Карэспандэнт Свабоды ў Добрушы, які сочыць за справай Мурада Амрыева, перадае, што ад будынку РАУС у Добрушы выехалі два аўтамабільныя эскорты: 5 затанаваных машын, якія рушылі ў бок беларуска-расейскай мяжы.
Як паведаміла беларуская адвакатка Мурада Амрыева Ганна Паўлюк са спасылкай на кіраўніка РАУС Добрускага раёну, Мурада павезьлі ў Расею.
Раней у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму Свабодзе паведамілі, што супрацоўнікі адзьдзелу па міграцыі і грамадзянстве афармляюць дакумэнты на «прымусовую высылку» Амрыева.
У Добрушы афармляюць паперы на высылку чачэнскага спартоўца ў Расею
Як раней паведамляла Свабода, грамадзяніна Расеі, байца ММА (баёў бяз правіл) Амрыева перасьледуюць чачэнскія паліцэйскія — як мяркуецца, праз кроўную помсту. Яго абвясьцілі ў вышук у пачатку 2017 году. 4 чэрвеня затрымалі ў Бранску. 6 чэрвеня яго адпусьцілі, а ўначы з 7 на 8 чэрвеня ён быў затрыманы на беларуска-украінскай мяжы. Пасьля яго даставілі ў РАУС Добрушу.
Паводле расейскага адваката Амрыева Пятра Заікіна, дэпартацыя можа пагражаць жыцьцю чачэнскага спартоўца.
«Выдача Амрыева чачэнскім паліцыянтам можа для яго скончыцца вельмі трагічна ў літаральным сэнсе — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці».
Бацькі Амрыева запісалі відэазварот з просьбай да ўладаў Беларусі не выдаваць сына Расеі.