500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.
Раней некаторыя навукоўцы лічылі, што Скарына сам ствараў гравюры для сваіх кніг. Сёньня ўжо вядома, што гравюры да Бібліі Скарыны рабілі чэскія і нямецкія майстры, якіх ён наймаў і якім даваў непасрэдныя заданьні.
Зьмясьціў у Бібліі два сваіх партрэты
Навукоўцы даўно падазравалі, што ў Бібліі ёсьць не адзін партрэт Скарыны. Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі прафэсар Кіеўскага ўнівэрсытэту Пётар Уладзіміраў пісаў, што на каляровай ілюстрацыі ў Кнізе Прамудрасьці Божай пад назвай «Бласлаўленьне» ў вобразе апостала Яна, які моліцца да Хрыста, можа быць выяўлены сам Скарына.
Беларускі мастацтвазнавец Мікола Шчакаціхін лічыў, што на гравюры «Бласлаўленьне» выяўлены цар Салямон. Але гэты біблейны пэрсанаж заўсёды маляваўся ў царскім аблачэньні. Малады ж чалавек на гравюры апрануты ў чырвоную доктарскую мантыю часоў Скарыны — чырвоны колер у тыя часы быў адзнакай вучонасьці.
Таму ідэю, што гэта сам малады Скарына ў доктарскай мантыі, падтрымлівалі і беларускія мастацтвазнаўцы Лявон Баразна і Віктар Шматаў.
Да іх думкі летам 2017 году далучыўся і чэскі гісторык-скарыназнавец Пэтр Войт. І вось якраз з працамі Пятра Войта і зьвязаныя новыя адкрыцьці ў вывучэньні Скарынаўскіх ілюстрацый. Як аказалася, Скарына зьмясьціў у Бібліі ня толькі два свае партрэты.
За выявамі біблейных пэрсанажаў схаваў партрэты рэальных гістарычных асобаў
Беларускі асьветнік стаў другім чалавекам у сьвеце пасьля нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра, хто за выявамі кніжных пэрсанажаў схаваў партрэты рэальных гістарычных асобаў.
Выявы людзей на кніжных ілюстрацыях у часы Скарыны былі тыпізаваныя, ня мелі пэрсанальных адрозьненьняў і былі ўсе падобныя паміж сабой. У Скарыны ж, як заўважылі навукоўцы, выявы маюць рэзка індывідуальныя рысы — яны ўсе адрозьніваюцца адна адной.
У Пятра Войта зьявілася падазрэньне, што за выявамі біблейных пэрсанажаў у кнігах Скарыны стаяць рэальныя гістарычныя асобы. Такія выявы называюць крыптапартрэтамі, бо яны не падпісаныя. Войт стаў больш пільна вывучаць некаторыя Скрынаўскія ілюстрацыі і сапраўды здолеў ідэнтыфікаваць каля дзесяці тагачасных гістарычных дзячаў.
Сярод іх чэскі кароль XV стагодзьдзя Іржы з Падэбрад, кароль і Вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары, чэскія каралі з дынастыі Ягайлавічаў Людвік і Ўладзіслаў ІІ, папа рымскі Юлій ІІ, чэская каралева Ганна дэ Фуа — жонка Ўладзіслава ІІ Ягайлавіча і т.д. На думку гісторыка, Скарына мог рабіць гэта на знак падзякі за дапамогу або апекаваньне.
Пэтр Войт лічыць, што ў будучым трэба стварыць міжнародны калектыў гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, які зрабіў бы параўнаньне герояў усіх скарынаўскіх ілюстрацый зь вядомымі выявамі тагачасных гістарычных асобаў.
Мог зашыфраваць партрэты арыстакратаў ВКЛ і сваіх сваякоў
Але ёсьць у справе ідэнтыфікацыі прататыпаў на гравюрах нашай першай друкаванай Бібліі і чыста беларускі аспэкт. Навукоўцы ўжо даўно заўважылі, што на некаторых малюнках у Бібліі Скарыны можна бачыць гербы тагачасных беларускіх дзяржаўных і вайсковых дзеячаў. У прыватнасьці на гравюры «Людзі Ізраілевы з палкамі каля Храму Божага» з тытульнага ліста Кнігі «Лічбы» (1519) гісторык Генадзь Лебедзеў ідэнтыфікаваў гербы Радзівілаў, Гаштольдаў і Астроскіх.
І тут паўстае пытаньне: а ці не схаваў Скарына за вобразамі біблейных пэрсанажаў партрэты некага зь беларускіх дзяржаўных, вайсковых і рэлігійных дзеячаў таго часу, сваіх мэцэнатаў, а можа і сваякоў? Партрэты ня ўсіх з гэтых людзей захаваліся. Але, напрыклад, сваякоў першадрукара можна было б ідэнтыфікаваць паводле ўскосных прыкметаў — напрыклад, тагачаснага мяшчанскага адзеньня. Можа быць, у нейкай партрэтнай групе знойдзецца і яшчэ адна выява самога Скарыны.
Асьветнік вельмі любіў і паважаў свайго бацьку Луку Скарыну, меў блізкія дачыненьні зь сям’ёй брата Івана. Ці няма ў Бібліі Рускай і іх партрэтаў або партрэтаў іншых сваякоў?
Некалі гісторыкі адкажуць і на гэтае пытаньне.