Прадпрымальнік і актывіст Алесь Макаеў заклікае прадпрымальнікаў і тых, хто падтрымлівае іх у нязгодзе з указам № 222, выходзіць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 15 лютага а 12:00. Пра свой намер наведаць мітынг паведамілі палітыкі.
«Я пляную быць на Плошчы а 12-й гадзіне, для мяне гэта нішто іншае, як салідарнасьць і дэманстрацыя сваіх сымпатыяў да індывідуальных прадпрымальнікаў і да ўлады, — кажа Свабодзе Анатоль Лябедзька. — Я і раней хадзіў калі не па сотнях, то па дзясятках рынкаў, і ў мінулым годзе, і сёлета. Гэта сьведчаньне таго, што мы і індывідуальныя прадпрымальнікі — адной групы крыві. Тое, што адбываецца з ІП, датычыць нас усіх. Пытаньне ня ў тым, ці дапаможа гэты канкрэтны мітынг у рашэньні праблемы.
Калі ня ўсё, то шмат што сёньня залежыць ад кансалідаванасьці дзеяньняў індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта ж ня 5 ці 10 чалавек, гэта дзясяткі тысяч як мінімум, а зь сем’ямі — сотні тысяч людзей. Натуральна, улада цяпер робіць усё, каб падсадзіць іх на шпрыц страху, гэта даўняя мэтадалёгія. Калі атрымаецца ва ўладаў, то — так, усё на гэтым і скончыцца: частка ІП-шнікаў зьедзе з краіны, другая частка пяройдзе ў катэгорыю дармаедаў. Але гэта нічога не дадасьць беларускай уладзе, гэта не ўратуе лёгкую прамысловасьць, гэта не ўратуе эканамічную мадэль — праблемы будуць высьпяваць.
Але ці разумеюць іншыя людзі, іншыя катэгорыі грамадзтва, што праблема ІП-шнікаў — гэта не праблема адной групы насельніцтва? Мы ўсе ў адной лодцы. Куды пойдзе трэнд? Калі пойдзе на тое, што адны грамадзяне будуць дапамагаць іншым, падстаўляць плячо, разумеючы, што краіну завялі ў тупік, то гэта адна сытуацыя. А іншая — калі кожны будзе сам за сябе, казаць „мая хата з краю“. Тады ўлады будуць кантраляваць сытуацыю. Гэта будзе нагадваць ці турму, ці могілкі».
«Іду, — пацьвярджае Свабодзе Мікола Статкевіч. — Па-першае, праблемы прадпрымальнікаў і ўказ № 222 тычацца кожнага грамадзяніна. Не сакрэт, што большасьць насельніцтва, і я тут не выключэньне, купляюць рэчы ў прадпрымальнікаў на рынках ці гандлёвых цэнтрах, бо тое, што прапануецца ў буйных крамах, у некалькі разоў даражэйшае, чым у суседніх краінах.
Гэтая праблема б’е па найменш забясьпечаных пластах насельніцтва. І мы бачым, што ўлады ідуць далей. Забарона ўвозу асабістых рэчаў на суму больш за 300 эўра часьцей як раз на квартал, падатак на пасылкі, даражэйшыя за 22 эўра — усё гэта б’е па дабрабыце ўсяго насельніцтва Беларусі. Мэта сёньняшняй акцыі, на мой погляд, больш шырокая, чым проста абараніць прадпрымальнікаў ад указу № 222. Трэба бараніць беларускае грамадзтва ад спробаў уладаў вырашыць свае эканамічныя праблемы за кошт людзей. Ёсьць маса іншых спосабаў вырашыць іх іншым чынам.
Я не спадзяюся на тое, што акцыя будзе занадта масавай, бо самі прадпрымальнікі расколатыя і ў большасьці сваёй запалоханыя. Яны чакаюць, каб нехта вырашыў іхныя праблемы за іх. Але ж пара падымацца, падымаць свой голас, каб спыніць спробы ўладаў залазіць у нашу кішэню. Я падтрымаў гэтую акцыю, хоць скептычна стаўлюся да таго, як яна арганізаваная. На жаль, час акцыі выбраны няўдала — калі прадпрымальнікі ўсё роўна не працуюць, чаму б не зрабіць гэта ў выходныя ці хаця б увечары? Тым ня менш пара ўжо нешта рабіць».
«Без камэнтароў, — адказвае Свабодзе старшыня грамадзкага аб’яднаньня „Пэрспэктыва“ Анатоль Шумчанка на пытаньне пра ягоны асабісты ўдзел у мітынгу. — Мы не арганізатары гэтай справы, сваю пазыцыю мы заявілі. А пазыцыя людзей якая ёсьць, такая ёсьць. Толькі хочам сказаць уладам, што такой сытуацыі дапускаць нельга. Зьбіраліся на форуме, казалі — давайце вырашаць праблему. Яны аказаліся глухімі да нашых заклікаў. Тое, што сёньня мітынг, гэта вынік працы ўладаў, яны толькі сябе могуць вінаваціць у тым, што людзі ня бачаць іншага выйсьця, акрамя як прыехаць на Плошчу. Давялі народ, гэта крок адчаю. Паглядзім, што будзе.
„Пэрспэктыва“ вядзе перамовы, дзейнічае ў межах прававога поля і выходзіць за іх ня мае намеру. Вядома, у нас ілюзіяў няма, але мы будзем чапляцца за саломінку, пакуль ёсьць магчымасьць вырашыць нешта. Бо любыя канфліктныя сытуацыі вырашаюцца за сталом перамоваў. Сёньняшняя сытуацыя — гэта ж толькі вяршыня айсбэрга, бо вы бачылі, што рабілі ўлады цягам апошніх гадоў. Але мы ўладам казалі: ня хочаце з намі размаўляць, будзеце размаўляць з усім народам.
Заўтра нашы перамовы з урадам працягнуцца, будуць зноў пытаньні ўказу № 222 і прапановы Дзяржстандарту, будуць прадстаўнікі Вярхоўнага суду і калегіі адвакатаў. Мы дагэтуль хочам, каб з прадпрымальнікаў зьнялі адказнасьць за накладныя з Расейскай Фэдэрацыі, каб быў распрацаваны патэнт. Паспрабуем заўтра таксама даведацца, як прымаюцца рашэньні рабочай групы, бо на сёньня мы не зразумелі, у якасьці каго мы там знаходзімся. Калі ў якасьці кансультантаў, што проста паслухалі-сышлі, то мы на такіх умовах працаваць ня будзем. Калі працоўная група прымае рашэньні і выносіць іх у Савет міністраў, то мусім разумець, як яно выносіцца. Калі галасаваньнем — будзем галасаваць».