500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.
Францішак Скарына ня толькі пераклаў і выдаў самыя практычныя і распаўсюджаныя тэксты свайго часу, ён іх пракамэнтаваў, каб зрабіць больш даступнымі для «людей посполитых».
Усяго ён апублікаваў 50 прадмоў і 62 пасьляслоўі на тагачаснай беларускай літаратурнай мове. Фразы накшталт «к пожитку посполитого доброго», «людем посполитым к научению», «ко всему собору людей», «для посполитого доброго» сустракаюцца ў тэкстах Скарыны рэгулярна. Менавіта «людем посполитым» прысьвячае ён свае кнігі.
Але каго канкрэтна ён мае на ўвазе? Арыстакратаў, шляхту, сялян, гараджан? Адказ на гэтае пытаньне просты. Пад «людьми посполитыми» Скарына разумеў жыхароў гарадоў — мяшчанства, зь якога паходзіў сам.
Час Скарыны — гэта час паўставаньня ў Беларусі новай сацыяльнай праслойкі эўрапейскага тыпу — мяшчанства, якое складалася найперш з купцоў і цэхавых майстроў. Гэта было вынікам эканамічнага разьвіцьця беларускіх гарадоў і наступнага наданьня ім Магдэбурскага права. Мяшчанства набывала пэўныя правы, у тым ліку гарадзкое самакіраваньне, свой суд і эканамічную незалежнасьць.
Усе кнігі Скарыны выдадзены малым фарматам, каб імі было зручна карыстацца не ў царкве, але найперш у паўсядзённым жыцьці. А «Малая падарожная кніжка» і паводле памеру, і паводле зьместу наўпрост прызначалася для купцоў, якія маглі браць яе з сабой ў падарожжы.
Гісторыкі назвалі мяшчанства «трэцім саслоўем», маючы на ўвазе, што яно выйшла на гістарычную арэну ў фэадальныя часы пасьля шляхты і сялянства.
Паўсюды ў Эўропе мяшчанства паўставала ў вострай барацьбе з арыстакратыяй, якая імкнулася захаваць кантроль над фэадальным горадам. У Заходняй Эўропе мяшчане праз сваю эканамічную моц здолелі дамагчыся палітычных правоў і стаць часткай палітычнага народу той або іншай дзяржавы.
У Беларусі ж, якая ў 1569 годзе канчаткова трапіла ў склад шляхецкай Рэчы Паспалітай, мяшчанству так ніколі і не было наканавана выканаць сваю гістарычную функцыю — ажыцьцявіць буржуазную рэвалюцыю і стаць галоўным нацыя- і дзяржаватворчым чыньнікам. У нас адзіным палітычным клясам і палітычным народам была і да скону дзяржавы засталася польская і спольшчаная шляхта.
Беларускае мяшчанства панесла непапраўныя страты падчас вайны з Масковіяй 1654-1667 гадоў, якую нашы продкі назвалі Патопам. Гарады апусьцелі і ўжо ніколі ня здолелі аднавіцца на поўную сілу. Яшчэ адзін удар ім нанесла Паўночная вайна 1700-1721 гадоў. Колькасьць насельніцтва, якую Беларусь мела да вайны з Масковіяй у сярэдзіне XVII стагодзьдзя, яна здолела аднавіць толькі праз 130 гадоў — у 90-я гады XVIIІ стагодзьдзя.
Закончаная справа задушэньня беларускіх гарадоў і мяшчанства была ў самым змрочным стагодзьдзі беларускай гісторыі — у XVIII-м. Пасьля дзьвюх згаданых страшных войнаў у часы шляхецкай анархіі зьбяднелыя магнаты праз новае ўмацаваньне сыстэмы юрыдыкаў (зямельных уладаньняў у гарадах) пачалі зацягваць эканамічную пятлю на шыі беларускага мяшчанства.
А канчаткова яе зацягнулі расейскія ўлады пасьля далучэньня Беларусі да Расеі. Гарады былі пазбаўленыя Магдэбурскага права, мяшчан абмежавалі ў праве перамяшчацца, распаўсюдзілі на іх рэкруцкую павіннасьць і нават цялесныя пакараньні, якія захоўваліся аж да 1863 году. Цэхі заняпалі і амаль на сто працэнтаў зьмянілі этнічны склад, стаўшы габрэйскімі.
А ў часы Скарыны мяшчанства толькі ўбіралася ў сілу, толькі падыходзіла да свайго раньняга росквіту. Беларускі горад у XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў уяўляў сабой захапляльную карціну. Пачыналася паўсюднае мураванае будаўніцтва, паўставалі велічныя ратушы і храмы, ішоў бурлівы гандаль на гарадзкіх рынках, гасьцінныя дамы былі запоўненыя замежнымі купцамі, адбываліся ўрачыстыя цырымоніі ўступленьня ў мяшчанскае саслоўе або ў склад цэхаў з абавязковымі прысягамі, экзамэнамі на выраб «штукаў», грамадзкімі вячэрамі, цэхавымі шэсьцямі з харугвамі і «скрынкамі», у якіх захоўваліся гарадзкія і дзяржаўныя прывілеі. Сёньня ў гэта цяжка паверыць, але спрэчкі ў беларускіх гарадах ў XVI-XVII стагодзьдзях вырашаліся ў судах некалькіх інстанцый на падставе Статуту ВКЛ і Саксонскага права з удзелам сьведак, абвінавачаньня і абароны. Асабліва калі ведаеш, што ў некаторых суседніх дзяржавах судоў не было зусім.
Разбагацелыя купцы і цэхавыя майстры патрабавалі ня толькі юрыдычных і эканамічных правоў — яны адстойвалі свае нацыянальныя і рэлігійныя правы. Выказьнікам культурных інтарэсаў новапаўсталага беларускага мяшчанства, «людей посполитых» і быў Францішак Скарына.
Яго дзейнасьць стала, на жаль, вельмі раньняй ідэалягічнай і культурнай кульмінацыяй гістарычнага быцьця мяшчанства, якое ў Беларусі ў выніку неспрыяльных палітычных умоваў загінула, так і ня здолеўшы выканаць сваю гістарычную ролю.
Зрэшты, калі паглядзець на месца, якое ў нашым нацыянальным міце займае Скарына, то трэба ў ногі пакланіцца беларускім месьцічам. Хоць яны і не патрапілі стварыць мадэрнай беларускай дзяржавы, затое ў асобе і плёне свайго выбітнага вылучэнца заклалі трывалыя асновы беларускай нацыянальнасьці.