Юлія Гранкова расказала Свабодзе, што яе судзілі за стрым завочна за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а таксама за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
«Па гэтых двух артыкулах мне далі штраф памерам у 21 базавую велічыню (483 рублі). Я сёньня аднясу паперы, каб абскардзіць гэтае рашэньне суду. Бо весьці трансьляцыю я мела права. А па-другое, у мяне няма такіх грошай, каб пагадзіцца з такім памерам штрафу. Да таго ж я не зьяўляюся прадстаўніцай СМІ. Атрымліваецца, што трэба арыштоўваць і караць кожнага, хто вядзе стрым у сацсетках. Аднак Канстытуцыя мне дазваляе збор інфармацыі любым даступным мне спосабам», — сказала Юлія Гранкова.
Юлія расказала, што вяла стрым з Аршанскай спэцаўтабазы адлову сабак:
«Я вяла жывую трансьляцыю для таго, каб сабак, якія там знаходзіліся, нехта з ахвочых забраў. Бо ўмовы ўтрыманьня жывёл былі вельмі кепскія. Я спадзявалася, што нехта адгукнецца і зможа іх забраць. Я ўключыла відэаздымку, і якраз у гэты момант падышлі супрацоўнікі міліцыі і пачалі нас затрымліваць. Нам сказалі, што хацелі вывесьці за тэрыторыю спэцаўтабазы, а атрымалася, што нас арыштавалі».
Паводле Юліі, дырэктар спэцаўтабазы абвінаваціў валянтэраў у незаконным пранікненьні на ахоўную тэрыторыю.
«Нас забралі 21-га, чацьвёра валянтэраў правялі ноч у міліцыі. На другі дзень адбыўся першы суд, нас абвінавацілі ў тым, што мы „прарваліся“ на аўтабазу. Двое з валянтэраў атрымалі па 20 базавых, а астатнія, у тым ліку і я, па 25. А потым у гэты ж дзень адбыўся і другі суд, мяне судзілі за відэаздымку».
Кіраўнік праекту «Хрюши против» Арцём Ісачэнка з Воршы распавёў карэспандэнту Свабоды, што абскарджваньне рашэньня суду валянтэры зьбіраюцца таксама здымаць на відэа.
«Сёньня мы ідзём абскарджваць рашэньне, ідзём з відэакамэрай, будзем усё гэта здымаць. Пасьля таго, як мы трапілі ў міліцыю са спэцаўтабазы, у нас укралі адну флэшку, зламалі два мікрафоны, нам вярнулі толькі камэру. На флэшцы якраз быў зьняты момант, як мы заходзілі на спэцаўтабазу, што нам ніхто не перашкаджаў. А таксама там былі кадры пра ўмовы ўтрыманьня сабак. Мы ішлі туды, каб пакарміць сабак, што ня першы раз робім. А прэтэнзіі да нас зьявіліся толькі тады, калі мы пачалі здымаць жахлівыя ўмовы ўтрыманьня жывёлаў. Яны нам адразу сказалі, што мы, маўляў, незаконна праніклі і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі. Раней мы прасілі навесьці парадак, бо сабакі сапраўды ўтрымліваліся ў жахлівых умовах. Мы стаміліся проста пра гэта казаць адміністрацыі і вырашылі зьняць на відэа. Юля вяла адтуль жывую трансьляцыю, за якую яе і асудзілі».
Арцём сказаў, што, нягледзячы на штраф, валянтэры праекту «Хрюши против» будуць працягваць здымаць новыя відэасюжэты і зьмяшчаць іх у сацетках, у тым ліку на YouTube:
«Мы будзем здымаць ролікі, будзем змагацца за праўду. Мы не баімося, нас такімі запужваньнямі не стрымаеш. Мы будзем змагацца далей».