Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС паведаміў, што раскрыў забойства 9-гадовай дзяўчынкі з 1991 году. У забойстве вінавацяць брата


Фрагмэнт фота са справы, кадр зь відэа МУС
Фрагмэнт фота са справы, кадр зь відэа МУС

У лістападзе 1991 году ў адным з раённых цэнтраў на Гомельшчыне знайшлі цела забітай 9-гадовай дзяўчынкі. Міністэрства ўнутраных справаў цяпер паведаміла ў сваім Тэлеграм-канале, што міліцыя і сьледчыя раскрылі справу.

Паводле МУС, забойца — родны брат загінулай, якому ў той час было 11 гадоў. Цяпер 45-гадовы мужчына, неаднаразова судзімы за крадзяжы, прызнаўся, што за некалькі дзён да забойства выкраў з тэрыторыі школы ровар. Яго сястра гэта бачыла і прыгразіла расказаць бацьку. Вяртаючыся дадому пасьля ўрокаў, ён нібыта паваліў дзяўчынку на зямлю, задушыў, потым аднёс цела ў больш бязьлюднае месца і замаскаваў сухой травой.

Раскрытыя злачынствы мінулага

Апошнім часам беларуская міліцыя стала часта паведамляць пра раскрыцьцё крымінальных спраў, якія даўно заставалдіся неразьвязанымі.

Напрыклад, сёлета ў верасьні міліцыя паведаміла пра раскрыцьцё забойства ў 1995 годзе, калі мянчук забіў былога мужа сваёй жонкі на уліцы Палявой. На месцы здарэньня заўважылі не да канца ўкручаную лямпачку над ліфтам, на якой захаваліся адбіткі пальцаў. Менавіта гэты сьлед праз гады дапамог выйсьці на падазраванага.

Экспэрты выявілі: адбіткі на лямпачцы зьявіліся менавіта ў ноч забойства, што зьняпраўдзіла ранейшыя тлумачэньні падазраванага. Высьветлілася, што 22 сакавіка 1995 году ён падпільнаваў ахвяру каля пад’езду, распыліў у твар газ зь пярцовага балёнчыка, некалькі разоў ударыў малатком па галаве, а потым перарэзаў горла небясьпечнай брытвай. Падазраванаму на момант арышту было ўжо 66 гадоў.

У жніўні сёлета міліцыянты паведамілі, што ў Віцебску раскрытае рэзананснае злачынства 1999 году. Тады двое маладых мужчынаў забілі 37-гадовага валютчыка і ягоную жонку. Злачынцы вынесьлі золата, валюту з кватэры. Праз 25 гадоў следства ўстанавіла забойцаў.

Целы забітых неўзабаве знайшлі мясцовыя жыхары, што прыйшлі абмяняць валюту. Забойцамі былі два мужчыны, якім на момант арышту было 45 і 47 гадоў адпаведна.

А ў красавіку 2024 году сілавікі адсправаздачыліся пра раскрыцьцё забойства аршанца, учыненага ўлетку 1998 году. Праз чвэрць стагодзьдзя ў Воршы затрымалі дваіх з чатырох падазраваных у забойстве маладога, 26-гадовага мужчыны на рацэ ў Сенненскім раёне, пісала orsha.eu. Высьветлілася, што гэта былі разборкі вакол наркотыкаў. Двое іншых мужчынаў, якія бралі ўдзел у забойстве, на момант раскрыцьця справы ўжо памерлі.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG