Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уратуйце Мурада Амрыева»: зварот Ксеніі Сабчак да Аляксандра Лукашэнкі. Відэа


Ксенія Сабчак і Аляксандар Лукашэнка, 2014 год
Ксенія Сабчак і Аляксандар Лукашэнка, 2014 год

Вядучая расейскага тэлеканалу «Дождж» Ксенія Сабчак запісала зварот да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У ім яна заклікала выратаваць байца MMA Мурада Амрыева, які знаходзіцца ў вышуку на запыт чачэнскіх уладаў і які ў ноч на чацьвер быў затрыманы на мяжы зь Беларусьсю.

«Тыя людзі, якія на яго палююць, яны ўжо чакаюць яго ў Чачні. Ня дайце гэтаму адбыцца, зрабіце так, каб ваша імя было ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю. Ратуйце гэтага чалавека!», — зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі Ксенія Сабчак.

На тэрыторыі Беларусі Амрыеў апынуўся пасьля таго, як быў затрыманы 4 чэрвеня ў Бранскай вобласьці па падазрэньні ў выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў. Спартовец ехаў з Украіны ў Маскву, каб выправіць памылку ў пашпарце, дапушчаную па віне супрацоўніка пашпартнага стала.

Да гэтага Амрыеў некалькі гадоў пражываў па-за межамі Расеі. З краіны ён зьехаў пасьля таго, як у 2013 годзе паведаміў праваабаронцам, што яго выкралі і катавалі ў Чачні мясцовыя сілавікі. Паводле яго слоў, адзін зь іх — высокапастаўлены супрацоўнік сілавых структураў рэспублікі.

«Мэмарыял» паведамляў, што Амрыева выкралі, каб прымусіць яго старэйшага брата вярнуцца ў Чачню з Нямеччыны. Праваабаронцы таксама паведамлялі пра тое, што высокапастаўлены прадстаўнік праваахоўных органаў рэспублікі абвясьціў спартоўцу «крывавую помсту».

У аўторак, 6 чэрвеня, Амрыеў, чэмпіён сьвету па зьмяшаных адзінаборствах, зьбег з будынку пракуратуры ў Бранску. Аднак у ноч на 8 чэрвеня яго затрымалі на тэрыторыі Беларусі. Амрыеў распавёў «Дажджу», што прасіў палітычнага прытулку, адзначыўшы, што яму не далі адваката.

Увечары ў чацьвер картэж аўтамабіляў, у адным з якіх знаходзіцца Мурад Амрыеў, выехаў з беларускага Добрушу і накіраваўся ў бок мяжы з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG