Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці на правільным месцы будуюць Беларускую АЭС


Сяргей Астраўцоў на фоне будоўлі АЭС
Сяргей Астраўцоў на фоне будоўлі АЭС

Цяжка сказаць. Гэтага ня ведае нават гендырэктар МАГАТЭ.

Беларуская АЭС пад Астраўцом будуецца поўным ходам. У начальства цяпер козыр: нас пахваліў сам гендырэктар МАГАТЭ. Наведаўшы Менск і саму будоўлю станцыі, ён усё ацаніў станоўча. Загалоўкі ў СМІ нагадвалі пераможныя рэляцыі ў стылі «Галава МАГАТЭ упэўнены ў бясьпецы Беларускай АЭС, якая будуецца». Калі ўжо першая асоба агенцтва атамнай энэргетыкі сказала, што ўсё ціп-топ, то хто яшчэ можа сумнявацца, якія там літоўцы?

Істотная акалічнасьць. Спачатку не паведамлялася, што Юкія Амана сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак сумненьняў быць не магло: без такой сустрэчы не абыдзецца ніяк. І нібы раптам адбылася сустрэча з прэзыдэнтам, які «запэўніў галаву МАГАТЭ, што бясьпека зьяўляецца галоўным прыярытэтам пры будаўніцтве станцыі». Як бачым: не дзешавізна, аб якой гаварылася раней, гаварылася, зразумела, «для народу». Каб ня думаў, што АЭС ударыць па «народнай кішэні».

МАГАТЭ абяцае ў бліжэйшым часе даслаць сваіх спэцыялістаў, каб навучаць кадры на Беларускай АЭС. Сёньня на станцыі існуе цэнтар, дзе створаны макет залі з пультам кіраваньня рэактарамі
МАГАТЭ абяцае ў бліжэйшым часе даслаць сваіх спэцыялістаў, каб навучаць кадры на Беларускай АЭС. Сёньня на станцыі існуе цэнтар, дзе створаны макет залі з пультам кіраваньня рэактарамі

Істотная акалічнасьць: «Апроч таго, у час размовы беларускі лідэр падкрэсьліў, што ён быў зацікаўлены ў тым, каб Амана асабіста пабываў на будоўлі». Што госьць і зрабіў. Падсумаваўшы вельмі аптымістычна: «Не магу сказаць дакладна, калі прыеду ў Беларусь наступны раз, але думаю, што змагу прыняць удзел у запуску станцыі разам са сваёй сужэніцай». Дадаўшы рыхтык у стылі каўкаскага тосту: «І атрымаць асалоду ад выгляду дзейнай АЭС і цудоўнай беларускай кухні».

Уласна кажучы, зьдзіўляцца, здавалася б, няма чаму. Каб мы будавалі авіязавод ці танкавы і запрасілі кіраўніка сусьветнай арганізацыі вытворцаў, ён бы таксама сказаў журналістам, што нашы самалёты альбо танкі — надзейныя і бясьпечныя. Хіба ня так?

Аднак падстава для зьдзіўленьня, між тым, існуе. Як вядома, Літва патрабуе ня слоў гендырэктара МАГАТЭ, а высноваў экспэртаў гэтай арганізацыі. А гэта розныя рэчы. Што ж, Юкія Амана паведаміў, што да 2018 году «мы правядзем сем дадатковых экспэртных місій». Першай можна чакаць увосень, сказаў ён. Яе задача — «разгляд дзейнасьці нацыянальнага рэгулятара Беларусі ў галіне атамнай энэргетыкі».

Што ж, цудоўна! Але, у прыватнасьці, нашых суседзяў літоўцаў цікавяць больш канкрэтныя і надзвычай важныя пытаньні: наколькі бясьпечнай можа быць новы праект АЭС, якая будуецца пад Астраўцом і чаму канчаткова была абраная менавіта гэтая пляцоўка — у непасрэднай блізкасьці ад сталіцы Літвы?

Юкія Амана даў, можна сказаць, прыблізны адказ, які можа зацікавіць літоўцаў. Ён сказаў, што адна зь місій экспэртаў МАГАТЭ «вывучыць слушнасьць выбару пляцоўкі для атамнай станцыі, якая будуецца». Якая зь місій па ліку, ён не ўдакладніў. Толькі «адзначыў прагрэс краіны ў пляне будаўніцтва АЭС і зьвярнуў увагу, што калі ён быў у краіне некалькі год таму, на пляцоўцы будаўніцтва яшчэ нічога не было».

Проста неверагодна! Калі яшчэ нічога не было, Юкія Амана, выходзіць, не падумаў аб тым, што выбар пляцоўкі неабходна ацаніць экспэртам ягонага агенцтва. І нават цяпер, калі станцыя пабудаваная на 38 адсоткаў, ён не затурбаваўся, тым больш зважаючы, што суседняя Літва патрабуе неадкладна такой ацэнкі. Але такая ацэнка, аказваецца, будзе зроблена некалі, да 2018 году. Калі АЭС будзе пабудаваная больш як напалову, паколькі ў гэтым годзе плянуецца запусьціць першы рэактар з двух. На сёньня вядома, што станцыя будуецца трыццаць месяцаў, палову часу, будоўля павінна быць цалкам закончана за шэсьцьдзесят месяцаў.

Літва, як вядома, патрабуе (да чаго абыякавы беларускі народ) неадкладнага правядзеньня так званых стрэс-тэстаў ацэнкі бясьпекі АЭС пад Астраўцом з улікам зьнешніх чыньнікаў прыроднага або тэхнагеннага характару». Літву ў гэтым падтрымлівае Эўракамісія. Улада РБ абяцае гэта зрабіць да канца 2016 году. Цікавы момант: хто правядзе стрэс-тэсты — вызначыць тэндэр. Нібы выдатна. Аднак заяўкі паступілі толькі дзьве, абедзьве, зразумела, з Расеі: ад кампаніі «Атомпроект» і ад «НИАЭП».

Першая зь іх ажыцьцяўляе праектаваньне аб’ектаў атамнай энэргетыкі, навуковыя дасьледаваньні і распрацоўку новых тэхналёгій. Увага: уваходзіць у склад дзяржаўнай карпарацыі «Росатом». Другая стварае супольную кампанію з «Атомстройэкспортом». А «Атомстройэкспорт», у сваю чаргу, зьяўляецца генпадрадчыкам Беларускай АЭС каля Астраўца…

Градзірня Беларускай АЭС з адлегласьці
Градзірня Беларускай АЭС з адлегласьці

І апошняе. Беларускія СМІ паведамілі, што Юкія Амана «ўпэўнены ў тым, што «у наступных дзесяцігодзьдзях атамныя станцыі пакажуць сябе як самая бясьпечная крыніца электраэнэргіі». Ці чуеце: ня сонечная ці нейкая іншая, а менавіта АЭС! Пасьля Чарнобыля і Фукусімы. Ня ведаю, як для каго, але для мяне такая заява гучыць як мінімум сумнеўна. Экспэрты МАГАТЭ нават ня ведаюць пакуль: ці ў адпаведным месцы будуецца наша АЭС. Аб чым яшчэ можна гаварыць?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG