Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У консульствах Беларусі можна будзе заказаць урачыстую цырымонію рэгістрацыі шлюбу, але за асобную плату


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў пералік дадатковых платных паслуг, зьвязаных з рэгістрацыяй актаў цывільнага стану.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, дакумэнт набудзе юрыдычную моц 1 студзеня 2026 году.

Цяпер у пераліку — 12 паслуг, у тым ліку забесьпячэньне ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі шлюбу ці нараджэньня «ў памяшканьні консульскай установы, а таксама дыпляматычнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у выпадку выкананьня ім консульскіх функцый». Аднак асаблівасьцю гэтай урачыстай цырымоніі будзе немагчымасьць запрасіць госьцяў.

Раней за рэгістрацыю шлюбу або нараджэньня ў консульстве ці амбасадзе грамадзяне Беларусі мусілі плаціць консульскі збор. У той ж час правядзеньне ўрачыстай цырымоніі зьяўляецца не абавязковай умовай рэгістрацыі шлюбу.

У пераліку дадатковых платных паслуг, як і раней, засталося забесьпячэньне ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі шлюбу або нараджэньня ў спэцыяльна абсталяваным пад урачыстасьці памяшканьні ЗАГСу, па-за ім (у тым ліку, у мэдычных установах або калёніях), а таксама паводле індывідуальнага сцэнару.

У 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка забараніў консульствам праводзіць абмен пашпартоў, тэрмін дзеяньня якіх заканчваўся. У той жа час дыпляматычныя прадстаўніцтвы і консульствы захавалі права рэгістраваць акты грамадзянскага стану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG