«Тры месяцы таму я пераехала ў Менск з Адэсы, — напісала 25 лістапада ў Threads карыстальніца зь нікам jassminetakha. — Пляную разьвіваць сваю справу, брэнд найлепшых галаўных убораў для мусульманак, тут у Беларусі. Мусульманкі Беларусі, падпісвайцеся. Усім Асалям алейкум».
І адразу сутыкнулася з хваляй абурэньня і асуджэньня. Вось прыклады некаторых абураных камэнтароў пад допісам:
- «Скажыце потым адрас крамы, паспрабую побач з вамі адкрыць краму зь свінінай на паліцах»
- «На…й (навошта. — РС) вы працеся ў хрысьціянскія краіны і ныеце, што вас ушчамляюць? Едзьце ў Афганістан ці Эгіпет, дзе вас прымуць як родных»
- «Шчыра не хачу, каб мой камэнтар быў нэгатыўным, усе мы людзі. Але, калі ласка, пераяжджайце без рэлігійных замашак, які, блін, Асалям алейкум»
- «Нешта мне падказвае, што калі я захачу ў мусульманскай краіне прадаваць крыжыкі, сьвечкі ці велікодныя яйкі для хрысьціян, што там жывуць, мяне заб’юць камянямі».
На гэты момант пад допісам амаль чатыры з паловай тысячы камэнтароў. Ня ўсе яны нэгатыўныя. Ёсьць і тыя, хто падтрымлівае ураджэнку Адэсы Жасьмін. А таксама тыя, хто зьдзіўлены раптоўнай неталерантнасьцю беларусаў.
«Я чытала камэнтары пад гэтым допісам, — кажа ў размове са Свабодай беларуска Ганна, якая таксама вызнае іслам. — І я абсалютна ніяк ня зьдзіўленая. Беларусы, на жаль, не гатовыя да прыняцьця альтэрнатыўных поглядаў, скажам так. І я абсалютна не разумею, каму і чым можа замінаць наша хустка ці крама з хусткамі. Мне здаецца, што тут моцны ўплыў аказвае расейская прапаганда. У Threads тым жа — няхай сабе. Але чаму нават мае калегі такія камэнтары сабе дазвалялі?»
Неталерантныя беларусы
Ганна (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) жыве ў адной з арабскіх краін, пэрыядычна прыяжджае ў Беларусь, мінулым летам пражыла ў Менску два месяцы. Іслам яна прыняла ў сьвядомым узросьце, калі жыла за мяжой. Пасьля вярталася ў Беларусь надоўга. Яна расказвае, што з неадэкватнай рэакцыяй на свой выгляд (а дзяўчына прытрымліваецца традыцыйнага мусульманскага стылю) сутыкалася ў Менску яшчэ дзесяць гадоў таму.
«Я нашу хіджаб ужо 15 гадоў, — кажа Ганна. — У Беларусі я працавала ў адной вядомай кампаніі. І калегі зь іншых кампаніяў на сустрэчах вельмі нэгатыўна да мяне ставіліся. Гаварылі мне адкрыта — „хто цябе з кухні выпусьціў?“ І гэта калегі з адукацыяй. Вельмі перадузятае было стаўленьне. Хоць я да Беларусі два гады адпрацавала ў хрысьціянскай краіне Эўразьвязу, там ні ў кога не было ніякіх пытаньняў. А калі прыехала ў Беларусь, то выявілася, што беларусы абсалютна неталерантныя да адкрытых мусульманаў».
Выказваючы зьдзіўленьне, Ганна ўзгадвае, што мусульмане ў Беларусі жывуць не адну сотню гадоў, а беларуская мова нават мае ўласную вэрсію арабскага альфабэту.
«Чаму беларусы не прымаюць мусульман, мне незразумела, — працягвае суразмоўца. — Я заўсёды была ўпэўненая, што наш нацыянальны код гэта талерантнасьць. Талерантнасьць і памяркоўнасьць. А сутыкнулася з абсалютным хэйтам і непрымірэннасьцю. У чым праблема, калі нехта носіць традыцыйную хустку?»
Кароткая спадніца ў Эгіпце
Дзеці Ганны таксама мусульмане. Яны размаўляюць па-расейску, кантактуюць з хрысьціянамі — роднымі і сябрамі Ганны. Сёлета ўлетку, гуляючы ў Менску ў двары, яны пачулі нецэнзурную лаянку і пачалі яе ўжываць у размовах з маці. Ганна расказвае, што напісала пра гэта ў дваровым чаце і папрасіла быць больш асьцярожнымі ў выказваньнях пры яе дзецях. Рэакцыя была вельмі хуткай.
«На наступны дзень я пабачыла, што калі ўсе дзеці гулялі ў футбол у двары, мае сядзелі ў куточку, — расказвае суразмоўца. — Спытала ў іх, чаму так. Дзеці адказалі, што іх больш не бяруць. Пачала высьвятляць, чаму. Пачула фонам падчас размовы з адной з маці: „А што ўзяць з гэтых нярускіх дзяцей“. Яшчэ неяк майму сыну жартам нехта садраў шорты. А ў мусульман гэта недапушчальна для мужчыны, вельмі прыніжальна. Пачалася бойка паміж дзецьмі, прыбегла адна з мацярок. Я спрабавала тлумачыць, што ў нашай рэлігіі гэта можа значыць, чаму такая рэакцыя. Пачула ў адказ: „Едзьце ў свой Афганістан“».
Аб прычынах такога стаўленьня да тых, хто выглядае іначай і мае іншыя традыцыі, Ганна разважаць не бярэцца. Кажа, што лепш зьвяртацца да псыхолягаў і сацыёлягаў. Зазначае, што ведаў пра сьвет у беларусаў вельмі няшмат.
«Гэты допіс у Threads і рэакцыя на яго, вядома, не сацыялягічная выбарка, — гаворыць Ганна. — Але калі людзі там пішуць пра рэакцыю на кароткую спадніцу ў Эгіпце… Ды ня будзе ніякай рэакцыі. Я жыву ў арабскай краіне, дзе жанчыны-мусульманкі носяць бікіні, плаваюць так у басэйнах. Бо яны так хочуць. І ніхто іх не прыніжае. У ісламе няма публічнага пакараньня за адмову насіць хіджаб. Не хочаш — калі ласка. Гэта твая адказнасьць перад Алахам. Жанчыны-мусульманкі носяць традыцыйнае закрытае адзеньне не для таго, каб мужчыны на іх не глядзелі. Гэта толькі спосаб пакланяцца Алаху».
Ганна дадае, што у Беларусі жывуць дастаткова шмат жанчын-мусульманак, якія прытрымліваюцца традыцыйнага стылю ў адзеньні. Гэта і беларускі, якія прынялі іслам, і мусульманкі, якія прыехалі ў Беларусь зь іншых краін.
«У мяне ёсьць сяброўкі, якія ў Беларусі носяць традыцыйнае адзеньне, — расказвае Ганна. — Але толькі некаторыя зь іх вядуць актыўнае сацыяльнае жыцьцё. Езьдзяць некуды, яшчэ нешта. Спакойна ставяцца да рэакцыі на іхны выгляд, скажам так. Бо некаторыя насамрэч не выходзяць з дому. Яны ня хочуць, каб на іх неадэкватна рэагавалі».
«Стараюцца ў Беларусі моцна не адсьвечваць»
Ганна таксама кажа, што зараз, магчыма, рэакцыя на яе выгляд на вуліцах Менску ўсё ж больш талерантная. Зьвязвае гэта з тым, што у Беларусь сталі прыяжджаць больш людзей з розных мусульманскіх краін. Але яшчэ нейкі час таму яна і сама рэгулярна сутыкалася з адкрыта незразумелым стаўленьнем.
«Маглі мне ўсьлед крыкнуць „Алаху акбар“, — узгадвае Ганна. — Ну, малайцы, вядома. Думаюць, напэўна, што яны мяне так абражаюць. Хоць насамрэч яны праслаўляюць Алаха такім чынам. Але я ведаю, што жанчыны (у традыцыйным мусульманскім строі. — РС) стараюцца ў Беларусі моцна не адсьвечваць. Хоць у Менску для жанчын-мусульманак і заняткі ў мячэці адбываюцца, і ў ісламскім культурным цэнтры таксама. Туды прыходзяць ня толькі маладыя дзяўчаты. Сталыя таксама, жанчын-татарак даволі шмат у Беларусі».
Ганна дадае, што вельмі станоўча ўспрыняла ідэю адкрыць краму з традыцыйнымі жаночымі мусульманскімі галаўнымі уборамі. Зараз беларускія мусульманкі змогуць там купіць сабе тое, што раней даводзілася прывозіць з-за мяжы.
«Калі людзі хочуць насіць нікаб, то хай яго носяць, гэта іх справа, — дадае Ганна. — Людзі робяць тату на твары, гэта іх справа. Пірсінгуюць твар — хай пірсінгуюць. Чым каму замінае нікаб? Чаму нельга адкрываць такую краму?».
Дадатак
Якія галаўныя уборы бываюць у мусульманак і як яны выглядаюць:
Хіджаб — накідка, якая можа закрываць галаву і плечы, яго даўжыня і выгляд могуць адрозьнівацца ў розных мусульманскіх краінах. Твар жанчыны пры гэтым, як правіла, застаецца цалкам адкрытым.
Нікаб — традыцыйны мусульманскі жаночы галаўны убор, які цалкам закрывае твар, пакідаючы для вачэй толькі тонкую адтуліну. Як правіла, ён чорнага колеру. «Гэта вельмі зручная штука для захаваньня скуры, — кажа Ганна, — Для захаваньня сваёй ананімнасьці зноў жа».
Бурка — адрэз з тканіны, які спускаецца з галавы да самай зямлі, мае шчыліну для вачэй. Яна закрываецца адмысловай сеткай, сплеценай з конскага ці вярблюджага воласу. Распаўсюджаная ў Афганістане.
Паранджа — халат, які пакрывае ў тым ліку галаву. Твар закрыты сеткай з конскага ці вярблюджага воласу. Была папулярная ў краінах Цэнтральнай Азіі.
Чадор — кавалак тканіны, які намотваюць вакол галавы. Папулярны ў Іране.
Форум