Група крымскіх татараў — вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны зьвярнулася да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай аднавіць вяшчаньне адзінага ў сьвеце крымскататарскага тэлеканалу ATR.
У звароце адзначаецца, што з пачатку 1990-х гадоў крымскія татары адраджалі сваю мову, культуру і традыцыі, «у асноўным, не дзякуючы, а насуперак дзяржаве». «Так, амаль 10 гадоў таму былі створаны першыя і адзіныя ў сьвеце тэлеканал ATR і радыё „Мэйдан“, а затым і дзіцячы тэлеканал „Ляле“ на роднай крымскататарскай мове... Гэтыя крымскататарскія СМІ часта і годна распавядалі пра гераізм савецкага народа, які перамог фашызм, аб мужнасьці, подзьвігах, у тым ліку і крымскіх татараў у шэрагах Чырвонай арміі. Дзякуючы тэлесюжэтам і радыёэфіру, прысьвечаным тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны, маладое пакаленьне крымскіх татараў выхоўвалася ў патрыятычным духу», — гаворыцца ў звароце.
Вэтэраны таксама зьвярнулі ўвагу прэзыдэнта РФ на тое, што менавіта тэлеканал ATR ўпершыню арганізаваў і шырока асьвятляў шэсьце вэтэранаў зь ліку крымскіх татараў падчас сьвяткаваньня 69-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Сымфэропалі.
«Вымушанае спыненьне вяшчаньня крымскататарскага СМІ стала для нас, як і для ўсяго крымскататарскага народа, вялікім ударам. Мы ня ведаем, як адказваць нашым унукам і праўнукам на пытаньне, каму маглі перашкодзіць тэлебачаньне і радыё на крымскататарскай мове», — адзначаецца ў звароце.
«Мы ня просім многага. Мы просім Вас, паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, вярнуць нам магчымасьць слухаць і глядзець праграмы на роднай мове, аднавіць вяшчаньне крымскататарскіх нацыянальных тэлеканалаў ATR і «Ляле», радыёстанцыі «Мэйдан», — гаворыцца ў звароце.
1 красавіка 2015 году крымскататарскія тэлеканалы ATR і «Ляле», радыёстанцыі «Мэйдан» і «Лідэр», якія ўваходзяць у склад мэдыяхольдынгу ATR, уладальнікам якога зьяўляецца маскоўскі бізнэсмэн Ленур Ісьлямаў, спынілі сваё вяшчаньне з-за адсутнасьці расейскай ліцэнзіі. Дадзеныя СМІ некалькі разоў падавалі дакумэнты ў «Роскомнадзор», але іх кожны раз вярталі назад па розных прычынах — то неабходныя плацяжы былі пералічаныя на няслушныя рэквізыты, то дакумэнты нібыта былі няправільна завераныя натарыюсам (хоць пазьней высьветлілася, што ўсё было зроблена правільна).
Гендырэктар тэлеканалу Эльзара Ісьлямава паведаміла, што ATR і ўсе астатнія СМІ, якія ўваходзяць у аднайменны мэдыяхольдынг, будуць дамагацца тых «запаветных праўных дакумэнтаў, якія дазволяць ім аднавіць вяшчаньне».