Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Дашкевіч: Калі б 20 чалавек сталі ў ланцуг, нікому не давялося б класьціся пад колы

абноўлена

Аляксей Янукевіч, Наста Дашкевіч і Юрась Лукашэвіч
Аляксей Янукевіч, Наста Дашкевіч і Юрась Лукашэвіч

Наста Дашкевіч прыйшла ў лягер абаронцаў Курапатаў першы раз, хоць яе муж Зьміцер Дашкевіч зьяўляецца адным зь лідэраў абаронцаў і знаходзіцца каля месца будоўлі штодня. Дзеці Дашкевічаў — трохгадовая Мара і аднагадовы Давід — засталіся ў царкве пад добрым наглядам сяброў сямейнай пары.

У Інтэрвію Свабодзе Наста Дашкевіч паразважала, чаму Курапаты бароніць мала людзей і чаму асобныя актывісты вымушаныя ісьці на радыкальныя крокі, каб спыніць тэхніку на новым будаўніцтве каля ўрочышча.

Хлопцы вельмі хвалююцца, бо адчуваюць адказнасьць

— Наста, першы раз удалося вырвацца ў намётавае мястэчка абаронцаў?

— Так, у мяне толькі цяпер атрымалася пад’ехаць. Я вельмі ўражаная тым, як тут усё адбываецца. Шэсьць дзён да гэтага я глядзела на гэтую выспу змаганьня праз фатаздымкі і анлайн-трансьляцыі. Рэальнасьць выглядае інакш. Бачна, наколькі неабходная людзкая падтрымка, наколькі людзі стомленыя, наколькі яны замерзьлі, наколькі яны знэрваваныя. Вельмі хвалююцца пра тое, што будзе далей, — і за свой лёс, і за лёс гэтага месца. Вельмі патрэбная чалавечая падтрымка. Таксама я бачу, што хлопцы вельмі хвалююцца праз тое, што адчуваюць адказнасьць, якую яны на сябе ўжо ўзялі. І моцна перажываюць, бачачы, якая тут кепская сытуацыя, скажам, раніцай. Цяпер ёсьць думкі пра тое, каб стварыць дзяжурства вахтавым мэтадам — каб людзі маглі адпачываць і зьмяняць адно аднаго.

Наста Дашкевіч і Арцём Леўчанка
Наста Дашкевіч і Арцём Леўчанка

— Самы змрочны час — гэта раніца, калі найменш людзей?

— Так, асабліва а 8-ай раніцы, асабліва ў панядзелак. Хлопцы вельмі перажываюць, ім трэба дапамагчы сваёй прысутнасьцю.

Зьміцер альбо тут, альбо ў Інтэрнэце каардынуе дапамогу абаронцам

— Ці Зьміцер пасьпявае адпачываць?

— Ён вельмі позна прыходзіць. Бывае, што застаецца ночыць тут, у намёце. Калі прыходзіць на ноч дадому, то сыходзіць вельмі рана, таму дзяцей практычна ня бачыць. Ён вельмі моцна перажывае ўсё, што тут адбываецца. Перажывае і за людзей, і за сытуацыю. Таму нават дома паўночы праводзіць у Інтэрнэце, адказвае ўсім, хто да яго зьвяртаецца. Мне здаецца, што ўсе сталыя абаронцы Курапатаў вельмі мала адпачываюць і ня змогуць адпачыць, пакуль сытуацыя ня скончыцца.

Наста Дашкевіч разам з мужам Зьмітром і іншымі актывістамі
Наста Дашкевіч разам з мужам Зьмітром і іншымі актывістамі

Курапаты ня б’юць па кішэні, таму людзям цяжка зразумець, што тут адбываецца

— Чаму мала людзей бароніць Курапаты, калі параўноўваць з пачаткам 2000-х гадоў?

— Людзі не разумеюць, што тут адбываецца. Калі быў першы канфлікт у Курапатах, гэта вельмі моцна было зьвязана з нацыянальным абуджэньнем. Што такое Курапаты? Гэты маленькі лапік зямлі — гэта апроч усяго яшчэ і сымбаль. Сымбаль таго, ці здолеем мы падняцца па-над эканамічнымі і побытавымі праблемамі. Тут мы стаім за гістарычную спадчыну, за нацыянальнае абуджэньне. Гэта зразумець складаней, чым той жа дэкрэт пра дармаедаў. Таму што будоўля ў Курапатах ня б’е па кішэні, будуюць і будуюць, падумаеш — нейкія крыжы. На жаль, ня шмат людзей разумеюць, што гэта пытаньне сваёй годнасьці, і тут вырашаецца ня толькі тое, ці здолеем мы захаваць Курапаты, а тое, ці здолеем мы абараніць сваю годнасьць. Тым больш, што зараз зьяўляецца такая магчымасьць — улады вымушаныя рэагаваць. Толькі ад нас залежыць, ці здолеем мы сказаць, што мы ня згодныя. Калі б гэта адбылося некалькі год таму, я б сказала, што гэта ўсяго толькі маральны крок, што мы дэманструем маральны ўчынак. Але цяпер ёсьць рэальная магчымасьць адбіць гэтую будоўлю. І рэальная магчымасьць заявіць, што мы нешта можам. Таму я вельмі заклікаю прыходзіць сюды. Склалася такая сытуацыя, калі мы можам нешта вырашыць. Прыходзьце, калі ня хочаце пасьля шкадаваць, што вы не былі суаўтарамі гэтага працэсу.

Тут не АМАП, а звычайныя будаўнікі. Патрэбны маральны пералом

— Як вы ацэньваеце ўчынак сябра «Маладога Фронту» Сяргея Пальчэўскага, які спыняў тэхніку, паклаўшыся пад колы ў літаральным сэнсе?

— Гэта вельмі сьмелы і вельмі адчайны ўчынак. Але ён паказаў вельмі важную рэч — адзінкі ня змогуць вырашыць гэтую сытуацыю. Адзінкам трэба рабіць радыкальныя і адчайныя дзеяньні. Калі няма 20 чалавек, якія б сталі ў ланцуг і не пусьцілі тэхніку, то даводзіцца аднаму Сяргею Пальчэўскаму класьціся пад колы. Калі б было 20, 30, 50 чалавек, ніхто б не павінен быў бы ісьці на адчайныя крокі. Яны б сталі ў ланцуг, і ніякая будоўля не пачалася б. Тут няма чаго баяцца. Тут не АМАП, тут звычайныя будаўнікі. Калі б гэтыя будаўнікі пабачылі, што тут стаяць сотні чалавек, яны б самі кінулі гэтыя лапаты і сякеры і паехалі б дахаты. Трэба яшчэ паднаціснуць, каб быў маральны пералом. Я лічу, што гэта цалкам магчыма. Але трэба прыйсьці ў панядзелак а 8-ай раніцы і перакрыць дарогу тэхніцы сваёй прысутнасьцю. Я думаю, што пры такім раскладзе будаўнікі б сышлі, звольніліся б і знайшлі новую працу.

Калі будаўнікі прыйдуць і скажуць: "Гэта не наша вайна" -- зварот Насты Дашкевіч у Фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG