Цяпер з матэрыяламі знаёміцца пракуратура, а затым справу перададуць у суд. Паводле сьледчых, віна Ганны Шарэйкі даказаная. Сьледзтва працягвалася амаль паўтара года.
Пра падрабязнасьці лёсу Ганны Шарэйкі, якую ўзялі пад варту ў ліпені 2014 году, апавёў па беларускім тэлебачаньні Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту.
З часу затрыманьня ніякай афіцыйнай інфармацыі пра Ганну Шарэйку не паведамлялася. Апрача таго, што летась на пазачарговай сэсіі Савету Рэспублікі былую сэнатарку пазбавілі недатыкальнасьці, бо сьледчыя органы «знайшлі доказы датычнасьці кіраўніка названага прадпрыемства да зьдзяйсьненьня злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.424 (Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі)» І што, паводле афіцыйнага паведамленьня Генэральнай пракуратуры, «Ганна Шарэйка нанесла віцебскай птушкафабрыцы «Ганна» матэрыяльную шкоду ў асабліва буйным памеры — больш за 4 мільярды рублёў, «у сьціслыя тэрміны збудаваўшы катэдж плошчай 240 квадратных мэтраў і забясьпечыўшы сабе дабрабыт на будучыню».
На час затрыманьня дыхтоўны катэдж у сэктары віцебскай прыватнай забудовы быў толькі ўзьведзены, і суседзі казалі, што арыштаваная дырэктарка «ў ім толкам і не пажыла».
Імя Ганны Шарэйкі стала найменьнем птушкафабрыкі і яе гандлёвага брэнду, пад якім у Віцебску працуюць дзьве кавярні, рэстарацыя ў абласным цэнтры і ўстанова прыдарожнага сэрвісу «Прыазёрны двор у Ганны» каля мястэчка Должа па дарозе зь Віцебску на Гарадок. У розных рэгіёнах Беларусі працуюць фірмовыя крамы прадпрыемства, на якім шырока абмяркоўваўся арышт Ганны Шарэйкі. Работнікі характарызавалі былую дырэктарку вельмі станоўча: гаварылі, што яна з тых кіраўнікоў, якія «душой хварэюць за прадпрыемства». Разам зь ёй былі арыштаваныя яшчэ чацьвёра прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства і двое супрацоўнікаў расейскай кампаніі. Паводле некаторых зьвестак, гэта супрацоўнікі ААТ «Русскам-Р», якое выступае прадстаўніком ААТ «Рыскі камбікормавы завод».
Згодна з вэрсіяй Сьледчага камітэту і Генэральнай пракуратуры, у арыштаванай быў «сябар» — «уласьнік замежнай кампаніі», адносна якой Ганна Шарэйка нібыта «давала незаконныя ўказаньні, каб прызнаць яго пераможцам конкурсу» ў тэндэры на набыцьцё камбікармоў. Беларускія вытворцы кармоў для птушкі таксама зьвярталіся да яе, ды атрымалі адмову. Ня выканаўшы загаду «купляй беларускае», Ганна Шарэйка дапусьціла яшчэ адзін «пралік»: прадпрыемства мела невялікія прыбыткі, бо амаль усе заробленыя сродкі ішлі на пашырэньне вытворчасьці. Усё гэта стала нагодай для праверкі прадпрыемства, якая скончылася арыштамі.
Ганна Шарэйка нарадзілася ў 1960 г. у вёсцы Антопаль Чашніцкага раёну Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут (вэтэрынарны лекар); Усерасейскі навукова-даследчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі, (навуковая заатэхнія). Кандыдат сельскагаспадарчых навук. У яе няма ўласнай сям’і, на бройлерную птушкафабрыку яна ўладкавалася яшчэ ў маладыя гады, працавала апэратарам, тэхнолягам, начальнікам цэху, намесьнікам дырэктара па вытворчасьці. А ў 1998 годзе ўзначаліла птушкафабрыку, якую не аднойчы наведвалі і Аляксандар Лукашэнка, і кіраўніцтва Віцебскай вобласьці, і замежныя госьці, і калегі — з мэтаю пераняць працоўны досьвед, бо «Ганна» лічылася адным з пасьпяховых прадпрыемстваў Віцебшчыны.