У цяперашні момант супрацоўнікі Ўпраўленьня па грамадзянстве і міграцыі рыхтуюць дакумэнты, каб перадаць Мурада Амрыева праваахоўным органам Расеі. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прэс-службе Ўпраўленьня ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама.
«Ён адзін знаходзіцца ў Добрускім РАУСе. Ён не пад вартай, ні ў кайданках. Проста ў Добрускім РАУСе, у кабінэце. Яго апыталі. Там на месцы вядзецца праца па афармаленьні дакумэнтаў на высылку і перадачу расейскім праваахоўнікам. Па факце таго, што ён знаходзіцца ў вышуку», - паведамілі ў прэс-службе.
У Добруш зараз накіроўваюцца беларускі і расейскі адвакаты Амрыева.
Амрыева затрымалі на пункце пропуска «Весялоўка» з 7 на 8 чэрвеня, калі ён накіроўваўся зь Беларусі ва Ўкраіну. На памежным кантролі выявілі, што ён знаходзіцца ў вышуку ў Расеі. За падробку дакумэнтаў. Пасьля гэтага Амрыева затрымалі і даставілі ў Добрускі РАУС.
«Зараз вядуццца перамовы з расейскім бокам, як арганізаваць перадачу, - кажуць у прэс-службе. - Хутчэй за ўсё, ён будзе перададзены расейскаму боку. Цягам дня, максімум – заўтра».
Паводле інфармацыі «Новой газеты», Мурада Амрыева, чэмпіёну сьвету па ММА, і ягоную сям’ю ўжо некалькі гадоў перасьледаюць праваахоўныя органы Чачні. Яму абвешчаная кроўная помста. Ён лічыўся ў фэдэральным вышуку за выкарыстаньне нібыта падробленых дакумэнтаў. З вышуку паводле гэтага абвінавачваньня Амрыева зьнялі яшчэ ў 2013 годзе, згодна з загадам МУС РФ № 213. А вышуковую справу спынілі праз адсутнасьць у яго дзеяньнях складу злачынства.
Зь невядомых прычынаў Мурада Амрыева ўнесьлі ў базу фэдэральнага вышуку 1 лютага 2017 году.
4 чэрвеня спартоўца зьнялі зь цягніка і затрымалі на станцыі Суземка Бранскай вобласьці.
Пасьля таго, як кіраўніцтву чачэнскага МУС стала вядома пра затрыманьне Мурада Амрыева, у Бранск рушыла група захопу, каб забраць і адканваяваць Амрыева ў Чачню.
Камітэт прадухіленьня катаваньняў заявіў, што ў такім выпадку жыцьцю і здароўю Амрыева пагражае небясьпека. Пасьля ўмяшаньня кіраўніка Рады правоў чалавека Міхаіла Фядотава і кіраўніцтва МУС Расеі выдачу Амрыева Чачні ўдалося спыніць.
6 чэрвеня Амрыеў змог пакінуць будынак бранскай пракуратуры і зьехаць з гораду. Ён і ягоны адвакат асьцерагаліся, што спартоўца захопяць сілай чачэнскія сілавікі проста на выхадзе з будынка. Каля бранскай пракуратуры стаяў аўтобус з чачэнскім спэцназам.