Берасьцейскі панк-рок гурт «Дай Дарогу!» 27 сакавіка апублікаваў на Youtube новую расейскамоўную песьню «10 миллионов рабов», падпісаную як «Гімн Дня Волі». У відэа на песьню скарыстаныя кадры Свабоды, тэлеканалаў «Настоящее время» і «Белсат» з разгону дэманстрацыі 25 сакавіка ў Менску.
Асьцярожна, прысутнічае нелітаратурная лексыка!
«Страшнае відэа, што адбывалася ў Менску на сьвяткаваньне 99 гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі — Дзень Волі 2017. Гэта відэа павінны бачыць усе Беларусы!» — гаворыцца ў апісаньні відэа.
«Дай Дарогу!» нячаста зьвяртаюцца ў сваёй творчасьці да палітычных тэмаў. Але ў іхнай дыскаграфіі ёсьць палітычная беларускамоўная «Ня веру», расейскамоўная песьня-зварот да Аляксандра Лукашэнкі «Сане», а на вокладцы да перавыданьня «Supersession» лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.
Музыкі гурту выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня, а сузаснавальнік гурту Юры Стыльскі выстаўляе свае карціны на адной выставе зь Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Алегам Хаменкам і іншымі беларускамоўнымі рокерамі.
***
Таксама 27 сакавіка кліп з кадрамі Свабоды прэзэнтаваў на Tuzin.fm і апублікаваў на Youtube Лявон Вольскі. Ягонае відэа — на песьню «Скончылася шоў» зь нядаўна прэзэнтаванага альбому «Псыхасаматыка». Песьні з гэтага альбому, а таксама з папярэдніх, аж ад часоў «Мроі», музыка абяцае выканаць у траўні на вялікім канцэрце ў Вільні.