Палітыкі і праваабаронцы камэнтуюць для Свабоды начны напад на намётавы лягер абаронцаў Курапатаў.
Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч не бярэцца зрабіць выснову, ці зьяўляецца напад на абаронцаў Курапатаў адміністрацыйным правапарушэньнем ці крымінальным злачынствам, але лічыць, што пацярпелыя абавязкова мусяць зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт.
«Гэта гвалтоўныя дзеяньні, пацярпелі людзі, ёсьць цялесныя пашкоджаньня. Таму, безумоўна, тым, хто пацярпеў у выніку нападу, трэба зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт наконт учыненьня злачынства. А вось хто гэта можа быць, сказаць цяжка. Гэта маглі быць і прадстаўнікі нейкіх ўльтрарадыкальных прарасейскіх нацысцкіх груповак, якія ў нас у Беларусі ёсьць. Гэта маглі быць яны ж, але выкарыстаныя спэцслужбамі ў мэтах запалохваньня удзельнікаў акцыі. Нарэшце, гэта маглі быць і самі супрацоўнікі сілавых структураў. Калі гэта апошняе, дык гэта яшчэ абцяжарвае адказнасьць за гэты інцыдэнт, бо зьяўляецца таксама і службовым злачынствам. Хоць гэты варыянт я лічу найменш імаверным», — кажа праваабаронца.
Стэфановіч прыгадвае, што ў найноўшай гісторыі Беларусі ўжо былі выпадкі, калі радыкальныя групоўкі ўчынялі напад на дэмакратычных актывістаў і пры гэтым заставаліся без пакараньня.
«У 90-е, калі актыўнасьць гэтых радыкальных груповак была значна большая, штосьці падобнае часам адбывалася. Байцы РНЕ і нацболы арганізоўвалі тады рознага кшталту правакацыі ў дачыненьні дэмакратычных актывістаў. Я памятаю інцыдэнт са зьбіваньнем прадстаўнікамі РНЕ Зьмітра Бандарэнкі, Андрэя Саньнікава і Алега Бябеніна ў лютым 1999 году ў цэнтры Менску. Не памятаю, каб у выніку расьсьледаваньня асобы нападнікаў былі ўстаноўленыя і яны былі прыцягнутыя да адказнасьці, хоць людзі тады даволі моцна пацярпелі. Гэта нават была нагода для правядзеньня антыфашысцкага маршу. Былі таксама правакацыі, датычныя офісу БНФ, які яшчэ знаходзіўся на вуліцы Варвашэні, — там рэгулярна расьпісвалі дзьверы, білася шкло. Потым актыўнасьць гэтых груповак стала меншай, але яны відавочна ёсьць і сёньня», — мяркуе праваабаронца.
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч упэўнены, што напад на абаронцаў Курапатаў быў узгоднены з міліцыяй і грунтоўна сплянаваны:
«Адсутнасьць міліцыянта, які амаль паўночы дзяжурыў побач з намётам, арганізаваная група людзей, якія не баяліся наступстваў сваіх дзеяньняў, бязглузды разбор у міліцыі — усё гэта паказвае, што тут няма ніякіх выпадковасьцяў. У адваротным выпадку міліцыя дзейнічала б больш эфэктыўна. Міліцыя кантралюе гэтае месца, і натуральна, калі б гэта былі нейкія няўзгодненыя дзеяньні, то яна адрэагавала б апэратыўна».
Губарэвіч у начным інцыдэнце ў Курапатах бачыць «украінскі варыянт супрацьдзеяньня пратэстоўцам» — выкарыстаньне так званых «цітушак».
«Калі міліцыя цяпер зь вядомых прычын ня хоча прымяняць фізычную сілу і брутальна разганяць людзей, бо ўлада баіцца наступстваў у стасунках з Эўразьвязам, то яны дзейнічаюць прыхавана, падсылаючы невядомых людзей пад выглядам хуліганаў альбо прадстаўнікоў «русского мира», — кажа палітык.
«Трэба патрабаваць ад уладаў у кароткія тэрміны расьсьледаваць гэтую справу, інакш гэта можа стаць звычайнай практыкай супрацьдзеяньня людзям, якія пратэстуюць, — гаворыць Губарэвіч, — Прычым наступствы могуць быць вельмі дрэнныя для ўсіх. Адна справа, калі пратэсты спыняюць супрацоўнікі міліцыі, карыстаючыся сваім службовым становішчам, а іншая справа, калі дзейнічаюць людзі ў цывільным — тут можа быць і фізычнае супрацьдзеяньне, і ня факт, што кожны раз гэтыя „падасланыя казачкі“ будуць перамагаць».
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе, што дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая будзе зьвяртацца наконт праблемы Курапатаў у Генпракуратуру.
«Гэта будзе зварот у цэлым наконт праблемы Курапатаў, але асобным радком у гэтым звароце будзе згаданы інцыдэнт з начным нападам, каб пракуратура не спускала гэтую сытуацыю на тармазах», — адзначыў ён.
«На гэтым інцыдэнце трэба ставіць кропку адразу. Гвалт мусіць быць расьсьледаваны. Тое, што адбылося — гэта выклік ня толькі для абаронцаў Курапатаў, але і для праваахоўных органаў», — кажа Лябедзька.