Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ж не апазыцыянэр, па сутнасьці, я падтрымліваю дзейную ўладу»


Якія высновы вынікаюць са справы Паўла Зініна? Сьледчы з Магілёва вырашыў балятавацца ў палату прадстаўнікоў. У выніку ён страціў працу і ня быў зарэгістраваны кандыдатам.

Удзельнічаюць Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.


Дракахруст: Гісторыю Зініна распавёў партал TUT.BY. Да апошняга часу ён працаваў у Магілёве сьледчым. Працаваў някепска, былі і спагнаньні, але больш пахвалаў. Звычайны чалавек, словам. Прыйшлі парлямэнцкія выбары і Зінін раптам падумаў, а чаму б і мне не пайсьці? Сабраў з сяброў, радні ініцыятыўную групу, зарэгістраваў, начальству не паведаміў. Групу зарэгістравалі, з гэтым у Беларусі вельмі лібэральна, начальства нарэшце даведалася. І пачалося. Спачатку Зініна адхілілі ад справаў, якія ён вёў, потым далі вымову, потым наагул звольнілі. Ну зразумела ж, выбары ні пры чым.


Падчас збору подпісаў два чальцы яго ініцыятыўнай групы выйшлі зь яе складу. Ну а калі сабраныя подпісы трапілі ў выбарчую камісію, то праверка паказала, што траціна з адабраных для праверкі — несапраўдныя. Зразумела ж, паводле выпадковасьці значная частка подпісаў, якія патрапілі пад праверку, зьбірала адна ўдзельніца групу з Хоцімску. «Я ж не апазыцыянэр, па сутнасьці, я падтрымліваю дзейную ўладу, хацеў адно дапамагчы свайму раёну» — сказаў Павал Зінін у інтэрвію парталу.

Гісторыя вельмі беларуская і надзвычай павучальная. Часам гаворыцца — ды ўсе ведаюць, што выбараў няма. Нічога падобнага. Вось звычайны чалавек, пры гэтым не старая сялянка з пачатковай адукацыяй, малады, выпускнік акадэміі МУС, жыхар абласнога цэнтру. Ну і пасада, здавалася б, такая, на якой бачыш сапраўдныя мэханізмы жыцьця.

Але для яго ў яго краіне праходзяць сапраўдныя выбары, на якія ён можа вылучыцца без дазволу вышэйшага і нават свайго непасрэднага начальства. І перамагчы, напэўна, спадзяваўся. А чаму не — выбары ж у краіне. Гэта да таго, што ўяўленьні палітычных актывістаў, аўдыторыі палітычных сайтаў, і ўяўленьні народу, у тым ліку і не сказаць каб простага — істотна розныя рэчы.

Ну і другая выснова — што ўяўленьні тых актывістаў усё ж бліжэй да рэальнасьці. Як толькі Павал Зінін парушыў няпісаныя і невядомыя яму правілы сыстэмы, так яна абрынулася на яго ўсёй сваёй моцай. І абрынулася падступна, як яна гэта ўмее і звычайна робіць. Усё на блакітным воку, як той казаў. Яго за выбары звольнілі? Ды не, проста працаваў кепска. Бываюць жа кепскія супрацоўнікі. Выбарчая камісія зманіпулявала падчас праверкі подпісаў? Да што вы, там жа сумленьне нацыі працуе, проста кепска сабраў подпісы. Бывае ж такое.

І хоць ідэалягічна ён як бы і не супраць улады, але фактычна — так, супраць. Пайшоў, дазволу не спытаўшы — значыць супраць

Характэрнае роспачнае тлумачэньне спадара Зініна — я ж не апазыцыянэр які. Ну тое, што з апазыцыянэрамі можна па-любому, відаць, нават ён ведаў. А зь ім жа за што. А вось за тое самае — што як бы апазыцыянэр і ёсьць, і можа нават больш небясьпечны, чым тытульны апазыцыянэр. Тытульны — вельмі часта беспрацоўны, ці пэнсіянэр, ці чалец нейкага НДА. Словам, антынародны элемэнт, да якога кароннае пытаньне — а дзе ты працуеш, а што ты ўмееш? А Зінін — сьледчы. Сурʼёзная прафэсія.

І хоць ідэалягічна ён як бы і не супраць улады, але фактычна — так, супраць. Пайшоў, дазволу не спытаўшы — значыць супраць. Ну і атрымай па поўнай праграме. Савецкая сыстэма абрынулася не адно з прычыны эканамічных цяжкасьцяў ці пратэстаў інтэлігенцыі, а з-за ўласнага амаразьменьня, з адключэньня мэханізмаў аднаўленьня эліты, са спыненьня «сацыяльных ліфтаў», калі энэргічныя, амбітныя людзі, і пры гэтым нават ляяльныя сыстэме, такія зініны, не маглі прабіцца наверх. У выніку сыстэма была зьнесеная цалкам.

Можа, значэньне сумнай гісторыі магілёўскага сьледчага і ня варта перабольшваць, але прынцыпы функцыянаваньня беларускай уладнай сыстэмы адлюстроўваюцца ў ёй, як у кроплі вады.

Цыганкоў: Ваша апошняя фраза сапраўды вельмі слушная. Такая вось нібыта прыватная дробная гісторыя, але гэта яркая ілюстрацыя цяперашняй палітычнай сыстэмы.

Але такія спадары Зініны не ведаюць, што ў Беларусі нават за Лукашэнку трэба выступаць паводле разнарадкі і строга паводле правілаў

Тут ёсьць элемэнт патэнцыйнай шкоды ад «лібэралізацыі». Менавіта пра такую шкоду, магчыма, вядуцца размовы паміж прыхільнікамі больш жорсткага і больш мяккага падыходаў ва ўладзе, калі яны адстойваюць свае пазыцыі. Бо калі па тэлевізары кажуць, што выбары свабодныя, газэты друкуюць праграмы кандыдатаў, прыяжджаюць міжнародныя палітыкі, назіральнікі, якім беларускія прадстаўнікі ўлады кажуць, як у нас усё будзе дэмакратычна на выбарах, то ёсьць частка людзей, якія ўспрымаюць гэта сапраўды ўсур’ёз, як герой нашага сёньняшняга абмеркаваньня. Пэўная частка народу можа пачаць думаць, што ўсё гэта напраўду.

І таму шкода «лібэралізацыі» ў тым, што ў нейкі момант надта шмат людзей будуць прымаць удзел у палітычнай барацьбе, проста ў палітыцы, без дазволу. Нават калі ён шчыра прызнаецца, што ніякі не апазыцыянэр, а просты прыхільнік улады. Але такія спадары Зініны не ведаюць, што ў Беларусі нават за Лукашэнку трэба выступаць паводле разнарадкі і строга паводле правілаў. Той, хто выступае без дазволу, хто нават праяўляе нейкую актыўнасьць, няхай сабе і праўладную, без «зялёнага сьвятла», фактычна робіцца апазыцыянэрам у вачах улады.

І гэта паказвае характар гэтай палітычнай сыстэмы, для якой не трэба не тое што нейкая актыўнасьць насельніцтва, але любая актыўнасьць павінная быць строга расьпісаная, расплянаваная ў графіках адпаведных структураў. Цікава, як падчас выбарчай кампаніі ў некаторых акругах, асабліва ў рэгіёнах, адбываецца даволі масавае, паколькі закранае не адзін дзясятак людзей, зьняцьце праўладнымі кандыдатамі сваіх кандыдатураў. Яны па тых ці іншых прычынах былі вылучаныя як дублёры асноўных праўладных кандыдатаў.

Калі адбылася рэгістрацыя, калі выбары падыходзяць да канца, калі загадзя ў тых акругах было вядома, хто павінен перамагчы, то гэтыя дублёры дысцыплінавана здымаюцца. І можна толькі ўявіць, што было б, калі б нехта з гэтых дублёраў не зразумеў бы сваю ролю і застаўся бы ў выбарах ці нават паспрабаваў бы выйграць — тое самае, што з героем нашага абмеркаваньня.

Карбалевіч: Мяне ў гэтай гісторыі ня тое што ўразілі, але зьвярнулі маю ўвагу дзьве рэчы. Першая, пра што ўжо казаў Юра — гэта палітычная наіўнасьць гэтага хлопца. Сапраўды, малады, адукаваны чалавек, даслужыўся да званьня капітана, спажывае інфармацыю з розных крыніцаў, мусіць, сябруе зь інтэрнэтам. Але ў выніку ён так і ня ведаў, у якой краіне жыве.

Гэта сапраўды дзіўны фэномэн. Прычым фэномэн ня толькі Паўла Зініна, а цэлага дэпалітызаванага пакаленьня. Грамадзка-палітычныя працэсы для такіх людзей — гэта другасны фон, яны жывуць у сваім прыватным жыцьці. Прычым, ён працаваў не на заводзе, а меў справу з законам, што само па сабе павінна б садзейнічаць палітычнай адукацыі. Вось у яго прагучала фраза: я ж не апазыцыя. То бок, інфармацыя пра тое, што апазыцыю ў краіне ціснуць, у яго была. І гэта ён лічыць нармальным. То бок, зьявілася цэлае пакаленьне людзей, сацыялізацыя якіх адбылася ў лукашэнкаўскай Беларусі, якія жывуць уяўленьням, навязанымі афіцыйнай прапагандай.

Грамадзка-палітычныя працэсы для такіх людзей — гэта другасны фон, яны жывуць у сваім прыватным жыцьці

Другі момант. Гэтая гісторыя паказвае, як дакладна, жорстка і бязьлітасна працуе сыстэма. Атрымалі каманду гнабіць фактычна невінаватага чалавека, і ўсе выконваюць, без спагады, сантымэнтаў, эмоцыяў, чалавечага спачуваньня. Гэта вынік сэлекцыі, кадравага адбору. Сыстэма адбірае бяздумных выканаўцаў. Але, магчыма, міліцэйскія начальнікі не такія ўжо і цынічныя, а яны сапраўды лічаць, што ўсё, што ўмацоўвае лукашэнкаўскую сыстэму — гэта дабро, усе, што адыходзіць ад нормы — гэта зло.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG