Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не было крутога мэга-шоў, выйшлі проста два чалавекі, жывыя і абаяльныя», — беларускія музыкі пра выступ Naviband


Naviband
Naviband

Беларускі дуэт Naviband выйшаў у фінал «Эўравізіі». Упершыню ў гісторыі конкурсу беларускія выканаўцы сьпявалі на роднай мове. Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка выканалі ўласную кампазыцыю «Гісторыя майго жыцьця». У 2016 годзе Navi спрабавалі трапіць на конкурс зь песьняй «Гэта зямля», але тады перавагу аддалі пратэжэ расейскага прадусара Віктара Дробыша Ivan, які на конкурсе ў Швэцыі ня здолеў выйсьці ў фінал. Як выступ Navi ацэньваюць калегі па цэху?

Песьня на беларускай мове — гэта прарыў

Алег Хаменка, лідэр гурту «Палац», кажа, што пра ўдзел Navіband у Эўравізіі трэба было гаварыць яшчэ тры гады таму:

Алег Хаменка
Алег Хаменка

«Ужо тады было відавочна, што яны вельмі цікавыя, надзвычай абаяльныя і творча моцныя. Для мяне яны перамаглі даўным-даўно. Па-першае, гэта песьня — „Гісторыя майго жыцьця“ — напісаная імі самімі, а ня так, як было ў папярэднія гады (акрамя „Юр’і“ і Тэа). Па-другое, песьня і напісаная, і аранжыраваная тут, чаго таксама не было. І практычна без дапамогі замежных незразумела каго. Па-трэцяе, песьня на беларускай мове, што таксама прарыў.

Працаздольнасьць у параўнаньні зь некаторымі гуртамі ў гэтых музыкаў проста фантастычная. У іх нават са мной песьня ёсьць, мы сябруем шмат гадоў. Я адразу казаў, што яны будуць у фінале адназначна — яшчэ тады, калі адсылалі фанаграму ў Кіеў. Іншая справа, я не зусім задаволены некаторымі нюансамі, што адбыліся. Усё ж такі ў фінале ёсьць выканаўцы вельмі цікавыя, вельмі моцныя. Так што дачакаемся яго».

Упершыню ад Беларусі на конкурсе быў людзкі нумар

Андрусь Такінданг, музыка гуртоў «Рэха» і «Гаротніца», усьцешаны тым, што беларусы гэтым разам не імкнуліся зрабіць супэркрутое шоў, а проста, «па-чалавечы» прасьпявалі:

Андрусь Такінданг
Андрусь Такінданг

«Я спэцыяльна паглядзеў выступ Naviband. Вельмі ўзрадаваны тым, што калегі па цэху перамаглі. А ў чым іхная перавага перад папярэднімі выступамі беларусаў? Тым, што гэта ўпершыню ад Беларусі на конкурсе быў, скажам так, людзкі нумар. Дзякуй Богу, не было крутога мэгашоў, выйшлі проста два чалавекі, жывыя і абаяльныя, не напружаныя, якія нават не спрабавалі выглядаць крутымі. Таму што ёсьць такая загана: калі артысты рыхтуюцца да ўсялякіх конкурсаў, яны шукаюць адмысловую крутую песьню, каб гэта быў хіт. А тут двое, якія самі пішуць песьні, выйшлі і проста, па-чалавечы прасьпявалі, ня робячы супэркрутога шоў. Яны — выканаўцы, якія граюць у клюбах, а ня штучна зробленыя зоркі. Мне здаецца, перавага іх у тым, што відаць іхныя твары, відаць іхны асабісты падыход, што яны звычайныя, адэкватныя артысты».

Будзем чакаць фіналу

Шоўмэн, журналіст Аляксандар Памідораў яшчэ раз пераканаўся, што беларуская музычная культура павінна разьвівацца «без шматлікіх кантрольных органаў»:

Аляксандар Памідораў
Аляксандар Памідораў

«Я вельмі рады, што нашы трапілі ў фінал. Я віншую Арцёма ды Ксюшу. Гэта паказьнік таго, як разьвіваецца беларуская культура, беларуская музычная культура, куды яна можа разьвівацца без удзелу шматлікіх кантрольных органаў. Праўда, пакуль яшчэ зарана казаць пра перамогу. Але я лічу, што гэты вынік — выхад у фінал — шмат чаго варты.

Безумоўна, працаваць яшчэ і працаваць Naviband. Мне, напрыклад, відавочна, што, нягледзячы на досыць шырокую геаграфію іхных выступаў і немалую колькасьць канцэртаў, усё ж такі вялікая сцэна — ва ўсіх сэнсах вялікая, і па значнасьці, і па памерах — для іх яшчэ нязвыклая, гэта навіна. Можа быць, менавіта так зрэжысаваны іх нумар быў — іх проста паставілі ў гэты невялікі човен. Можа, гэта сындром першага выступу, калі так шмат людзей, так шмат увагі, але адчуваецца, што на вялікіх сцэнах гэтыя артысты яшчэ не абазнаныя. Спадзяюся, з практыкай і гэта прыйдзе. Мне вельмі спадабалася новая аранжыроўка іх песьні. Наша задача была ў паўфінале — пакінуць добрае ўражаньне. Naviband з гэтым справіўся. Будзем чакаць фіналу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG