Прыкладна а 3-й ночы на лягер абаронцаў Курапатаў напалі невядомыя ў масках з драўлянымі завостранымі палкамі. Моцна пацярпеў адзін. Актывісты аднавілі лягер, пішуць заяву ў міліцыю.
Дым і кроў: лягер у Курапатах спрабавалі разбурыць з крыкамі «Слава России!» і «Белая раса!»
Паводле сьведчаньняў відавочцаў, нападнікаў было ад 15-20 чалавек. Яны лаяліся, выкрыквалі «Слава Расеі!» і «Белая раса!». Невядомыя разбурылі намёт, сарвалі бел-чырвона-белыя сьцягі і перакулілі бочку з вогнішчам.
Усё доўжылася ня больш за хвіліну. Нападнікі білі абаронцаў, быў паранены валянтэр Алесь Кіркевіч — яго ўдарылі драўлянай бітай па скроні.
Пасьля гэтага нападнікі зьбеглі ў бок урочышча Курапаты.
«Першае што мы адчулі, гэта страх, але ён хутка прайшоў. Цяпер мы разумеем, што гэта была сплянаваная загадзя і ўзгодненая зь міліцыяй акцыя, бо за гадзіну да нападу міліцыянт, які назіраў за лягерам, сышоў», — распавёў Свабодзе актывіст «Маладога фронту» Арцём Леўчанка.
На месца прыбылі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. На дадзены момант каля двух дзясяткаў абаронцаў застаюцца ў лягеры і абмяркоўваюць далейшы плян дзеяньняў. Дашкевіч прапаноўвае зьвярнуцца ў міліцыю і спытаць, «чаму ў 2-мільённым горадзе немагчыма адшукаць банду зь 15 нападнікаў».
На месца здарэньня пратэстоўцы выклікалі міліцыю.
Актывісты сьцьвярджаюць, што не зьбіраюцца згортваць абарону Курапатаў — лягер будзе адноўлены і застанецца на тым жа месцы. «Калі яны думалі, што такім чынам нас спужаюць, то памыліліся. Гэта толькі абурыла нас яшчэ больш», — заявіў Арцём Леўчанка.
***
Раней на актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў. Дырэктар забудоўніка не камэнтуе магчымага прыпыненьня будаўніцтва, але сьцьвярджае, што магчымасьць пахаваньняў рэпрэсаваных на пляцоўцы — гэта падман, а актывісты «зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі».
Дзяржаўныя чыноўнікі тым часам даказваюць, што будаўніцтва законнае. «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць безвыніковыя суды і зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя структуры, а ў храналёгіі падзеяў беларусы знаходзяць неадпаведнасьці.
Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не
Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяцідоўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).