Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі ў адказ на ініцыятыву ЗША заявілі, што мірны плян для Ўкраіны патрабуе ўдзелу Кіева і Эўрапейскага Зьвязу


Кіраўніца замежнай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу Кая Калас
Кіраўніца замежнай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу Кая Калас

Пасьля паведамленьняў пра тое, што ЗША рыхтуюць прапановы аб мірнай дамове, кіраўніца замежнай палітыкі ЭЗ Кая Калас заявіла, што Кіеў і Эўропа павінны быць залучаныя ў кожны мірны плян для Ўкраіны.

«Каб усякі плян меў вынік, патрэбны ўдзел украінцаў і эўрапейцаў», — сказала Кая Калас журналістам перад сустрэчай міністраў замежных справаў ЭЗ у Брусэлі.

Яна таксама адзначыла, што Эўразьвяз заўсёды выступаў за дасягненьне трывалага, устойлівага і справядлівага міру.

Большасьць міністраў замежных справаў краін ЭЗ заявілі, што ня бачылі, каб мірны плян ЗША і Расеі публікавалі ў мэдыя, і выказалі свае асьцярогі. Яны рабілі камэнтары на прэс-канфэрэнцыі перад пачаткам сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ у Брусэлі 20 лістапада, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Брусэлі.

Амаль усе міністры замежных справаў ЭЗ, якія выступалі перад прэсай, настойвалі на тым, што ніякіх мірных перамоваў ня можа адбыцца без удзелу Ўкраіны.

Міністар замежных справаў Францыі Жан-Наэль Баро падкрэсьліў, што «мір не азначае капітуляцыі». Паводле яго, было б рацыянальна пачаць з «неадкладнага безумоўнага спыненьня агню».

«Мы хочам міру, украінцы хочуць міру: справядлівага міру, які паважае сувэрэнітэт, і трывалага міру, які ня можа быць пастаўлены пад сумнеў будучай агрэсіяй. Але мір — гэта не капітуляцыя. Мы ня хочам, каб Украіна капітулявала, і відавочна, што ўкраінцы, якія гераічна супраціўляюцца больш за тры гады, ніколі не пагодзяцца на капітуляцыю», — сказаў Баро.

Міністар Чэхіі Ян Ліпаўскі угледзеў у сытуацыі «зноў мюнхэнскі сцэнар» і прынцып «Украіна без Украіны».

Паводле міжнародных мэдыя, новы праект мірнага пагадненьня, прапанаваны Злучанымі Штатамі, прадугледжвае значныя саступкі ад Украіны, у прыватнасьці, у тэрыторыях і ўзбраеньні. Паводле СМІ, прапановы ЗША ўключаюць скарачэньне Ўзброеных сілаў Украіны і зьніжэньне вайсковай дапамогі ЗША, неабходнай для барацьбы Ўкраіны супраць расейскіх войскаў. Акрамя таго, ініцыятыва прапаноўвае не дапускаць замежныя войскі на ўкраінскую тэрыторыю і больш не перадаваць Кіеву зброю далёкага радыюсу дзеяньня.

Аднак не паведамляецца, на якія саступкі павінна пайсьці Масква.

Прапановы, падрабязна апісаныя The Financial Times і Reuters, у значнай ступені адпавядаюць жорсткім патрабаваньням, якія Расея выстаўляла з пачатку гэтага году, калі прэзыдэнт Дональд Трамп пастанавіў пачаць простыя перамовы з Масквой аб вайне ва Ўкраіне.

Тым часам Масква заявіла, што адкрытая для перамоваў па Ўкраіне, дадаўшы, што пры патрэбе можа арганізаваць тэлефонную размову паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Кіеў афіцыйна не адрэагаваў на гэтыя паведамленьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG