Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч возьме ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Былы кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Мікола Статкевіч выступіў у сацыяльнай сетцы Фэйсбук з заявай наконт заўтрашняга мітынгу прадпрымальнікаў.

«Лукашэнка апошнім часам панадзіўся, — піша Статкевіч, — усё часьцей лазіць у кішэні да беларусаў. Баючыся за сваю ўладу, ён не праводзіць эканамічных рэформаў, каб кантраляваць людзей па месцы працы на неэфэктыўных дзяржаўных прадпрыемствах. Каб атрымаць падтрымку сваёй неабмежаванай улады з боку Масквы, ён прывязаў Беларусь да расейскай сыравіннай эканомікі».

«Цяпер, — працягвае далей палітык, — калі сусьветная эканоміка і суседнія з намі краіны ЕС дэманструюць устойлівы рост, беларуская эканоміка разам з расійскай абрынулася ў крутое піке сьледам за коштамі на нафту. Лукашэнка не прымае іншага выйсьця з такой сытуацыі, акрамя абрабаваньня простых людзей. Прыдумваюцца ўсё новыя падаткі. Растуць цэны і кошт паслуг ЖКГ. Акрамя таго, кіраўнік беларускага рэжыму вырашыў пазбавіць нас права выбіраць, што нам купляць за ўласныя грошы. Замест танных і якасных тавараў ён хоча прымусіць нас набываць вырабы разваленай ім беларускай лёгкай прамысловасьці».

На думку Мікола Статкевіча, «з гэтай мэтай прыняты указ 222, скіраваны на ліквідацыю дзейнасьці ІП, якія гандлююць танным і якасным замежным таварам. Уводзяцца абмежаваньні на атрыманьне пасылак і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы. Замест скарачэньня дзяржаўных выдаткаў на чыноўнікаў, самы вялікі ў сьвеце штат „праваахоўнікаў“, продажы сваіх раскошных аўто, самалётаў і палацаў ва ўсіх кутках краіны, Лукашэнка забірае грошы ў простых грамадзян. Хоць накапленьняў „сям’і“ ўжо хопіць, каб не выпрошваць ніякіх замежных крэдытаў».

«Калі гэта не спыніць, — робіць выснову Статкевіч, — абрабаванне народа ня спыніцца. А спыніць яго можам толькі мы з вамі».

Заканчвае свой зварот Мікола Статкевіч наступнай заявай:

«Заяўляю пра сваю падтрымку і ўдзел у акцыі, якую ладзяць некаторыя з лідэраў ІП 15 лютага ў 12.00 на Кастрычніцкай плошчы Менску. Заклікаю індывідуальных прадпрымальнікаў узяць удзел у гэтай акцыі. Бо калі вы баіцеся бараніць сваё, то хто гэта зробіць за вас?

Заклікаю ўсіх, хто не жадае быць абрабаваным дзеля ўтрыманьня адным чалавекам улады над краінай, узяць удзел у акцыі 15 лютага.

Жыве Беларусь!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG