22 чэрвеня экспэрты зь Літвы і Беларусі працягваюць у Вільні кансультацыі пра Беларускую АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, паведамляе інфармацыйны партал DELFI.
Сёньня абмяркоўваюцца сэйсьмічныя і геалягічныя пытаньні, а таксама забруджаньне ракі Вільлі-Нерыс і радыелягічная гатоўнасьць.
Першы дзень кансультацыяў паказаў, што экспэрты дзьвюх краін пакуль з цяжкасьцю знаходзяць агульную мову па многіх пытаньнях — кажа дырэктар дэпартамэнту папярэджаньня забруджваньняў Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Літвы Віталіюс Аўгліс:
«Асабліва наконт узьдзеяньня на насельніцтва. Розьніца ў поглядах фіксуецца. Мы лічым няправільным, што будаўнічая пляцоўка абраная ў непасрэднай блізкасьці да нашага найбуйнейшага гораду, нашай сталіцы. Тут павінны быць прадугледжаныя меры бясьпекі на выпадак магчымага інцыдэнту.
Беларускія калегі на гэта глядзяць прасьцей. Маўляў, інцыдэнты былі б не гэтак ужо вялікімі — прыкладна сярэднімі».
Спадар Аўгліс таксама адзначае, што на гэтай кансультацыйнай сустрэчы некаторыя пытаньні наагул цяжка вырашыць, бо будоўля АЭС вельмі прасунулася наперад:
«Яны (беларусы) спрабуюць запэўніць, быццам станцыя будуецца бясьпечнай. Яны спрабуюць абяцаць, што ўсё будзе добра. А мы хочам, каб гэтыя ацэнкі больш улічвалі нашы засьцярогі і магчымыя рызыкі. Іншая праблема заключаецца ў тым, што будаўніцтва не спыняецца. І што яны будуць рабіць, калі МАГАТЭ і міжнародныя місіі скажуць, што нешта трэба мяняць ці прыводзіць у парадак?».
У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Свабодзе паведамілі, што ў сустрэчы зь беларускага боку удзельнічаюць больш за 20 спэцыялістаў. Яны прадстаўляюць розныя міністэрствы і іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіраваньня.
Тут нагадалі, што гэтыя кансультацыі сталі вынікам рэкамэндацый, выказаных Камітэтам па ажыцьцяўленьні Канвэнцыі аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце (Канвэнцыя Эспо) на 35-й сэсіі, якая адбылася ў сакавіку 2016 году.
Пасьля кансультацыяў у Вільні бакі падрыхтуюць сумесную беларуска-літоўскую справаздачу і перададуць яе ў Камітэт. Ужо вядома, што гэтую справаздачу разгледзяць на 36-й сэсіі, якая заплянаваная на верасень 2016 году.