Лявон Вольскі анансаваў вялікі канцэрт 8 траўня ў віленскім клюбе Vakaris Vilnius. Там ён абяцае прадставіць праграму «172» з электрычнай і акустычнай часткамі, у якой выканае свае песьні розных часоў і праектаў: ад гурту «Мроя», зь якім Вольскі граў у 1980-х і на пачатку 1990-х, зь песьнямі N.R.M. і іншых праектаў, да свайго сьвежага сольнага альбому «Псыхасаматыка». Музыка кажа Свабодзе, што будзе раіцца з публікай, якія песьні выканаць.
Назва праграмы — ня колькасьць песень Вольскага, іх толькі на канале музыкі на Soundcloud 547. 172 — гэта адлегласьць у кілямэтрах ад Менску да Вільні:
«172 — гэта шлях да непадцэнзурнай тэрыторыі, — кажа Вольскі Свабодзе. — Да месца, дзе можна бяз страху разгортваць сьцягі і крычаць „Жыве Беларусь!“.
Першы раз мы перанесьлі ў Вільню прэзэнтацыю альбома „Крамбамбуля“ ўвесну 2012 году, акурат пяць гадоў таму, бо на радзіме прэзэнтаваць новы альбом сталася немажлівым. Дык давайце адзначым пяцігодзьдзе новай драйвовай акцыяй!»
У Вільні Вольскі зайграе з тымі музыкамі, зь якімі запісваў альбомы «Псыхасаматыка» і «Грамадазнаўства»: гэта нарвэжцы Снорэ Бэргеруд, Бьёрн Холмслэнд і Сіндрэ Скэе. Да іх далучацца бас-гітарыст Алесь-Францішак Мышкевіч і саксафаніст Павал Аракелян.
Заля зьмяшчае да тысячы слухачоў. МЗС Літвы дае магчымасьць атрымаць бясплатныя візы на 7–9 траўня пры наяўнасьці квітка на канцэрт, падаваць дакумэнты можна ў менскай амбасадзе, а таксама ў візавых цэнтрах па ўсёй Беларусі (у іх паслуга каштавацьме 20 эўра). Інструкцыя па атрыманьні бясплатных візаў разьмешчаная тут.
Тым часам карціны Лявона Вольскага выставілі ў менскай прасторы «ЦЭХ». Там адбываецца выстава «Музыка бязь межаў», дзе паказваюць таксама карціны Ігара Варашкевіча («Крама»), Алега Хаменкі («Палац»), Юрыя Стыльскага («Дай дарогу»), Андруся Такінданга («Recha», «Harotnica»), Ганны Жданавай («Lilac»), Алеся Таболіча («Znich»), Сяргея Скрыпнічэнкі («Žygimont Vaza») і Аляксандара Дземідзенкі («Re1ikt»).
«Гэта такі самы абмен энэргіяй, як і канцэрт, толькі не ў такой актыўнай форме», — кажа Вольскі пра сябе ў ролі мастака.