У Польшчы зьнесеныя савецкія помнікі перанясуць у Чырвоны Бор. Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы мае намер выкарыстоўваць у якасьці музэю пад адкрытым небам для дэмантаваных «помнікаў падзякі» Чырвонай Арміі і СССР мясцовасьць Чырвоны Бор на Падляшшы.
Гэта, на думку аўтара ідэі, кіраўніка ўпраўленьня адукацыі Інстытуту Анджэя Завістоўскага, ідэальнае месца, паведамляе сайт Польскага культурнага цэнтру ў Калінінградзе. Чырвоны Бор — былы ваенны палігон, адкуль пасьля прыходу савецкіх уладаў у 1939 году адпраўляліся цягнікі з палякамі, дэпартаванымі ў Сыбір. Пасьля вайны ў гэтым лесе хаваліся ўдзельнікі антысавецкага падпольля.
Інстытут выбраў гэтае месца, паколькі яно знаходзіцца ўсяго ў 1,5 гадзінах язды ад Варшавы, а зямля належаць дзяржаве.
Інстытут нацыянальнай памяці хоча прымусіць мясцовыя органы ўлады прыбраць помнікі і сымбалі часоў камунізму з вуліц і плошчаў гарадоў Польшчы ды перамясьціць іх у адно месца. Адпаведны праект Інстытут накіруе ў мясцовыя органы ўлады на працягу бліжэйшых тыдняў. Гаворка ідзе пра больш чым 500 «помнікаў падзякі» Савецкаму Саюзу, які вызваліў Польшчу ад нацысцкай акупацыі, пасьля чаго да ўлады краіне прыйшлі сталіністы.
У Беларусі абсалютная большасьць помнікаў савецкага часу засталіся там, дзе яны былі і раней. У Быхаве, Горках, Глыбокім і Слоніме помнікі Леніну были дэмантаваныя з прычыны іх дрэннага стану. У 1992 годзе ў Менску былі дэмантаваныя помнікі Марксу і Леніну каля будынку былога ЦК КПБ (у той час — Вярхоўнага Савета, цяпер — адміністрацыі прэзыдэнта). Яны былі ўсталяваныя там у 1980 годзе, аўтар — скульптар Заір Азгур.
Ва Ўкраіне адбываецца масавы дэмантаж помнікаў Леніну ды іншым савецкім правадырам (помнік Леніну на Хрышчаціку ў Кіеве быў звалены ў дні Майдану ў пачатку 2015 году).
У Літве 111 скульптураў савецкага часу з усёй краіны былі зьвезеныя ў парк Грутас.
У Эстоніі помнікі Леніну ды іншым савецкім лідэрам дэмантаваныя. У 2007 годзе з узгорку Тынісмягі ў цэнтры Таліна была перанесеная на Вайсковыя могілкі скульптура савецкага салдата, што выклікала пратэст часткі рускамоўнага насельніцтва, а таксама рэзкае пагаршэньне расейска-эстонскіх адносінаў; расейская Дзярждума запатрабавала ўвесьці супраць Эстоніі эканамічныя санкцыі, шэраг расейскіх дзяржаўных і прыватных кампаніяў спынілі кантракты з эстонскімі партнэрамі.
У 1991 годзе савецкі танк, які стаяў на пастамэнце ў цэнтры Прагі, быў спачатку перафарбаваны ў ружовы колер, а затым дэмантаваны і перавезены ў ваенна-тэхнічны музэй ў Ляшанах.
У кітайскім горадзе Даляняі ў 1999 годзе помнік савецкаму салдату быў перанесены на расейскія могілкі; улады патлумачылі гэта патрэбамі горадабудаўніцтва.
У Маскве ў жніўні 1991-га, адразу пасьля правалу путчу, быў зьнесены помнік Дзяржынскаму на Лубянскай плошчы. Цяпер ён знаходзіцца ў адным з маскоўскіх паркаў. Тым ня менш, пракуратура Масквы пачала праверку законнасьці зносу помніку. У апошнія гады ў расейскай сталіцы былі адноўленыя некаторыя мэмарыяльныя шыльды на дамах, дзе жылі камуністычныя кіраўнікі СССР – у прыватнасьці, на доме па Кутузаўскім праспэкце, дзе жыў Юры Андропаў.