Арганістка Вішнеўскага касьцёла Марыя Трапашка чытае мне ўнікальны дакумэнт эпохі. Ананімны ліст ксяндзу Ўладзіславу Чарняўскаму ад «касьцёльных палякаў». У якім аўтары ліста пішуць свайму пробашчу, што яны прыходзяць у касьцёл «маліцца, а ня слухаць розныя байкі». Байкамі аўтары ліста называюць беларускамоўныя казаньні свайго сьвятара. Такія лісты падкідалі ксяндзу рэгулярна. І калі ў сёньняшніх даведніках чытаеш, што Ўладзіслаў Чарняўскі «пасьлядоўна карыстаўся ў пастырстве беларускай мовай», гэтыя нэўтральныя словы і блізка не перадаюць, чаго гэта каштавала сьвятару.
— Было крыўдаў. Яго любілі людзі і падтрымлівалі. Але ж былі такія, хто не любіў і не падтрымліваў. І як мог перашкаджаў. І нават праклінаў тых, хто прыходзіў сьпяваць па-беларуску. Такая іхняя вера была, напэўна.
Дзіцём вучылася па-беларуску ў ксяндза мая наступная суразмоўніца, Ірына Бітэль. Бацька Ірыны быў касьцёльным скарбнікам і ключнікам. Ксяндза Ўладзіслава пані Ірына памятае зь дзяцінства. І памятае, якую рэакцыю ў яго выклікала польская мова ў вуснах парафіянаў.
— Ягоная заслуга, што ён захаваў касьцёл. Ён умеў лявіраваць паміж уладаю і людзьмі. Ён быў разумнейшы за іх. Ён ведаў, куды пакіраваць. Ён так не любіў, калі да яго зьвярталіся па-польску. Прыяжджалі людзі з розных вёсак, з усёй акругі. І думалі, што лепей да ксяндза па-польску. А ён ім — «Маткі сваёй выракаесься!» Здараліся такія сытуацыі, што мой бацька размаўляе зь людзьмі, што прыехалі, па-польску, а ксёндз можа выгнаць і аднаго, і другога. Толькі па-беларуску. З тымі, хто прыяжджаў з Польшчы, ён зь імі па-польску. Калі хто зь Літвы прыяжджаў, ён гергеча зь імі па-літоўску. Але са сваімі... Напэўна, ён разумеў, што веру нельга прасоўваць па-польску. Бо дзеці не зразумеюць. Хадзілі мы па навуку да яго. «Чым чалавек думае?» — «Мазгамі». — «А што такое мазгі?» — «Мяса». — «А задніца што?» — «Мяса». — «Дык, можа, ты задніцай думаеш? Душой чалавек думае».
Тыя прыпавесьці, з дапамогай якіх ксёндз Уладзіслаў тлумачыў сваім прыхаджанам ролю роднай мовы, і сёньня ня страцілі сваёй трапнасьці. Слова Марыі Трапашцы.
Казаў так. «Табе як? Мо лепей у пазычанай кашулі прыйсьці ў касьцёл? Калі ў госьці ідзеш, спадніцу пазычаеш? Ці сваю апранаеш? Свая? А чаму мову чужую ў касьцёле выбіраеш? Яна добрая для польскага народа. Вучыся ў гэтага народа маліцца, песьні складаць. Вунь колькі палякі напрацавалі. І вы так працуйце. Можаш зярнятка, дык зярнятка. Можаш глыбу, дык зрабі больш. Бог скажа: «Я ж табе даў мову. Чаму ж ты яе не берагла?»
Марыя Трапашка піша песьні і на свае словы, і на вершы Чарняўскага. Напярэдадні стогадовага юбілею сьвятара намаганьнямі пані Марыі і з дапамогай мастака Ўладзіміра Крукоўскага выдадзены вялікі сьпеўнік рэлігійных песень «Блаславі нас, Маці». У зборнік увайшлі 235 твораў.
А ініцыятарцы стварэньня музэю Ўладзіслава Чарняўскага, настаўніцы Тэрэзе Бітэль, калі памёр Чарняўскі, было 22 гады. Сёньня яна наноў адкрывае для сябе гэтага чалавека.
Калі прыйшлося зараз вывучаць ягоную спадчыну, то разумееш, што мала мы яго ведалі. Ведалі як сьвятара. Што чалавечны быў, што добры, што дзяцей вельмі любіў. А вось ягоных зносін зь пісьменьнікамі, з мастакамі мы ня ведалі. Толькі цяпер нам адкрываецца, наколькі ён быў знакавай асобай.
Калі для большасьці вішнеўцаў Уладзіслаў Чарняўскі быў дзівакаватым ксяндзом, які не хацеў маліцца польскаму Богу «в ензыку польскім», дык для ўсіх беларускіх нацыяналістаў ксёндз Уладзіслаў быў жывой легендай. Чалавекам зь іншай эпохі. Эпохі друйскіх айцоў-марыянаў. Вось што казаў Уладзіслаў Чарняўскі ў інтэрвію Алесю Бяляцкаму ў 1993-м годзе:
«Я ўжо з Друі быў сьведамым. Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі, усё гэта я перажываў. Таму ня трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасьць».
Успамінае праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Па вайне некалькі чалавек з той старой сьвятарнай гвардыі сьвятарылі па-беларуску. Вярнуўся Віктар Шутовіч зь лягера, які служыў у Барысаве. Але ён памёр. Айцец Уладзіслаў быў маладзейшы. І ягонае сьвятарства не перапынялася такім брутальным чынам. Хоць былі такія пэрыяды, калі яму проста забаранялі служыць. За тое, што ён вучыў дзяцей катэхізму, за тое, што вянчаў і не здаваў гэтую інфармацыю ўпаўнаважанаму па рэлігіі. Яго каралі забаронай служэньня на пэўны час. Тым ня менш ён працягваў сваю місію служэньня і быў рэдкім прадаўжальнікам беларускай сьвятарскай духоўнай традыцыі яшчэ перадваеннага часу. І мы пра гэта ведалі. Маладое пакаленьне нацыянальна арыентаванай беларускай моладзі пра яго ведала. У нас было некалькі асобаў, на якія мы арыентаваліся. Якія несьлі зьніч яшчэ той, несавецкай беларушчыны. Гэта Ларыса Геніюш у Зэльве, гэта Зоська Верас у Вільні і гэта Ўладзіслаў Чарняўскі ў Вішневе.
Чаму савецкія ўлады так баяліся спалучэньня беларускай мовы і малітвы, добра разумееш, калі слухаеш вішнеўку Галіну Бітэль. Савецкай уладзе сапраўды было чаго баяцца.
Я вельмі добра памятаю сваю першую камунію. Мама мне выпісала малітвы польскія кірылічнымі літарамі. І я гэта тэкст ніяк не магла зазубрыць. Я нічога не магла зразумець абсалютна. Я нават не магла гэтыя фразы выбудаваць. Я казала: «Ойча наш ктуры сьест неба сьвеньць». Я гэта адбыла, і ў мяне больш ніякага жаданьня не было заходзіць у касьцёл. Пасьля гэтага я многа гадоў не заходзіла ў касьцёл. Ён мяне не закрануў. Праўда, казаньні ксёндз Чарняўскі вёў на беларускай мове. У казаньні я зразумела ўсё. Я зайшла ў касьцёл пасьля трыццаці гадоў і пачула на хорах беларускія сьпевы. Гэта для мяне было нібы гром сярод яснага неба. Калі імша скончылася і спусьціліся харысты, я гляджу — гэта мая былая настаўніца зь дзеткамі. Пытаю: «Адкуль гэта? Хіба ёсьць беларускія песьні?» — «Ёсьць, Галечка! Прыходзь да нас сьпяваць». І паказвае кніжку «Голас душы». Выпушчаная ў 1926-м годзе. Што мы пра гэта ведалі? Пяцьдзясят беларускіх песень. Якая была напрацоўка! Пра гэта ведаў Чарняўскі, і пра гэта больш ня ведаў ніхто. І тут мне даюць пацеры. Я як прачытала «Ойча наш», у мяне ўражаньне было такое, што быццам перада мной нейкая сьцяна адступіла і адкрыўся далягляд бяз краю. І ў мяне такая крыўда была: чаму мне гэтага не далі раней? Чаму мяне гэтак абдзялілі? І я стала хадзіць у касьцёл. І прывёў мяне Чарняўскі. Каб не было ў маім жыцьці гэтага чалавека, я б не прыйшла ў касьцёл.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі быў ксяндзом Уладзіславам хрышчаны. І нават дапамагаў сьвятару ў раздрукоўцы перакладаў Бібліі, якія рабіў Чарняўскі.
Ён быў чалавек дастаткова даверлівы. Ёсьць людзі, я гэта ўбачыў у калёніі, якія могуць вельмі хутка высьвятляць сваіх суразмоўцаў. «Прасьвечваць». Мне падаецца, у яго была гэтая здольнасьць. Ён мог зь першай хвіліны зразумець, чаго варты чалавек ці наколькі шчыры чалавек, зь якім ён размаўляе. І нам хапіла першай размовы ў ягонай хатцы. Пасьля гадзіны размовы ў мяне было адчуваньне, што ён пра мяне ведаў усё, і я пра яго багата што ведаў таксама. І зьявіўся давер. І мы пайшлі ў касьцёл. І ў касьцёле, прызначыўшы мне хроснымі бацькамі жанчынку, якая прыбірала ў касьцёле, і арганіста, ён мяне ахрысьціў.
Праз тыдзень, у наступную суботу, 23-га студзеня ў вішнеўскім Доме культуры адкрыецца незвычайны музэй. Музэй Уладзіслава Чарняўскага. Музэй вельмі цікавы. Дасьледчыку будзе што паглядзець, да чаго дакрануцца і што пагартаць. Слова Тэрэзе Бітэль.
— У нас ёсьць аўтабіяграфія, напісаная ўласнаручна ксяндзом Чарняўскім. Ёсьць студэнцкая кніжка. Гэта кніжная шафа ягоная. Тут ягоныя пераклады малітваў, рукапісы. Трыццаць адзін сшытак. Як у ксяндза Ўладзіслава на ўсё хапала часу? Хачу яшчэ зьвярнуць вашу ўвагу. Паглядзіце, колькі лістоў. Больш за дзьвесьце. Ёсьць перапіска зь дзядзькам, Францішкам Чарняўскім, які яго накіраваў да марыянаў.
Сёньня ў вішнеўскім касьцёле гучаць беларускія казані, беларускія малітвы, беларускія сьпевы. Як і ва ўсіх касьцёлах Меншчыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны. І нават цяжка ўявіць чалавека, у якога гэта можа выклікаць зьдзіўленьне. Хіба на далёкіх хутарах Гарадзеншчыны такія яшчэ засталіся. А ці была б магчымая такая імклівая беларусізацыі касьцёла, каб не жывы прыклад ксяндза Ўладзіслава? Каб не ягоная праца? Каб не ягоны подзьвіг? Слова Алесю Бяляцкаму.
— Беларусізацыя касьцёла, якая імкліва праходзіла на пачатку 90-х гадоў, вядома, абапіралася вось на гэты падзьвіжніцкі прыклад ксяндза Ўладзіслава. Беларускія камуністычныя ўлады былі не зацікаўленыя ў тым, каб беларуская мова прыйшла ў касьцёл. Зьяўленьне беларускіх ксяндзоў набліжала б веру да людзей. Гэтага ўлады страшна не хацелі. Чаму для іх ксёндз Уладзіслаў уяўляўся двайной пагрозай: ксяндзом-нацыяналістам, які нёс веру на зразумелай роднай мове для рыма-католікаў беларусаў. І калі напрыканцы 80-х гадоў зьявіліся першыя беларускамоўныя службы ў Менску, вядома, прыкладам для ксяндзоў, якія пачыналі тады сьвятарства, для Міхаіла Сапеля, для Ўладзіслава Завальнюка быў Ўладзіслаў Чарняўскі.