на той факт, што Скарына вельмі ганарыўся сваёй прафэсіяй і навуковай ступеньню доктара мэдыцыны. Усюды, дзе мог, ён падпісваўся ня толькі сваім імем і прозьвішчам, але і тытулам «в лекарских науках доктор», хаця быў і доктарам свабодных навук.