Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павал папрасіў намесьніцу прэм’ера зруйнаваць закінуты храм у цэнтры Менску


Стан будынкаў па адрасе вул. Вызваленьня, 6 і 6А — аварыйны. Але яны ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам зьвярнуўся ў лісьце да намесьніцы прэм’ер-міністра Натальлі Качанавай з просьбай выключыць будынкі па вул. Вызваленьня, 6 і 6А ў Менску са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і правесьці іх дэмантаж без аднаўленьня. На іх месцы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прапануе збудаваць храм і комплекс адміністрацыйных будынкаў, «вытрыманы ў адзіным стылі зь існай забудовай».

Будынкі ў Ракаўскім прадмесьці, «схаваным» за высоткамі вуліцы Нямігі і праспэкту Пераможцаў, знаходзяцца акурат паміж станцыямі мэтро «Няміга» і «Фрунзэнская», суседнічаюць з амбасадай Італіі, гатэлямі «Вікторыя на Замкавай» і «Губэрнскі». Дамы на вуліцы Вызваленьня і суседніх — або новыя, або з адрэстаўраванымі фасадамі, хоць і суседнічаюць яны са «сталінкамі», «хрушчоўкамі» і звычайнымі панэльнымі дамамі ды шпалернай фабрыкай. Зь іх вокнаў адкрываецца від на новыя хмарачосы на Нямізе.

На тэрыторыі, дзе да XIX стагодзьдзя разьмяшчаўся праваслаўны храм, сёньня стаяць паўразбураныя будынкі, якія не эксплюатаваліся больш за 25 год. Суседні будынак з тымі, якія прапануецца зьнесьці — дом па вул. Вызваленьня, 8, — быў выключаны са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў яшчэ ў 2014 годзе. Як сьцьвярджае мітрапаліт, стан будынкаў 6, 6А і 8 такі, што яны могуць разбурыцца, пагражаючы машынам і пешаходам, у будынкі пранікаюць бамжы і часам дзеці. Такі стан быў засьведчаны яшчэ ў 1998 годзе і з таго часу не палепшыўся.

Каб зьнесьці, самі ж і занядбалі?

Прапанову праваслаўнай царквы ў размове з карэспандэнтам Свабоды называе «парушэньнем усіх прававых канонаў і міжнародных мэтодыкаў» старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які апублікаваў фота ліста на сваёй старонцы ў Facebook:

«Давайце ня будзем тлумачыць, чым яны важныя — давайце будзем строга выконваць літару закону. Гэтыя дамы — культурная спадчына, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Яны знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтру Менску, які сам мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі. У яго межах павінны быць пад аховай гістарычна-пляніровачная структура, будынкі і збудаваньні, ляндшафт, культурны пласт.

Згодна з тэхнічнымі нарматывамі па праектаваньні, павінны безумоўна захоўвацца гісторыка-культурныя каштоўнасьці, павінна аднаўляцца страчаная пляніровачная структура, аднаўляцца шараговая забудова — трэба ці то рабіць яе гістарычную рэканструкцыю, ці то рэнавацыю і новыя архітэктурныя формы, калі няма матэрыялаў».

Будынкі на вуліцы Вызваленьня, 6 і 6А — і праўда ў далёка не найлепшым стане. Ці варта іх наагул рэканструяваць ці кансэрваваць? Астаповіч ня можа даць адказ без прафэсійнай экспэртызы:

«У мяне на руках няма вынікаў тэхнічнай экспэртызы, інжынэрна-тэхнічнага дасьледаваньня. Былі б гэтыя вынікі, былі б гэтыя дасьледаваньні праведзеныя арганізацыяй, якой можна давяраць, можна было б казаць, якім шляхам ісьці. Гэта ці то рэстаўрацыя, ці то аднаўленьне з папярэднім дэмантажом. Але пакуль нічога такога нельга сказаць.

Гэты зямельны ўчастак даўным-даўно адведзены праваслаўнай царкве — і экзархат гадамі нічога не рабіў, каб утрымаць тэхнічны стан гэтых будынкаў. Ён проста зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб гэтыя будынкі дайшлі да адпаведнага тэхнічнага стану, і цяпер, апэлюючы да стану будынкаў, яны просяць вывесьці іх са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Ня новы будынак стане ўпрыгожаньнем гістарычнага цэнтру, а рэгенэрацыя гэтай тэрыторыі згодна з мэтодыкамі і заканадаўствам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG