Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начаваў у машыне, шукаў працу. Як жыў беларус, які памёр праз паўгоду пасьля перасадкі сэрца ў Польшчы


Ільля Жалезьнякоў у шпіталі неўзабаве пасьля перасадкі сэрца, архіўнае фота
Ільля Жалезьнякоў у шпіталі неўзабаве пасьля перасадкі сэрца, архіўнае фота

Свабода пагаварыла з людзьмі, якія камунікавалі з Ільлём Жалезьняковым у ягоныя апошнія месяцы.

«Для чалавека з інваліднасьцю не было ніякіх шанцаў»

Ільля памёр яшчэ месяц таму, 7 лістапада, у шпіталі ў Варшаве, расказваюць ягоныя знаёмыя. Сэрца, якое яму перасадзілі сем месяцаў таму, перастала працаваць. Ільлю было 34 гады. Яго пахавалі ў Беларусі. Знаёмыя мяркуюць, што хлопец мог памерці таксама і праз складаныя ўмовы, у якіх ён жыў пасьля апэрацыі.

«І здаровы чалавек можа захварэць і памерці ў такіх умовах, а для чалавека з інваліднасьцю не было ніякіх шанцаў», — мяркуе ягоная знаёмая Вольга* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).

Першы допіс пра сьмерць Ільлі на ягонай старонцы ў Facebook зьявіўся праз тыдзень. Аднак грамадзкасьць даведалася пра гэта толькі праз месяц.

Людзі, якія ведалі Ільлю, апісваюць яго як добрага і сьветлага чалавека, які любіў сваю дачку. Пры гэтым адзначаюць, што зь ім было складана камунікаваць, ён часам злаваўся на спробы яго падтрымаць, не заўжды хацеў прасіць пра дапамогу, хаця, імаверна, патрабаваў яе. Калі ўсё ж ён зьвяртаўся ў розныя арганізацыі і фонды па дапамогу з жытлом і лекамі, то збольшага сутыкаўся з адмовамі.

Пасьля выпіскі са шпіталя ў красавіку, Ільлю не было, куды пайсьці. У яго амаль не было грошай на жыцьцё. Некалькі разоў мужчына зьвяртаўся па дапамогу да беларускай дыяспары ў Варшаве. Яшчэ калі ляжаў у шпіталі, то прасіў прынесьці яму проста пітной вады. Пакідаў у допісах таксама нумар для грашовых пераводаў, але праз нейкі час прасіў больш яму не дасылаць, бо яму ўжо хопіць.

У Ільлі скончыўся беларускі пашпарт і дазвол на жыхарства ў Польшчы. Ён падаўся на міжнародную абарону. Рашэньня не дачакаўся.

Падчас размовы са Свабодай увесну Ільля казаў, што ён разышоўся з жонкай, у яго амаль не засталося сяброў, таму яго мала хто падтрымлівае. Яму сталі дапамагаць неабыякавыя беларусы, якія даведаліся ягоную гісторыю з сеціва.

«Цёткі да яго хадзілі», — кажуць знаёмыя.

Яны прыносілі Ільлю ежу, дапамагалі грашыма, зьвяртацца ва ўстановы па дапамогу, падтрымлівалі маральна, размаўлялі зь ім.

Жыў у машыне

Першы час пасьля выпіскі Ільля жыў у гостэле ў Варшаве. Фонд BySol адкрыў для яго збор на 4 тысячы эўра. Грошы сабралі за некалькі дзён.

Але ўсю суму адразу арыштаваў судовы выканаўца. Аказалася, што за Ільлём заставаўся нясплачаны крэдыт, расказвае Вольга. Са словаў іншай знаёмай Ільлі, Марыі, у яго маглі быць нейкія нясплачаныя штрафы. Ільля з дапамогай юрыстаў абскарджваў гэтае дзеяньне, каб грошы з дабрачыннасьці, неабходныя на жыцьцё, у яго не забіралі. Аднак сродкі яму так і не вярнулі.

Вольга расказала, што знаёмыя прасілі, каб Ільлю пусьцілі пажыць у гостэле бясплатна або каб вярнулі грошы за той пэрыяд, пакуль ён ляжаў у шпіталі, аднак нічога з гэтага не атрымалася. Прасілі таксама, каб Жалезьнякова надаўжэй пакінулі ў шпіталі, расказвае Вольга, але гэта таксама ня выйшла.

Ільля Жалезьнякоў у шпіталі, архіўнае фота
Ільля Жалезьнякоў у шпіталі, архіўнае фота

Ільля стаў жыць і начаваць у сваім аўтамабілі са спушчанымі коламі, які стаяў побач з гостэлам.

«У яго там быў цэлы склад», — кажа яшчэ адна знаёмая Жалезьнякова Марыя.

Раз на тыдзень ён хадзіў мыцца ў сілоўню, у якую ён купіў абанэмэнт. Па патрэбе хадзіў у вулічны туалет. Тэлефон зараджаў у гандлёвым цэнтры, калі меў сілы туды дайсьці. Знаёмых прасіў выпраць адзеньне.

Калі ён зьвяртаўся па дапамогу ў розныя арганізацыі, усё што яму прапаноўвалі — гэта жыць у начлежцы для бяздомных.

«Яны казалі: ня мы вам мусім дапамагаць», — пераказвае Вольга.

Некалькі разоў ён сапраўды там спыняўся. Але зь ягоным здароўем рызыкоўна было кантактаваць зь вялікай колькасьцю бяздомных і часта хворых людзей.

Па дапамогу зьвярталіся і да Паўла Латушкі, кажа Вольга. Ён напісаў ліст да польскіх органаў улады з просьбай, каб хутчэй разглядзелі ягоны заяву на міжнародную абарону.

Яшчэ адзін варыянт з жытлом быў — у шэлтары, падчас чаканьня рашэньня па міжнароднай абароне. Аднак там беларусу сказалі, што яго адправяць з Варшавы жыць у Белавескую пушчу. Туды мужчына баяўся ехаць, бо гэта было далёка ад варшаўскіх кардыёлягаў, да якіх ён рэгулярна зьвяртаўся. Ён хваляваўся, што ў выпадку чаго яго не выратюць у мясцовым шпіталі ў пушчы, а да Варшавы ён ужо не пасьпее даехаць, расказвае Вольга. Ён таксама баяўся грамадзкага транспарту і публічных месцаў, бо ў яго быў аслаблены імунітэт.

Ільля спрабаваў знайсьці працу, але па-першае, у яго было слабое здароўе, каб працаваць, асабліва фізычна, па-другое, ён ня меў права на працу, пакуль разглядалі ягоную заяву на міжнародную абарону.

Моцныя болі, трэмар, дарагія лекі

Адчуваў сябе Ільля пасьля перасадкі сэрца досыць кепска, часам стан пагаршаўся.

«Потым ён крыху акрыяў. А ў красавіку, калі яго выпісвалі, яго калаціла ўсяго. Ён казаў, што так прэпараты на яго дзейнічаюць. Трэмар, рукі калоцяцца, усё калоціцца, плача», — расказвае Вольга.

Яна ўспамінае, што, паводле ейных назіраньняў, Ільля быў ад усёй сытуацыі, у якой аказаўся, у адчаі.

«Адчуваў ён сябе ня вельмі добра, і ў фізычным, і ў псыхічным пляне. На яго то накатвала дэпрэсія, то ён быў вясёлы і жыцьцярадасны», — успамінае Марыя.

Некалькі разоў Ільля трапляў у шпіталь цягам гэтых сямі-васьмі месяцаў пасьля апэрацыі.

Ягоныя знаёмыя страцілі зь ім сувязь у чэрвені. Спрабавалі яго шукаць з дапамогай паліцыі. Знайшлі мужчыну ўрэшце ў рэанімацыі шпіталя, расказвае Вольга. Ён лёг у шпіталь, каб прачысьціць пазухі носа. Гэта звычайная працэдура пасьля такой апэрацыі, як у яго. Пасьля перасадкі сэрца ў Ільлі выдзялялася шмат сьлізі і выходзіла носам, яму было складана гаварыць і дыхаць. Пасьля яго выпісалі са шпіталя.

Ільля Жалезьнякоў у шпіталі, архіўнае фота
Ільля Жалезьнякоў у шпіталі, архіўнае фота

У кастрычніку ў Ільлі пачаўся гнойны працэс у іншай сфэры, не кардыялягічнай. Яна ўгаварыла яго паехаць у шпіталь, там яму зрабілі апэрацыю.

«Яму вельмі моцна балела. Ён пісаў мне потым, што ён перажыў пекла», — расказвае Вольга.

Пасьля гэтай апэрацыі яго таксама выпісалі са шпіталя. Некалькі начэй ён яшчэ начаваў ў прытулку для бяздомных, кажа Марыя. Ён зьбіраўся таксама пераехаць жыць у шэлтар, са словаў Вольгі.

Ільлю неабходна было ўвесь час прымаць лекі, якія падтрымліваюць імунітэт, пасьля апэрацыі на сэрцы. Аднак яны ў яго не заўсёды былі. Увосень лекі яму трэба было купіць за свае грошы. На іх трэба было аддаць каля тысячы злотых (прыкладна 250 эўра), якіх у Ільлі, імаверна, не было.

«Тыдзень ён мог быць бязь лекаў», — мяркуе Вольга.

Такой жа думкі і Марыя, што Ільлю не заўсёды хапала грошай на неабходныя для жыцьця лекі.

«Я адразу ведала, што мы не дамо рады, што патрэбная дапамога інстытуцый. Была толькі дапамога ад людзей, але яна была вельмі слабая», — кажа Вольга.

Пры гэтым Ільля не заўсёды хацеў прасіць пра дапамогу, а часам нават злаваўся на спробы яму дапамагчы, расказваюць ягоныя знаёмыя.

«Праз ягоную галаву я не магла гэта рабіць, у мяне былі зьвязаныя рукі», — кажа Вольга.

«Ён рэдка зьвяртаўся па дапамогу. Ён не хацеў прасіць. Нават калі яму прапаноўвалі, ён адмаўляўся, казаў, што ў яго ўсё ёсьць. Калі мы прыяжджалі, то бачылі, што ў яго нічога зь ежы няма, толькі вада. Ён некалькі дзён галадаваў. Калі мы купілі яму нешта паесьці, то ён, бедны, проста на гэтую ежу накінуўся», — успамінае Марыя.

Знаёмыя ўспамінаюць, што Ільля вельмі любіў дачку. Нядаўна дзяўчынцы споўнілася чатыры гады. Яна разам з маці жыве таксама ў Польшчы, але не ў Варшаве. Пасьля перасадкі сэрца Ільля пасьпеў зьезьдзіць да дачкі.

«Часам мы пакідалі Ільлю грошы на нейкія патрэбы на праезд. А потым аказвалася, што ён усё пераводзіў дачцэ, на падарунак. Ільля хацеў трапіць да яе на дзень нараджэньня, але не пасьпеў», — кажа Марыя.

Яна расказала, што Ільля вельмі добра ставіўся да ейнай уласнай дачкі, якая ў такім жа ўзросьце, як і ягоная. Аднойчы ён падарыў ёй ляльку Барбі, нягледзячы на сваё складанае матэрыяльнае становішча.

«Ён вельмі хацеў жыць. Верыў, што ўсё вырашыцца зь міжнароднай абаронай, што ён зможа выйсьці на працу, рабіць татуяваньні», — кажа Марыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG