24 сакавіка адбыўся чарговы штогадовы сход акцыянэраў ААТ «Амкадор».
На сходзе заслухалі даклад генэральнага дырэктара Валерыя Іванковіча, які паведаміў, што сытуацыя на прадпрыемстве жахлівая — вытворчасьць упала ў два разы.
Усяго ў «Амкадора» 2995 акцыянэраў, але на паседжаньні былі толькі 22 — абвестку пра сход далі дробным шрыфтам у газэце «Звязда». Разаслаць запрашэньні па пошце няма сродкаў. Як і некалькі папярэдніх гадоў, на паседжаньне не зьявіўся галоўны акцыянэр «Амкадора» Аляксандар Шакуцін.
Акцыянэр «Амкадора», былы супрацоўнік заводу «Ўдарнік» у складзе холдынгу Юрась Беленькі распавёў пра свае ўражаньні ад сходу акцыянэраў:
«Галоўная прычына падзеньня вытворчасьці — тое, што „Амкадор“ арыентаваны выключна на расейскі рынак, ёмістасьць якога цяпер рэзка сьціснулася — ажно ў тры разы. Цяпер Расея ня можа набываць прадукцыю „Амкадора“ ў ранейшых аб’ёмах.
Катастрофа — тое, што „Амкадор“ практычна ня мае ўласных абаротных сродкаў, і гэта прагучала ў дакладзе дырэктара.
Таксама было сказана пра запазычанасьць перад банкамі. Кошт актываў „Амкадора“ — 2 трыльёны 600 мільярдаў рублёў. А запазычанасьць перад банкамі — 1 трыльён 200 мільярдаў. Прычым крэдытор — гэта расейскі банк. Прадпрыемства ня ў стане аддаваць пазыкі, яно фактычна ў закладзе ў банку. На самой справе пара распачынаць справу аб банкруцтве».
На сходзе акцыянэры задавалі пытаньне, за якія сродкі Аляксандар Шакуцін набыў палову трактарнага заводу ў Пакістане, але адказу так і не прагучала.
Бізнэс-стратэгія „Амкадора“ скіраваная на Расею, краіну, якая знаходзіцца ў стане сыстэмнага крызісу.
«Бізнэс-стратэгія „Амкадора“ скіраваная на Расею, краіну, якая знаходзіцца ў стане сыстэмнага крызісу. Выйсьця з гэтага крызісу не відно, ёмістасьць расейскага рынку сьціскаецца. Прычыны ня толькі ў вайне, якую Расея вядзе на ўсходзе Ўкраіны — таксама ваенныя дзеяньні ў Сырыі, праблемы з Турэччынай. Таму пакідаць яе ў якасьці асноўнага пакупніка — гэта значыць рабіць вялікую памылку», — заявіў у сваім выступе перад акцыянэрамі і кіраўніцтвам «Амкадора» Юры Беленькі.
Дывідэнды акцыянэрам флягмана беларускага машынабудаваньня не выплочваюцца ўжо больш як 10 год. Тлумачаць гэта тым, што сродкі ідуць на разьвіцьцё прадпрыемства і набыцьцё новага абсталяваньня.
«Такое „разьвіцьцё“, што сёньня стан „Амкадора“ проста жахлівы. Няма нават уласных абаротных сродкаў, а прадпрыемства фактычна закладзенае банкам. І пры гэтым „Амкадор“ лічыцца лепшым машынабудаўнічым прадпрыемствам Беларусі. Дык што тады казаць пра горшыя?», — кажа Юры Беленькі.
Ён падкрэсьліў, што прадпрыемства фактычна абакрала сваіх акцыянэраў — тых, хто засноўваў прадпрыемства, укладаў у яго:
«Усяго ў „Амкадора“ больш за 1 мільён акцыяў, кошт адной складае каля 1 мільёна рублёў. Уладальнікам прывілеяваных акцыяў прадпрыемства павінна выплочваць 12% ад кошту акцыяў штогод. Такім чынам, мне, Юрыю Беленькаму, які валодае 34 акцыямі, „Амкадор“ павінен штогод выплочваць 4 мільёны рублёў. Але гэтага няма ўжо больш за дзесяць год. Паводле закону, па прывілеяваных акцыях дывідэнды выплочваюцца незалежна ад таго, ці ёсьць прыбытак у прадпрыемства. Але ў 2006 годзе статус нашых прывілеяваных акцыяў быў зьменены, яны сталі акцыямі простымі імяннымі. Гэта было незаконнае дзеяньне, фактычна махлярства. Каб выправіць яго, незаконнае рашэньне 2006 году трэба адмяніць і выплаціць усім акцыянэрам дывідэнды за ўвесь пэрыяд — з індэксацыяй».
Юры Беленькі кажа, што большасьць акцыянэраў маюць да 100 акцыяў. Але дывідэнды нікому не выплочваюцца.