Вадзім Лісіца, прадусар украінскай сьпявачкі Alyosha, якая ў 2010 годзе таксама брала ўдзел у сьпеўным конкурсе «Эўравізія», мяркуе, што дуэт Naviband вельмі годна прадстаўляе Беларусь на сёлетнім шоў у Кіеве і мае высокія шансы на перамогу.
Шансы даволі высокія.
«Яны вельмі пазытыўныя, энэргетыка клясная, Ксенія сьпявае — проста супэр, вельмі запальвае. Наагул я асабіста з задавальненьнем прыехаў бы на „Эўравізію“ ў Беларусь. Шансы даволі высокія, таму што на фоне іншых удзельнікаў гэтыя рабяты выдзяляюцца асабліва пазытыўна», — сказаў Свабодзе Вадзім Лісіца.
Прадусар таксама дадаў, што зьвярнуў увагу на беларускі дуэт яшчэ ў часе першага нацыянальнага адбору ва Ўкраіне, на якім у якасьці гасьцей выступалі Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. «У першым паўфінале я выдзеліў прадстаўніка Партугаліі Сальвадора Собрала, а ў другім — беларусаў. Я вельмі спадзяюся, што ўсё ж такі Беларусь пераможа і на наступны год мы зможам у якасьці гасьцей прыехаць на „Эўравізію“ у Менск. Сёлета, дарэчы, мы паедзем на „Славянскі базар“, дзе будзем выступаць у дзень Украіны», — дадаў ён.
Беларусы сталі фаварытамі і вядомага ўкраінскага шоў-мэна Сяргея Прытулы, які таксама пазнаёміўся зь імі ў часе першага нацыянальнага адбору ва Ўкраіне. Ягоныя іранічныя камэнтары кожнага з паўфіналаў «Эўравізіі» сталі вельмі папулярнымі ва Ўкраіне.
Беларуская мова — гэта мова пасьпяховых сяброў.
«Беларусь! Вось мае фаварыты! Галасуем люта і без роздумаў! Гэта проста два сонейка ў купе. Неймаверныя і шчырыя! Давайце пакажам беларускай „ваце“, якой ня менш чым у нас, што беларуская мова — гэта мова пасьпяховых сяброў, а не „гэтае сьмешнае прыслоўе расейскай мовы“! Хэй! Хэй! Хоййойойо! Жыве Беларусь! Не, трактар „Беларусь“, запаркаваны ў мяне пад вакном ня мае ніякага дачыненьня да гэтай агітацыі», — напісаў Сяргей Прытула на сваёй старонцы ў Facebook.
Мы пастараемся выкласьціся па максымуме.
Сёньня стала вядома, што беларускі гурт Naviband будзе выступаць 13 траўня ў фінале пад трэцім нумарам. Учора ўночы, пасьля завяршэньня другога паўфіналу, Арцём Лук’яненка, адказваючы на прэсавай канфэрэнцыі на пытаньне, дзе, на ягоную думку, адбудзецца наступны конкурс «Эўравізіі», сказаў: «Мы пастараемся выкласьціся па максымуме, зрабіць усё магчымае, каб усе гледачы атрымалі задавальненьне ад нашага выступу».
У фінале «Эўравізіі» выступяць 26 сьпевакоў, сярод якіх пераможцы двух паўфіналаў, прадстаўнікі так званай «вялікай пяцёркі» заснавальнікаў конкурсу (Францыя, Нямеччына, Італія, Гішпанія і Вялікая Брытанія), а таксама леташняя пераможца — Украіна.
Беларусь удзельнічае ў сьпеўным конкурсе «Эўравізія» з 2004 году, але беларускія выканаўцы за ўвесь гэты час толькі чатыры разы выходзілі ў фінал. Найлепшы вынік прадэманстраваў у 2007 годзе Дзьмітры Калдун, які паводле вынікаў галасаваньня заняў шостае месца.