Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У спэцслужбах Грузіі расказалі, якія хімічныя рэчывы выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў


Разгон акцыі ў Тбілісі, 7 сьнежня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Разгон акцыі ў Тбілісі, 7 сьнежня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У Службе дзяржаўнай бясьпекі (СДБ) Грузіі назвалі хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўвалі пры разгоне антыўрадавых акцый у Тбілісі ў 2024 годзе.

Як паведаміла «Эхо Кавказа» (праект Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода), спэцслужба сьцьвярджае, што яны не зьяўляюцца забароненымі.

«У ноч на 4–5 сьнежня 2024 году для кіраваньня натоўпам выкарысталі рэчыва „хлёрбэнзілідэнмаланітрыл“, разбаўляльнікам якога быў раствор „прапіленгліколя“. Ніводнае з гэтых рэчываў не ўваходзіць у катэгорыю забароненых», — сказаў першы намесьнік кіраўніка СДБ Лаша Маградзэ.

Хлёрбэнзілідэнмаланітрыл (CS-gas) — хімічнае раздражняльнае рэчыва, вядомае як CS-газ. Выкарыстоўваецца для часовага кантролю натоўпу і разгону масавых мерапрыемстваў. Выклікае раздражненьне вачэй, скуры і дыхальных шляхоў. Не ўваходзіць у пералік забароненай хімічнай зброі паводле міжнародных канвэнцый, але выкарыстаньне павінны рэгуляваць нацыянальныя законы і стандарты ў правах чалавека.

У СДБ падкрэсьлілі, што бромбэнзілцыянід, вядомы як каміт (баявое атрутнае рэчыва часоў Першай сусьветнай вайны. — РС), Грузія ніколі не набывала і не выкарыстоўвала.

У спэцслужбе паведамілі, што ў справе, якую запялі пасьля публікацыі ў BBC, правялі больш за 160 сьледчых дзеяньняў і дапыталі 93 сьведкаў, у тым ліку дзейных і колішніх супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, лекараў, экспэртаў, рэспандэнтаў карпарацыі ВВС, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.

Паводле СДБ, рэчыва CS-gas Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі набыло разам з разбаўляльнікам у ізраільскай кампаніі 18 сьнежня 2007 году і 27 сакавіка 2009 году.

Першага сьнежня карпарацыя BBC апублікавала расьсьледаваньне, у якім расказалі аб імаверным выкарыстаньні грузінскімі сілавікамі супраць пратэстоўцаў у лістападзе-сьнежні 2024 году каміт — таксычнае рэчыва часоў Першай усясьветнай вайны. Фільм пацьвердзіў падазрэньні мясцовых назіральнікаў, мэдыкаў і праваабаронцаў.

Партыя «Грузінская мара», якая кіруе ў Грузіі, абвінаваціла брытанскую тэлерадыёвяшчальную карпарацыю BBC у распаўсюджваньні фэйку і аб’явіла аб пачатку расьсьледаваньня паводле двух артыкулаў: «перавышэньне службовых паўнамоцтваў» і «дапамога замежнай арганізацыі ў варожай дзейнасьці». Тады заявілі, што сілавікі хочуць вызначыць, на якой інфармацыі грунтаваліся інтэрвію крыніц BBC, наколькі дакладныя апублікаваныя імі зьвесткі і ці могуць яны лічыцца рэлевантнымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG