Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Перамогі ў вёсцы Кабакі: георгіеўскія стужкі, канцэрт, успаміны вэтэранкі


Карэспандэнт Свабоды ў Дзень Перамогі наведаў вёску Кабакі Бярозаўскага раёну (Берасьцейшчына). Тут, як і ў многіх беларускіх вёсках, адбыўся сьвяточны мітынг.

Больш сотні вяскоўцаў прыйшлі раніцай 9 траўня да помніку загінулым у часе другой усясьветнай вайны жыхароў Кабакоў. У гэтай вёсцы ўжо не засталося вэтэранаў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях. Жывуць тут некалькі вязьняў нямецкіх лягероў, ды сагнаныя на працы ў Нямеччыну.

Перад мітынгам карэспандэнт Свабоды пагутарыў з 88-гадовай Марыяй Скарына, якая юначкай была вывезеная на прымусовыя працы.

“Вызвалілі мяне амэрыканцы”

Прыблізна з 1942 году, падлеткам, Марыя Скарына была на прымусовых працах у Кобрынскім раёне, дзе немцы ладзілі, як яна кажа, “нешта кшталту канцлягеру”. Ёй даводзілася мыць адзеньне, абіраць бульбу, дапамагаць гатаваць ежу для “ўкраінскіх сувязістаў”, якія выязджалі на рамонт камунікацыяў, якія часта абразалі партызаны.

Праз некаторы час Марыю вывезьлі ў Нямеччыну:

“Там, у Нямеччыне, нас ужо разьбіралі, як тых цялят. Мяне ўзяла гаспадыня ва ўзросьце, дом вялікі ў яе быў. Ну і даіла там сем кароў, упраўлялася па гаспадарцы. Мужа яе забралі на фронт, і ён загінуў недзе пад Менскам. Сын, таксама, быў на фронце, я яго не бачыла. Я ў яе працавала два з паловай гады. Вызвалілі мяне амэрыканцы. Яны хадзілі па гэтых дамах, і распытвалі нас, як кармілі, што з намі рабілі. А што я буду гаварыць, калі я ведаю, што ела і хлеб, і малако? Гаспадыня сядала разам са мной есьці, пыталася мяне, ці мая мама такую ежу гатавала… Казала, што калі маіх бацькоў няма, то будзе мне як мама. Абдымала мяне, ды цалавала ў галаву… А калі ўжо ехаць мне дадому, то яна мяне правяла, паклала хлеба ды да хлеба, ручнікі дала, дзьве сукенкі. А да мяне ў гэтай гаспадыні былі дзьве дзяўчыны-гультайкі, і яна іх адправіла, пайшлі недзе траншэі можа капаць.”

Па вяртаньні на радзіму, распавядае Марыя Скарына, органы бясьпекі дапыталі яе, чым яна займалася ў Нямеччыне.

Спадарыня ўсё жыцьцё працавала ў калгасе. Хутка пасьля вайны пабралася шлюбам з аднавяскоўцам. Кажа, муж памёр рана, у 59 гадоў. Трагічна склаўся і лёс яе сына, які быў капітанам савецкай атамнай падводнай лодкі. У часе службы ён атрымаў вялікую дозу радыяцыі, ды памёр ледзь перажыўшы 50 год.

Дачка спадарыні Марыі жыве ў Санкт-Пецярбургу, таму прыязджае да маці нячаста.

У часе размовы з карэспандэнтам Свабоды спадарыню Марыю прыходзілі віншаваць школьнікі, пляменьніца з дачкой. Напрыканцы інтэрвію зайшоў старшыня калгасу, які завёз бабулю на ўрачысты мітынг.

Мітынг: “Знаходзяцца палітыкі, якія хочуць перапісаць гісторыю другой усясьветнай вайны”

Вясковы мітынг ад гуляньняў у вялікіх гарадах адрозьніваецца большай сур’ёзнасьцю, падкрэсьленай афіцыйнасьцю. На дарозе каля помніку загінулым загадзя падрыхтаваныя крэслы, на якія сядаюць некалькі вэтэранаў, прычым, у Кабаках – адныя жанчыны.

Настаўнікі прывялі калёну ўрачыста апранутых школьнікаў з “георгіеўскімі стужкамі” на каўнэрыках, кветкамі ды балёнікамі ў руках. Некаторыя зь дзетак – у чырвона-зялёных піянэрскіх гальштуках.

Прысутныя начальнікі, вясковыя чыноўнікі – без “георгіеўскіх стужак”, з чырвона-зялёнымі.

Усе разам вяскоўцы ўскладаюць кветкі да помніку, дзеці дораць кветкі вэтэранкам, але тыя адразу ж нясуць іх, таксама, да помніку на пахаваньні мясцовых жыхароў.

Выступаюць прысутныя начальнікі. Словы досыць пафасныя, не прамінаюць упікнуць “тых, хто хоча перагледзець урокі вайны”:

“Усё далей у мінулае адыходзяць гады самай крывапралітнай, самай жорсткай вайны. […] Сёньня знаходзяцца палітыкі, якія хочуць перапісаць гісторыю другой усясьветнай вайны, зьменьшыць ролю савецкага народу ў гэтай вялікай перамозе. Але, пакуль жывыя нашыя вэтэраны, пакуль жывая памяць аб іх, гэтага мы не дазволім зрабіць. Памяць патрэбная ня мёртвым, памяць патрэбная жывым. І не таму, што гэта наш сьвяшчэнны доўг, а таму, калі хто забывае аб мінулай вайне, там грымяць ізноў стрэлы, ды гінуць мірныя людзі. Прыклад таму – апошнія падзеі ў нашых суседзяў ва Ўкраіне.”

Пасьля выступаў начальнікаў даюць слова вэтэранам, адбываецца хвіліна маўчаньня аб памерлых, абвяшчаюць аб сканчэньні мітынгу, гучыць дзяржаўны гімн. Пасьля мітынгу яшчэ сьпяваюць дзясятак песень на вайсковую тэматыку, і вяскоўцы разыходзяцца.

Марыя Скарына
Марыя Скарына

Вэтэранка паказвае віншавальныя паштоўкі
Вэтэранка паказвае віншавальныя паштоўкі

Памерлы сын Марыі Скарыны быў капітанам атамнай лодкі
Памерлы сын Марыі Скарыны быў капітанам атамнай лодкі

Марыя Скарына ідзе на мітынг разам з старшынём калгасу
Марыя Скарына ідзе на мітынг разам з старшынём калгасу

Вэтэранаў у Кабаках ужо няшмат
Вэтэранаў у Кабаках ужо няшмат

Дзеці з «георгіеўскімі стужкамі»
Дзеці з «георгіеўскімі стужкамі»

Выступае Марыя Скарына
Выступае Марыя Скарына

Ускладаньне кветак да помнікa
Ускладаньне кветак да помнікa

Ускладаньне кветак да помнікa
Ускладаньне кветак да помнікa

Самадзейны канцэрт
Самадзейны канцэрт

У часе мітынгу
У часе мітынгу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG