Гэта адбылося пасьля таго, як мясцовыя сілавікі двое сутак зьбівалі і катавалі яго электрычнасьцю, прымушаючы даць паказаньні на старэйшага брата. Высокапастаўлены паліцыянт падазраваў яго ў падрыхтоўцы замаху на сваё жыцьцё. Амрыеву пагражалі «крывавай помстай». Акрываўленага, яго адпусьцілі пасьля катаваньняў, загадаўшы вярнуцца на наступны дзень. Замест гэтага Амрыеў расказаў пра катаваньні праваахоўнікам і зьехаў ва Ўкраіну.
Ва Ўкраіне ў 2014 годзе ён стаў чэмпіёнам у MMA.
Чаму Амрыева затрымалі па дарозе ў Расею
У пачатку чэрвеня 2017 году Амрыева затрымалі на мяжы Расеі і Ўкраіны, калі ехаў у Маскву для афармленьня візы. Гэта адбылося ў Бранску на запыт чачэнскіх паліцыянтаў.
Як затрымлівалі Мурада Амрыева. Відэа
Прычына затрыманьня — падазрэньне ў выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў (у пашпарце Амрыева ёсьць памылка ў даце нараджэньня — 1986 год замест 1985-га, памылка была дапушчаная пашпартысткай падчас узнаўленьня дакумэнтаў у 2000 годзе). Амрыеў, як заявілі ў праваахоўных органах, быў абвешчаны ў фэдэральны вышук.
Чаму Амрыеў апынуўся руках беларускай міліцыі
6 чэрвеня бранская паліцыя адвезла Амрыева на допыт у будынак бранскай транспартнай пракуратуры. У Бранск да таго моманту прыбылі чачэнскія паліцыянты. У адным зь іх баец пазнаў чалавека, які катаваў яго ў 2013 годзе.
У мітусьні Амрыеў здолеў пакінуць будынак бранскай транспартнай пракуратуры і зьехаў на машыне, у якой яго чакалі сябры.
У ноч на 8 чэрвеня стала вядома, што Амрыеў затрыманы на тэрыторыі Беларусі — у горадзе Добруш Гомельскай вобласьці. Да Амрыева не пускалі адваката Пятра Заікіна. Тлумачэньне: расейскі адвакат ня мае права працаваць на тэрыторыі Беларусі.
Амрыеў намагаўся папрасіць палітычнага прыстанішча ў Беларусі. Але супрацоўнікі аддзелу міграцыі і грамадзянства аформілі на яго дакумэнты на «прымусовую высылку». Беларускія праваахоўнікі заявілі, што выдадуць Амрыева Расеі.
Дзе Амрыеў цяпер, невядома
Увечары 8 чэрвеня ад будынка РАУС у Добрушы выехалі два аўтамабільныя эскорты: 5 машын з танаванымі шыбамі, якія рушылі ў бок беларуска-расейскай мяжы. На момант публікацыі ягонае месцазнаходжаньне невядомае.
Раніцай 9 чэрвеня стала вядома, што сям’я Амрыева зьехала з Чачні, перад гэтым ягоныя сястра і маці апублікавалі відэазварот да кіраўніцтва Расеі і Чачні. У звароце яны просяць справядліва разабрацца ў справе, якая, на іхную думку, «шытая белымі ніткамі».