Але праблемы з пераходам мяжы ў адваротным напрамку засталіся.
Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, у пункце пропуску Берасьце — Тэрэспаль зь беларускага боку ў чарзе няма ні машын, ні аўтобусаў. У пункце пропуску Бераставіца — Баброўнікі зь беларускага боку таксама ў чарзе няма легкавых машын і аўтобусаў, у пункце пропуску Брузгі — Кузьніца Беластоцкая таксама пуста.
З польскага боку на выезд у Беларусь, як паведамляецца ў чаце кіроўцаў і пасажыраў, ёсьць чарга з боку Кузьніцы Беластоцкай. Пераход мяжы займае 8-9 гадзін, паведамляюць крыніцы з мяжы. Кіроўцы робяць выснову, што з польскага боку марудна працуюць наноў набраныя на працу стажоры, і сьцьвярджаюць, што ня ўсе палосы руху пакуль што адчыненыя.
Чаргі на выезд зь Беларусі ў Латвію няма, усе памежныя пераходы зь Беларусі ў Літву ўсё яшчэ закрытыя.
- 19 лістапада ўрад Літвы мае вырашыць, ці адкрываць два закрытыя памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю.
- Нацыянальная камісія па бясьпецы рэкамэндавала аднавіць памежны рух.
- Гэтаму папярэднічала сустрэча на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных службаў Літвы і Беларусі.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі). Якраз тады, падчас мігранцкага крызісу і ў сьвятле патэнцыйных ваенных пагрозаў, якія ідуць ад Масквы і Менску, краіны Балтыі пастанавілі ўмацоўваць усходнюю мяжу
- Урад Літвы стаў задумвацца пра закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка. А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
Форум