Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: у якую царкву ён хадзіў


Флярэнцыя. Царква Санта Марыя дэль Фьёрэ, месца падпісаньня Ўніі 1439 году паміж Каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі.
Флярэнцыя. Царква Санта Марыя дэль Фьёрэ, месца падпісаньня Ўніі 1439 году паміж Каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі.

500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Уніяцкі архімандрыт (будучы Кіеўскі мітрапаліт) Антоні Сялява, зьвяртаючыся ў 1622 годзе да сваіх праваслаўных апанэнтаў, пісаў, што раней «быў Скарына, ерэтык-гусіт, які для вас друкаваў у Празе кнігі па-руску». Сялява, як бачым, наўпрост называў Скарыну пратэстантам.

Сучасная дасьледчыца Сьвятлана Куль-Сяльверстава знайшла ў кнігах Скарыны прыкметы пратэстанцкага летазьлічэньня. Яна заўважыла, што Скарына пры датаваньні сваіх кніг ня згадваў пра рэлігійныя сьвяты і прысьвяткі, што было тады характэрна для каталіцкіх і праваслаўных тэкстаў. На думку Сьвятланы Куль-Сяльверставай, гэта "зьява Рэнэсансу, блізкая да прынцыпаў рэфармацыйнага руху".

Зь іншага боку, той факт, што Скарына пісаў вытанчаныя Акафісты да Багародзіцы ды яшчэ і суправаджаў іх акравершамі, сьведчыць, што ён быў выхаваны ва ўсходнехрысьціянскай традыцыі, любіў яе і пратэстантам быць ня мог. Акафісты — гэта асаблівая форма праваслаўнага, а пазьней і ўніяцкага набажэнства, якая нарадзілася ў Бізантыі.

Полацкі Сафійскі сабор. ХІ ст. Рэканструкцыя.

Некаторыя дасьледчыкі, спасылаючыся на імя Скарыны, сьцьвярджаюць, што ён быў лацінскім католікам. Прафэсар Неміроўскі яшчэ 30 гадоў таму паказаў, што ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў падзелу на каталіцкія і праваслаўныя імёны ў ВКЛ не існавала. Скарыну доўгі час стараліся «аправаславіць» і называлі яго Георгіем. Гэта была палітыка, абернутая ў мінулае, яе адэпты ня ведалі, што ў часы Скарыны і католікаў называлі Георгіямі.

Зрэшты, Скарына працаваў сакратаром віленскага біскупа Яна і, на думку гісторыкаў, уваходзіў у гурток гуманістаў пры віленскай курыі. Таму ён мог быць і лацінскім католікам-канвэртытам.

У XV стагодзьдзі шэсьць беларускіх мітрапалітаў з трынаццаці прызнавалі Унію з Рымам. Якраз пры апошнім мітрапаліце-уніяце XV стагодзьдзя Іосіфе І Балгарыновічы і гадаваўся ў Полацку беларускі асьветнік. Зьмяшэньне каталіцкай і праваслаўнай духоўнасьці і абраднасьці пачалося ў Беларусі з XIV стагодзьдзя. Гісторыкі сьцьвярджаюць, што на мяжы XV-XVI стагодзьдзяў у Вільні існаваў храм, дзе адбываліся набажэнствы ў лацінскім і ўсходнім абрадах.

Падпісаная ў 1439 годзе Флярэнцкая Унія паміж Канстантынопалем і Рымам была прызнаная царквой і ўладамі ВКЛ. З таго часу ў нас перасталі ўжываць тэрміны «вера грэцкая» і «вера рымская» — іх замянілі «закон грэцкі» і «закон рымскі». Пра тое, што на рубяжы XV-XVI стагодзьдзяў Флярэнцкая Унія ў ВКЛ усё яшчэ дзейнічала, пісаў той жа прафэсар Неміроўскі з Расеі.

Полацкі Cафійскі сабор пасьля выбуху і перабудовы ў XVIII cт.

Знаўца Скарынавых тэкстаў айцец Аляксандар Надсан заўважыў, што ў свае праваслаўныя па форме тэксты Скарына ўстаўляў каталіцкія догматы. Напрыклад, у Акафісьце апосталам Пятру і Паўлу з «Малой падарожнай кніжкі» Скарына называе апостала Пятра «Божий намесниче» — гэта каталіцкі догмат. Праваслаўная царква апостала Пятра намесьнікам Бога на зямлі не прызнае. І такіх месцаў у Скарыны шмат. Надсан прывёў прыклады, як пры перавыданьні Віленскім праваслаўным брацтвам у 1628 годзе ўсе каталіцкія месцы ў тэксьце акафісту былі старанна падчышчаныя. "Сёньня мы б назвалі яго ўніятам", — пісаў айцец Аляксандар Надсан.

Тым ня менш факт застаецца фактам — свае выданьні Скарына прызначаў для «людзей паспалітых» грэцкага закону, якія ў часы кіраваньня мітрапаліта Іосіфа Солтана (1507-1522) і яго наступнікаў на Флярэнцкую Унію паступова пачыналі ўжо забываць.

З гэтага кароткага агляду вынікае, што падставы лічыць Францішка Скарыну сваім маюць і праваслаўныя, і ўніяты, і католікі і пратэстанты. Насамрэч ён належыць усім нам.

Ці належаў ён да залатой моладзі

Колькі ўнівэрсытэтаў ён скончыў

Дзе ён натхніўся на выданьне кніг

Ці быў ён гуманістам

Ці быў ён заснавальнікам усходнеславянскага друку

За што мы яго шануем

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG