Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мапа, компас і Навумчык, або Вяртаньне ў памяць сваю


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Уладзімір Арлоў піша пра новую кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьверты», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Прэзэнтацыя 23-га сакавіка а 18-й у сядзібе БНФ.

Біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменьнікі» сьведчыць, што першым друкаваным водгукам на мае тэксты была зьмешчаная ў газэце «Віцебскі рабочы» рэцэнзія Сяргея Навумчыка «Вяртаньне ў памяць сваю». Гэта быў нумар за 31 сьнежня 1985 году. Атрымаўся навагодні падарунак, за які я і праз трыццаць гадоў адчуваю ўдзячнасьць аўтару.

Але ўжо даўно я нязьмерна больш удзячны Сяргею за іншае. За тое, што ён з паплечнікамі з Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня зрабіў дзеля зьяўленьня на палітычнай мапе сьвету незалежнай Беларусі. А яшчэ — за ягонае вяртаньне ў сваю ўласную памяць, у выніку чаго найноўшая гісторыя краіны атрымала ў асобе Сяргея Навумчыка ўдумлівага і таленавітага летапісца. Ці трэба казаць, наколькі важна гэта ва ўмовах цяперашняй Беларусі, грамадзянам якой, асабліва, маладзейшым пра тую гісторыю — дзякуючы школьным і ўнівэрсытэцкім падручнікам — не вядома амаль нічога.

Зьяўленьне пасьля «Сямі гадоў Адраджэньня» і «Дзевяноста першага» трэцяй кнігі абяцае ўжо цэлую бібліятэчку, сапраўдная каштоўнасьць якой, магчыма, будзе ацэненая сучасьнікамі не адразу, але — абавязкова будзе.

Ад кнігі да кнігі Сяргеева пяро толькі набывае ўпэўненасьці і вастрыні. Я цудоўна ведаю: ён піша на кампутары, але ня скажаш жа, што робіцца больш упэўненым ягоны кампутар. Як літаратар, што раз-пораз яшчэ старамодна рыпіць пяром і нават карыстаецца атрамантам я не магу пазьбегнуць гэтага тропу. Пагатоў, калі гаворка ідзе пра стварэньне летапіснага зводу.

Аднак у «Дзевяноста чацьвертым» Навумчык паўстае перад чытачом ня толькі і ня столькі аўтарам хронікі падзеяў. Ён — гісторык, аналітык, публіцыст, часам — эсэіст. Ён ведае, што такое архітэктоніка і кампазыцыя.

Як уладальнік дыплёму гісторыка хачу сказаць і пра Сяргея-архівіста. Мне ўяўляецца, што, пакуючы рэчы перад вымушаным разьвітаньнем з Радзімай, Навумчык найкаштоўнейшым багажом лічыў якраз свой архіў. Муза Кліё ацаніла гэта.

Ці трэба казаць, наколькі важна гэта ва ўмовах цяперашняй Беларусі, грамадзянам якой, асабліва, маладзейшым пра тую гісторыю — дзякуючы школьным і ўнівэрсытэцкім падручнікам — не вядома амаль нічога.

Шмат «па доўгу службы» чытаючы, я, бывае — дзеля першаснай ацэнкі — прабягаю вачыма самы пачатак і фінал кнігі, а затым ужо вырашаю, ці выдаткоўваць час на астатняе.

Пераканаўшы сябе, што ніколі анічога пра Навумчыка ня чуў, разгортваю «Дзевяноста чацьверты».

« — Вас Кебіч да тэлефона!» Кандыдат у прэзыдэнты Вячаслаў Кебіч абзвоньвае ўсіх давераных асобаў іншых кандыдатаў, каб паведаміць, што пад Лёзнам зробленая інсцэніроўка спробы забойства кандыдата Лукашэнкі, каб менавіта яго, Кебіча, у гэтым і абвінаваціць.

Зьвяртаюся да апошняй старонкі тэксту: «У дні прэзыдэнцкіх выбараў мая маці пераказала расповед пра наведваньне Кебічам сьвятых месцаў у Жыровіцах. Быццам бы паклаў Вячаслаў Францавіч да абраза Божай Маці ружу, і ружа імгненна счарнела».

Вырашаю, што прачытаць астатнія 300 старонак не зашкодзіць.

У цэнтры «Дзевяноста чацьвертага», натуральна, нашы першыя прэзыдэнцкія выбары, першы і адзіны «карнавал дэмакратыі, які ператварыўся ў хаўтуры». Гэта дае аўтару магчымасьць унікліва і грунтоўна сказаць пра тое, як адбываўся рэванш імпэрыі, калі змаганьне за найвышэйшае дзяржаўнае крэсла зьяўлялася, паводле пазнейшага прызнаньня ўжо згаданага паломніка ў Жыровіцы, мэтаю другаснай... Галоўным заданьнем было не дапусьціць да ўлады нацыянальна-дэмакратычныя сілы і перакрэсьліць эўрапейскую пэрспэктыву разьвіцьця краіны.

Яшчэ адзін моцны бок кнігі — зварот да пакручастай траекторыі лёсу палітыкаў, якія спрыялі прыходу першага прэзыдэнта да ўлады, разьлічваючы заняць ключавыя пасады і элегантна адхіліць ад улады «шэфа», які заявіў, што «гатовы на каленях паўзьці да Расеі». Трагічныя партрэты Дзьмітрыя Булахава, што ў сваім узьлёце імгненна пераадолеў дзесяць прыступак службовай лесьвіцы і Віктара Ганчара, які прызнаўся, што «проста прадаў яму (ня трэба тлумачыць каму) імя» змогуць, магчыма, паслужыць урокам сяму-таму з будучых «гульцоў».

Партрэтная галерэя кнігі, безумоўна, значна даўжэйшая: Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Фядута, Генадзь Карпенка...

Навумчык дасьціпна раскрывае мэханізмы хлусьні і абалваньваньня электарату. Цяпер ужо, відаць, мала хто памятае, як прапаганда запускала чуткі пра тое, што пасьля прыходу да ўлады Народны Фронт зоймецца фізычнай расправай над камуністамі альбо пра тое, што дзеці павінны будуць утрымліваць бацькоў-пэнсыянэраў, усіх жа тых, у каго няма дзяцей, адправяць дажываць свой век у багадзельні.

У памяці чытача застаецца калярытны партрэт цётухны, што агітавала не галасаваць за «мнагажэнца Зэніка Пазьняка». Тым ня менш, «мнагажэнец» сабраў у віцебскім тэатры Якуба Коласа такі аншляг, што сьветлай памяці рэжысэр, а тады па сумяшчальніцтве і дырэктар Валеры Масьлюк баяўся, што разьнясуць сьцены. Дарэчы, на старонках кнігі Павал Севярынец прызнаецца, што якраз тая сустрэча ў тэатры, куды сямнаццацігадовага Паўла прывёў бацька, перавярнула ягонае сьветаўспрыманьне, адкрыла, што такое Беларусь і сталася для яго «ў палітычным сэньсе вызначальнай».

Але для мяне несумненна, што праца гісторыка, які шукае ісьціну, мае сакральны характар.

Кажуць, гісторыя — насуперак вядомаму антычнаму выслоўю — нікога не вучыць. Кажуць, гісторыя — гэта кніга, якую пішуць пераможцы. Напалеон называў гісторыю плоцьцю часу, а ягоны суайчыньнік Жуль Мішле — уваскрашэньнем. Можна знайсьці безьліч іншых азначэньняў і нівонае ня будзе бездакорным.

Але для мяне несумненна, што праца гісторыка, які шукае ісьціну, мае сакральны характар.

Менавіта такім гісторыкам зь лепшых старонак кнігі паўстае аўтар «Дзевяноста чацьвертага».

Таму ўсьлед за «казачнай» прадмовай Аляксандра Лукашука мне таксама хочацца сказаць: за ім, за чалавекам з мапай і памяцьцю, з архівам і компасам, які паказвае ўжо на «Дзевяноста пяты» і «Дзевяноста шосты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG